Калёнка Алеся Бяляцкага

Палітызацыя

Улада палітызуе ўсё, да чаго датыкаецца яе рука. Усё пераўтвараецца ў вялізны няўклюдны гратэск, дзе праўду ўжо цяжка адрозьніць ад абсурду. Ці гэта прыезд расейскага патрыярха Аляксія ІІ, перабываньне якога рэдактар “саўбелкі” трапна назваў днямі “изумительно-милосердного христианского подвижничества в Беларуси Президента А.Лукашенко и Патриарха Алексия ІІ” (зьдзекуецца ён зь іх, ці што?). Ці гэта сьвяткаваньне 9 траўня зь вялізным чырвоным сьцягам над зруйнаванымі каталіцкімі могілкамі ў цэнтры Менску. Ці канчатковае “вылягчаньне” літаратурных часопісаў (не зьдзіўлюся, калі ў хуткім часе там зьявяцца “мастацкія творы” і “паэмы” ў гонар “цела”, ягоныя выступы будуць разьбівацца на цытаты, а само “цела” “створыць” і разьмесьціць сваю “Цаліну”).

Гэтак масава рэдактараў мянялі толькі ў 30-я. Зь імі з часопісаў пасыходзяць і ўсе здольныя супрацоўнікі. Як гэта ні цяжка для беларускіх пісьменьнікаў, але пра “Крыніцу”, “Полымя”, “Маладосьць”, “Нёман”, “ЛіМ”, дзе яны пачыналі, дзе друкаваліся ўсё жыцьцё, трэба забыцца.

Што ж такога было ў тых выданьнях, што наканавала ім такі канец? Усе рэдактары былі даволі асьцярожныя, у часопісах квітнела ўнутраная цэнзура... Але рэдактараў звольнілі ня дзеля іхнай антылукашэнкаўскай пазыцыі, а дзеля іхнай адкрытай беларускасьці. Выданьні тыя былі занадта беларускімі па зьмесьце.

Для большасьці актыўных таленавітых пісьменьнікаў шлях у былыя літаратурныя часопісы зачынены, і таму цэнзуры для іх больш ня будзе! Ні ўнутранай, ані якой яшчэ. Мусяць паўстаць новыя, незалежныя ад улады бесцэнзурныя літаратурныя часопісы. Спачатку безганарарныя, з ахвярнаю бясплатнаю працаю рэдакцыяў, як гэта было ў Заходняй Беларусі ці на эміграцыі. А маральным абавязкам беларускага грамадзтва будзе падтрымаць такія выданьні — прынамсі, набываючы іх. Зь цягам часу ў іх ёсьць усе шанцы зрабіцца самаакупнымі.

Гвалт над літаратурнымі часопісамі можа паспрыяць шчыльнейшаму аб’яднаньню пісьменьнікаў вакол беларускай ідэі, іхнай грамадзкай актыўнасьці, разьняволенасьці ў творчасьці і большаму плёну для ўсёй беларускай літаратуры.

Алесь Бяляцкі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0