Навіны гаспадарскія

 

СЯРЭДНІ ЗАРОБАК у красавіку склаў 100,4 даляра. Сярэдні банкаўскі службовец атрымаў у мінулым месяцы каля 191,7 даляра, страхавы агент — 143,6, навуковец — 119,5, прамысловец — 114, настаўнік — 88,2, культурнік — 78, калгасьнік — 54,5.

ПУЦЁЎКА Ў САНАТОРЫЙ улетку будзе каштаваць ад 300 да 500 тыс. рублёў. Той, хто атрымлівае яе ад дзяржавы, мусіць сплаціць, у залежнасьці ад даходаў, ад 10 да 90% сабекошту (летась было ад 10 да 30%). За сэзон па дзяржаўных пуцёўках адпачнуць 58 тыс. дарослых і 514 тыс. дзяцей.

КАМЭРЦЫЙНЫЯ ЛЕКАВЫЯ ШАПІКІ зьнікнуць зь дзяржаўных больніцаў і паліклінікаў Менску да 1 чэрвеня. Штогод камэрсанты плацілі за арэнду паўмільёна даляраў. А яшчэ Міністэрства аховы здароўя пастанавіла лячыць нявострыя страўнікавыя хваробы ня ў больніцах, а ў хатніх умовах — бо няма грошай.

192 ДЗЯРЖАЎНЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ мае акцыянаваць сёлета ўрад. У сьпіс трапілі менскі “Гарызонт”, “Магілёўтрансмаш”, Берасьцейскі электралямпавы завод, Гомельскі завод электраапаратуры.

РЭЙС ЛАРНАКА—КІШЫНЁЎ—МЕНСК зьявіўся, дзякуючы кіпрскай авіякампаніі “Аэртранс”. Самалёты гэтым маршрутам будуць лётаць двойчы на тыдзень.

ЧЭКАВАЯ ПРЫВАТЫЗАЦЫЯ працягнецца да 2005 г. Адначасова на 17% (да 3,5 тыс. рублёў) пабольшае намінальны кошт аднаго чэку “Маёмасьць”. Дагэтуль грамадзяне Беларусі памянялі на акцыі прадпрыемстваў толькі 64% сваіх чэкаў.

НА 5,2% ПАМЕНШАЎ імпарт беларускіх тавараў у студзені-красавіку ў параўнаньні з такім самым леташнім пэрыядам, а экспарт вырас на 2,2%. Агулам тавараў прадалі на 1696,4 млн. даляраў, а купілі на 1816,5 млн. Станоўчы балянс у гандлі Беларусь мае з Латвіяй, Польшчай, Літвой, Вялікабрытаніяй, Галяндыяй і Кітаем, а адмоўны — з Расеяй, Нямеччынай, Украінай, Італіяй, Францыяй і ЗША.

500 БЕЛАРУСКІХ АЎТОБУСАЎ купіць Масква. Зробяць іх на МАЗе.

СКАСАВАЦЬ ЧАСТКУ ЛЬГОТАЎ на праезд хоча Міністэрства транспарту. Цяпер ільготамі карыстаюцца 65% пасажыраў. Страты ад гэтага летась склалі 50 млн. даляраў.

АСОБНЫЯ ПРАЯЗНЫЯ на мэтро і наземны транспарт увядуць у Менску з 1 ліпеня. Бо камбінаваныя пасьведчаньні многія сямейнікі дзеляць па частках: адзін карыстаецца “папяровым” квітком для аўтобуса, тралейбуса ці трамвая, а другі — плястыкавай карткай для мэтро.

ПАЗАБЮДЖЭТНЫ ФОНД зьявіцца ў Менску. Туды будуць зьбіраць лішкі з гарадзкога бюджэту, даходы ад мясцовых пазыкаў, аўкцыёнаў, выставаў і канцэртаў. Выдаткоўваць “пазабюджэтныя” грошы найперш маюць школам, больніцам і камунальным службам.

ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЬ прадпрыемстваў за электрычнасьць з пачатку году пабольшала на чвэрць. Агулам яна склала 450 млн. даляраў. Збольшага не плацяць калгасы і камунальнікі. Энэргетыкі сёлета адключалі электрычнасьць 21 тыс. прадпрыемстваў — гэта ў 1,7 раза болей, чым за такі самы пэрыяд летась.

С.І.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0