Чэрвень будзе цёплы й сухі

Чэрвень — першы месяц каляндарнага лета. Менавіта каляндарнага, бо біялягічнае надыходзіць яшчэ ў траўні. Таксама, як мы, шосты па ліку месяц году называюць украінцы, а яшчэ — чэхі, толькі зь цьвёрдым “н” на канцы.

22 чэрвеня будзе дзень летняга сонцастаяньня, калі дзень доўжыцца больш за 17 гадзінаў. Але, нягледзячы на доўгія дні і самае высокае сонца, чэрвень — ня самы сьпякотны месяц. Сярэдняя тэмпэратура на тэрыторыі краіны звычайна вагаецца ад +15 да +18 0С. Паказьнікі мінімальнай начной тэмпэратуры складаюць ад +9 да +13 0С, а максымальныя дзённыя (фіксуюцца між 14-й ды 16-й гадзінамі) — ад +20 да +24 0С. На жаль, ня так часта, як хацелася б, надвор’е бывае стабільным. Наступ халоднага антыцыклёну з Арктыкі рэзка зьніжае тэмпэратуру да 0 0С і ніжэй. У асобныя гады бывала нават -3 0С. Такія анамальныя тэмпэратуры бываюць зрэдчас у паўночных раёнах краіны, а замаразкі на глебе (ад -1 да -5 0С) здараюцца амаль штогод на самым поўдні — на Палесьсі. Барбарскае асушэньне балотаў выклікала зьмяненьне клімату і павелічэньне сутачнай амплітуды тэмпэратураў у параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі Беларусі. Таму менавіта тут звычайна назіраліся і самыя высокія дзённыя тэмпэратуры — амаль +36 0С, тады як на Віцебшчыне яна рэдка калі сягае +30 0С.

Год на год не прыпадае. Былі вельмі халодныя чэрвені 1923 і 1928 гадоў і сьпякотныя 1917 і 1964-га, калі, напрыклад, у Менску было амаль +33 0С. Няма аднастайнасьці і з ападкамі. У апошнія дзесяцігодзьдзі на Гомельшчыне й Берасьцейшчыне ня раз бывала, што цэлы чэрвень мінаў бязь людзкага дажджу. А вось узвышшы Гарадзеншчыны часам нагадваюць трапічныя раёны. 6 чэрвеня 1962 г. у некаторых раёнах Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Меншчыны ішоў сьнег, а тэмпэратура паветра раніцай нават у сталіцы была +0,3 0С. Зьява гэтая суправаджалася вельмі моцным буранам і пашкодзіла ўраджаю. Так супала, што менавіта ў гэты дзень было заснаванае Беларускае таварыства аховы прыроды. Дарэчы, 1961—65 гады былі ледзь ня самымі няўдалымі за стагодзьдзе, бо штолета чэрвеньскія й жнівеньскія маразы зьнішчалі ўраджай.

У чэрвені набіраюць моц, квітнеюць каліна, ліпа, бульба, жыта, маліна. У лесе зьяўляюцца суніцы й першыя грыбы.

Паводле народных прыкметаў, сёлета чэрвень мусіць быць цёплым і сухім. Зрэшты, гэта можна яшчэ спраўдзіць.

Калі на Сідара і Пахома (27 і 28 траўня) цёпла — усё лета будзе цёплае.

Калі на Івана доўгага (1 і 2 чэрвеня) дажджы — месяц іх ня будзе.

Калі на Лукаша (16 чэрвеня) дзьме паўночна-заходні вецер — лета будзе мокрае.

Юры Фралоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0