зь Нью-Ёрку

За патрыятычнай патэтыкай не схаваешся

Вельмі хочацца даць інтэрвію, але ніхто не бярэ, не пытае. Калі й тэлефануюць ды меркаваньня пытаюцца, дык зазвычай вядзецца пра рэчы ня надта істотныя – асабіста табе. Але адказваеш, бо лічыш нейкім сваім “нацыянальна-сьведамым” абавязкам: трэба! Карэспандэнту, справе, Бацькаўшчыне.

 

А я з задавальненьнем пагаварыў бы пра часопісы – “Полымя”, “Маладосьць”, “Крыніцу”, “Нёман”. Мала радасьці, калі меншае выданьняў або калі зьмяняецца іхная арыентацыя, калі чыніцца гвалт. Але чаго дзівіцца? Улада ж тая самая, што й апошнія сем гадоў... І галоўнае: калі б сёньня была нашая ўлада – ці ня трэба было б нешта рабіць з тымі самымі выданьнямі? Бо чытаць у іх насамрэч было мала чаго, яны застылі – сапраўдны неруш. І калі цяпер былы рэдактар “Полымя” сп. Законьнікаў кажа, што здольны стварыць незалежнае выданьне эўрапейскага ўзроўню, думаецца: чаму нельга было зрабіць гэта раней, калі ён ачольваў найстарэйшы ў Беларусі часопіс?!

“Крыніца” пры апошніх рэдактарах вырабілася ў нешта такое, што й рэдактара мяняць не было сэнсу. Выпадковыя аўтары, шамякінская мова. Дзіўнае ўяўленьне аб элітарнасьці, як у працягла-вымучаным опусе пра Юнга, нават хутчэй запісах-выпісах чытача Юнга. Аўтар ківае на тое, што дасьледнікі не разумелі Абдзіраловічавага эсэ, маўляў, там эзатэрычная глыбіня схаваная, але й сам не раскрывае сутнасьцi ды зьместу тае глыбіні.

Адзін са звольненых рэдактараў сказаў неяк, што да эмігрантаў ды іхнай творчасьці стаўленьне адназначнае: друкаваць розных Акулаў ня будуць! А вершы Янкі Юхнаўца надрукавалі толькі таму, што таго зьвезьлі ў Нямеччыну супраць ягонай волі.

Кажуць людзі аб пагрозе для літаратурнага працэсу, якую стварае ліквідацыя тых часопісаў. Але хіба на гэтых выданьнях трымалася нашая літаратура?! Мілыя людцы, не крыўдуйце, але й блізка яно ня так. Будзе жыць Беларусь і бяз гэтых выданьняў! І літаратура – таксама будзе! Застаюцца “Arche”, “Kалосьсе”, “Правінцыя”, “Наша Ніва”, пра існаваньне якіх калі й ведалі палымяна-нёманаўскія аўтары, дык твораў сваіх туды чамусьці ня несьлі. Застаюцца тыя тэксты, кніжкі, кніжыцы, якія міналі часопісныя бачыны й адразу выходзілі ў сьвет асобнымі публікацыямі.

Хацелася б пагаварыць і аб папулярызацыі творчасьці эмігрантаў у Беларусі. Бо абрыдла, што мэтраполія глядзіць на іх як на нейкіх недаробкаў, якіх можна выкарыстоўваць і лічыць тое прыстойным. Чуў па радыё “Свабода” гутарку Валянціны Аксак з укладальніцай кнігазбораўскага тому Натальлі Арсеньневай Лідзіяй Савік, у часе якой згадваўся рукапіс лібрэта “Лясное возера”, якое апошняя нібыта “адшукала”. Але навошта шукаць рукапіс, які даўно й надзейна захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане? Са згаданага лібрэта, як і з другога – “Усяслава Чарадзея” – дзякуючы дапамозе айца Надсана былі зробленыя адбіткі, а пазьней – і публікацыі: “Усяслава” надрукавалі ў “Спадчыне”, а “Возера” – у “Arche”. Але яшчэ раней копіі лібрэта перадалі спн.Савік, якая зьбірала матэрыялы пра Арсеньневу... Шанцуе ж некаторым з “архіўнымі знаходкамі”!

Ёсьць што сказаць і пра апошнюю кнігу Лідзіі Савік, прысьвечаную эміграцыі. Надта красамоўная там бібліяграфія: выключна публікацыі ў друку Рэспублікі Беларусі. Усе эміграцыйныя публікацыі падаюцца ў выглядзе цытатаў – калі са спасылкамі, калі бязь іх і нават без двукосьсяў. Звычайна – у школьным жанры пераказу, рэдка – перастварэньня...

Вось вельмі харошы прыклад на параўнаньне: “Што для Паэта вяртаньне? Прызнаньне? Разуменьне сучасьнікаў, нашчадкаў? Калі Паэт сапраўды вяртаецца? …А можа, вяртаньне пачынаецца пазьней – з захапленьня й зьдзіўленьня першага крытыка?”. (З прадмовы да кнігі Дудзіцкага “Напярэймы жаданьням”, Нью-Ёрк, 1994).

“Правамерна паставіць пытаньне: што азначае для пісьменьніка вяртаньне? Прызнаньне на Бацькаўшчыне чытачамі? Калегамі? Крытыкамі? Спачуваньне лёсу, захапленьне творчасьцю цi зьдзяйсьненьне веры й надзеі саміх эмігрантаў...” (Л.Савік. Пакліканыя. – Менск, 2001).

Прыклад не адзіны. Зрэшты, мо гэта праява беларускага постмадэрну?

Во так пачытаеш, пачухаеш патыліцу: нібыта й трэба штосьці сказаць, але – ведаеш чалавека, і падзяка табе тут на першай старонцы, і вось вагаешся, вагаешся, але некалі надыходзіць канец цярпеньню, канец “партыйнай” трываласьці.

Кніга спн.Савік ёсьць прадуктам абмежаванасьці інфармацыйнай прасторы Беларусі, калі надрукаванае на эміграцыі даходзіць да чытача не ў арыгінале, а вось у такім перасьпеве. Добра тое ці блага? Напэўна, лепш, як нічога, падказвае мне “партыйнасьць”...

Зрэшты, зь пісьменьнікамі яшчэ нішто сабе: калі каторы зь іх зробіць пару правальных кніжак ды публікацыяў, дык на яго і рукой махнуць. Ня так з палітыкамі. Усё чакаеш, верыш: а раптам паразумнее, навучыцца?..

Хто вінаваты – зазвычай не пытаюцца. Бо адказ вядомы: ён, ты, яны, ну, мо яно. Ніхто ня скажа: я, мы.

А вось з пытаньнем “што рабіць” – ёсьць ідэя. На сабе спрабаваў – працуе: зайсьці ў віртуальную Беларусь, на якісь інтэрнэт-форум, дзе табе растлумачаць, што чаго варта, чаго варты ты й твая праца, твае думкі й памкненьні. Там агульныя словы ня пройдуць, там не схаваешся за патрыятычнай патэтыкай, там мала глядзяць на імёны й нават Імёны.

Там ёсьць шанец наблізіцца да рэальнага ўспрыманьня рэчаіснасьці, рэальнага стану рэчаў. Няхай і ў віртуальнай прасторы. Патрэбны для гэтага толькі кампутар.

 

Лявон Юрэвіч, Нью-Ёрк


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0