Летнік бязь піва

 

Ад словаў “патрыятычнае выхаваньне” патыхае нафталінам 70—80-х мінулага стагодзьдзя. І ўсё ж арганізацыя “Зялёны дуб” характарызуе сваю дзейнасьць менавіта так. А як іначай скажаш пра цэлы набор мерапрыемстваў — спартовых, экалягічных, гісторыка-культурных?

Сярод іх натуральна выглядае арганізацыя спартова-экалягічнага летніку, які ладзіцца ўжо ня першы год. Пэўны час “насельнікі” летніку дапамагалі й археолягам з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук: бралі ўдзел у раскопках у Глуску, у Гарадку пад Маладэчнам.

Арганізатары кажуць, што яны прымаюць у сваё кола не аматараў лёгкага адпачынку, а тых, хто хоча выпрабаваць сябе ў не зусім звыклых абставінах. Умовы жыцьця – паходныя: раньні пад’ём, гімнастыка, праца, самастойна прыгатаваная ежа, вечаровыя гутаркі каля вогнішча. Мінус ужываньне ўсялякіх алькагольных напояў. Асноўны закон летніку – “Раблю тое, што павінен рабіць”. Парушальнікаў дысцыпліны выпраўляюць дахаты адразу ж. Распарадак летніку сьвядома набліжаны да армейскага. Нездарма сёлета напрыканцы вышкалу мяркуецца “здача нарматываў”, блізкіх да вайсковых.

Уся гэтая “суровая будзённая проза” не замінае “зеленадубаўцам” ладзіць вечарыны бардаўскай песьні ці яшчэ што-кольвечы падобнае. Сканчаецца двухтыднёвая зьмена турыстычным паходам на 2–3 дні альбо ваенна-спартовай гульнёй кшталту “Зарніцы”. Многія з тых, хто трапіў у летнік “Зялёнага дубу”, прыяжджаюць сюды шчэ раз. Тыя ж, хто хоча паспрабаваць свае сілы ўпершыню, могуць перадаваць свае паведамленьні на пэйджэр 289-12-12 для абанэнта 11409.

Л.Белы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0