Увесну 2007 года парафія св. Яна Хрысціцеля, што дзейнічае ў мінскім мікрараёне Серабранка, па рашэнні Мінгарвыканкама атрымала дазвол на пабудову касцёла.

15 чэрвеня на выдзеленай пад будаўніцтва пляцоўцы распачалося рыццё катлавану пад падмуркі касцёла, які мае стаць першым новазбудаваным касцёлам у горадзе з часу рэвалюцыі 1917 г.

Да таго, як на будпляцоўцы з’явілася цяжкая тэхніка, вакол яе была ўсталявана агароджа, перасаджаны дрэвы і зняты верхні слой глебы. На ўсталяванне агароджы было выдаткавана 18 млн. 900 тыс. беларускіх рублёў, а перасадка дрэваў абышлася ў 26 млн. 560 тыс. беларускіх рублёў. Кошт землярыйных работ складае 51 млн. 640 тыс. бел. рублёў і ўжо падпісана дамова на ўстаноўку свайнага поля. Паводле сметы, затраты на выкананне гэтай працы складуць 286 млн. рублёў.

Будаўніцтва святыні адбываецца побач з капліцай, якая была пабудавана ў Серабранцы пяць гадоў таму. Тады, як і цяпер, будаўніцтва вялося пад кіраўніцтвам і намаганнямі пробашча парафіі кс. Ігара Лашука SDB, Серабранкаўскага дэкана. Касцёл — гэта не толькі будынак. Касцёл — гэта перш за ўсё супольнасць вернікаў, якія актыўна моляцца ў інтэнцыі будаўніцтва новай, такой доўгачаканай, святыні, і чым могуць, дапамагаюць.

catholic.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0