Біблія дзядзькі Васіля

 

Пабачыў сьвет поўны пераклад Бібліі, зроблены Васілём Сёмухам. Праца над беларускім тэкстам Бібліі доўжылася 14 гадоў — з 1988-га. Выданьне было дабраслаўлёнае мітрапалітам Мікалаем, першаярархам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, прыходы якой дзейнічаюць пераважна ў асяродках беларускіх эмігрантаў у Эўропе, ЗША і Канадзе. Наклад Кнігі — 10 тыс. асобнікаў. Цэлы год зьбіраліся грошы на выданьне Бібліі. Сам жа працэс падрыхтоўкі да друку і выданьня пачаўся летась у лістападзе і заняў яшчэ паўгоду. Выданьнем Бібліі займаліся дзеці Васіля Сёмухі — дачка Алеся ў ЗША і сын Сяргей у Беларусі. Грошы зьбіраліся ад прыватных асобаў, без удзелу якіх-кольвечы грамадзкіх, дзяржаўных ці рэлігійных арганізацыяў. Аднак, па словах Васіля Сёмухі, рэлігійныя арганізацыі выказалі жаданьне выкупіць частку накладу.

Беларусы аднымі зь першых у Эўропе займелі Сьвятое Пісьмо на ўласнай мове — яшчэ на пачатку XVI ст. Зьяўленьне Скарынавай Бібліі сталася надзвычай важнай падзеяй свайго часу. У нашу эпоху яна ня толькі захавала сваю значнасьць, але й павялічыла: цяпер гэта ня толькі першы пераклад Бібліі па-беларуску, але і моўны, літаратурны, культурны, кнігавыдавецкі помнік.

Але помнік — ён і ёсьць помнік: на яго можна хіба што глядзець. А ў сьвеце, тым часам, Біблія застаецца ня помнікам, а самай папулярнай кнігай. Ранейшыя ж пераклады Бібліі на сучасную беларускую мову не займелі папулярнасьці.

“НН” прапануе чытачам гутарку з Васілём Сёмухам.

 

“НН”: Калі Вы скончылі рабіць пераклад?

В.С.: А ён яшчэ ня скончаны. Я гэтыя чатырнаццаць гадоў дзень пры дні працаваў ня толькі над Бібліяй. Былі і іншыя пераклады — празаічныя, паэтычныя. Найлепей удаецца пераклад, калі адначасова працуеш над некалькімі творамі (і пажадана рознага характару). Адначасова з Новым Запаветам я перакладаў “Так казаў Заратустра” Фрыдрыха Ніцшэ — поўную процілегласьць.

Найбольш часу ў маім жыцьці пайшло на два пераклады — “Фаўст” Гётэ (15 гадоў) і Біблію. У кожным новым выданьні “Фаўста” я раблю праўкі, і, калі будзе новае выданьне Бібліі, там, канечне, таксама будуць праўкі.

“Благадаць” і “мілата”

“НН”: Чаму Вы не спрацаваліся з праваслаўнай Біблійнай камісіяй, разам зь якой пачыналі перакладаць Біблію?

В.С.: У 1988-м Царква меркавала, што трэба павярнуцца да беларушчыны. Уладыка Філарэт сам мне прапанаваў перакладаць Біблію. Я папрасіў, каб Царква дала мне ў дапамогу тэоляга, бо ў тэалёгіі не разьбіраюся. Тады склалі тую камісію, запрасілі ў яе людзей, царкоўных і сьвецкіх. І яны пачалі рэдагаваць мой пераклад з пазыцыяў праваслаўнай царквы: каб было ў ім толькі тое, што й па-расейску, і ні на крок убок. І парадак словаў каб быў той самы, і каб усё дакладна адпавядала сынадальнаму выданьню расейскай Бібліі. Але ж у перакладчыка ёсьць свой стыль, свае законы — чыста перакладчыцкія! Разгарэліся спрэчкі. Скажам, слова “благодать”. Як перакласьці? Па-беларуску “блага” — гэта “вельмі кепска”, па-расейску — наадварот, “вельмі добра”. І калі гэтае пытаньне паставілі на галасаваньне, тут ужо я абурыўся: “Такія рэчы галасаваньнем не вырашаюць!”

“НН”: А які быў Ваш варыянт?

В.С.: Мілата — ад міласьці, любові. Але камісія прагаласавала супраць. Япіскап Пінскі Стафан сказаў мне: “Я разумею, у Вас тут усё правільна, усё адпавядае мове. Але хай будзе лепш “благадаць”.

Ад словазлучэньня “ласка Божая”, якое ўжываюць каталікі, я адмовіўся, бо гістарычна “ласка” ўзыходзіць да аднаго кораня са словам “лісьлівасьць”. Мы з вамі можам лісьлівіць колькі ўлезе, але каб Бог адараў нас лісьлівасьцю — я і ў кашмарным сьне ўявіць не магу. І хоць сёньняшняе значэньне слова не асацыюецца зь лісьлівасьцю, але хто яго ведае, як яно было ў часы, калі пісалася Біблія.

І ёсьць яшчэ адзін выпадак — “милость”, “милосердие”. Тут я ўставіў слова, якое сам прыдумаў (увогуле ў Бібліі ёсьць два-тры такія словы), — мілажаль, мілажальны (маецца на ўвазе і любоў, і шкадаваньне). Я яго ўвёў яшчэ ў выданьні Новага Запавету, але ўжо сустракаю ў прэсе, у творах пісьменьнікаў. У камісіі разгарэліся спрэчкі па словах, якія я лічу прынцыпова важнымі. Я выйшаў з камісіі, спыніў зь ёй супрацоўніцтва. Гэта не перашкодзіла ім выдаць мой пераклад у сваёй рэдакцыі. Па-людзку гэта завецца — украсьці. Я знайшоў сабе іншых дарадцаў у галіне тэалёгіі — першаярарха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы мітрапаліта Мікалая і пратэстанта Юрку Рапецкага. Яны адразу сказалі: “Мы будзем табе паказваць памылкі. А ўлічыш ты іх ці не — твая справа, ты сам адказны за свой пераклад”.

“НН”: А каталікі Вам дапамагалі?

В.С.: Яны мелі свой клопат — рыхтавалі да друку пераклад айца Ўладзіслава Чарняўскага, які ён рабіў шмат гадоў. Яны не маглі кінуць аднаго перакладчыка і падтрымліваць другога. Тым болей што першы, каталіцкі перакладчык — выдатны сьвятар, выдатны чалавек. І колькі я яго завочна ведаў, столькі шанаваў і высока цаніў ягоную працу. Дасьць бог, будзе надрукаваны і ягоны пераклад... Але ў прыватных гутарках каталікі мяне падтрымлівалі і давалі добрыя парады, за што я ім шчыра ўдзячны.

Найбольш супраціўляліся майму перакладу не сьвятары, а людзі сьвецкія. Адзін такі сьвецкі вучоны казаў, што мой пераклад кепскі, бо літаратурны, а трэба, маўляў, багаслоўскі, саборны. А мой нібыта нясе на сабе адбітак майго стылю, маёй індывідуальнасьці. А што ён павінен несьці, як не адбітак індывідуальнасьці перакладчыка? Чаму пераклад не павінен быць літаратурны? Я ж перакладаю літаратуру самага высокага кшталту — Біблію. Біблія складаецца з прозы і паэзіі найлепшых узораў! Узяць “Найвышэйшую песьню Салямонаву” — людзі пакуль не напісалі пра каханьне лепей, чым гэта зрабілі старажытныя габрэі. Высокую літаратуру трэба перакладаць літаратурна. Вялікія прарокі Бібліі — гэта вялікія пісьменьнікі: як яны валодаюць словам, да якіх вобразаў зьвяртаюцца!

Ясна, як у Лютэра

“НН”: Дзядзька Васіль, у Вашым перакладзе біблійныя імёны падаюцца часам уразнабой.

В.С.: Так. Словы, якія трывала ўвайшлі ў культуру, да якіх прывыклі нашыя вушы, я падаваў у звыклым напісаньні. Напрыклад, Вірсавія — яе гісторыя вельмі вядомая, на гэтую тэму напісана мноства карцінаў. А напішыце Бэр-Шэба — хто зразумее? У каталікоў яна вядомая ў форме Бэр-Шэба, там ня ведаюць, хто такая Вірсавія. Але ў нас большасьць ведае менавіта Вірсавію. А імёны кшталту Бэньямін/Вэньямін ці Ян/Іаан я падаваў у першай форме: іх усе і так разумеюць.

Ёсьць і іншыя адыходы — стылёвыя, пунктуацыйныя. Слова “меч”, напрыклад, ва ўскосных склонах я пакідаў у формах “меча”, “мечам”. Не шукайце таксама традыцыйнай акадэмічнай пунктуацыі — у біблійных тэкстах свая лёгіка паўзаў, інтанацыі і, адпаведна, пунктуацыі.

“НН”: На якія пераклады Вы арыентаваліся падчас працы?

В.С.: Перш за ўсё на царкоўнаславянскі варыянт. Але карыстаўся і расейскімі, і нямецкімі, і чэскімі, і польскімі, і ўкраінскімі перакладамі.

“НН”: А старажытнагабрэйскі й старажытнагрэцкі варыянты?

В.С.: Гэтыя мовы цяпер мала хто ведае. Яны даўно мёртвыя — сучаснаму чалавеку недаступны іхны эмацыйны лад: як слова ўжывалася, як яно ўспрымалася. Бо да нас дайшлі слоўнікі, а стылёвага водару словаў няма.

“НН”: Ці карысталіся Вы Скарынавым альбо якімі іншымі беларускімі перакладамі Бібліі?

В.С.: Канечне. І Скарынавым, і іншымі. У Станкевічавым перакладзе я вельмі добра засвойваў, як ня трэба перакладаць высокім стылем. Янка Станкевіч — выдатны філёляг, і ягоная Біблія — крыніца для філялягічнай працы, для натхненьня беларускіх мовазнаўцаў. Але самая ясная Біблія, да якой я зьвяртаўся, калі не разумеў нейкага верша ў іншых перакладах, — гэта Біблія Марціна Лютэра. Я арыентаваўся на ўсе пераклады — і добрыя, і кепскія: нават у самым кепскім можна нешта карыснае для працы знайсьці. Для мяне было самым галоўным зрабіць добры, якасны пераклад, нідзе ні словам не адыходзячы ад арыгіналу.

“НН”: Што Вас не задавальняла ў ранейшых перакладах Бібліі?

В.С.: Іх ня так і многа. Апроч тых, пра каго мы гаварылі, Біблію перакладалі Дзекуць-Малей і Луцкевіч — у іх мяне не задавальняла калькаваньне расейскага сынтаксу. Пра Скарынаў пераклад казаць нельга, бо гэта старабеларуская мова. Часткамі перакладалі Ян Пятроўскі, мітрапаліт Мікалай, Анатоль Клышка, іншыя.

Скарына — недасяжны ідэал

“НН”: Ці адчувалі Вы дапамогу Вышэйшае Сілы ў часе працы зь перакладам?

В.С.: Хто яго ведае. Скажу адно: пакуль перакладаў сам тэкст, аніводнага разу не захварэў, не прастыў. Аніякіх не было перашкодаў.

“НН”: Ці думалі вы, што бераце на сябе вялікую адказнасьць, перакладаючы Біблію?

В.С.: Для перакладу Бібліі патрэбныя тэоляг і філёляг. Я філёляг, таму мне патрэбныя былі кансультацыі па тэалёгіі. А што да перакладу — гэта маё. Пры перакладзе я ня думаў ні пра анёлаў, ні пра арханёлаў — ні пра што, бо галоўнае — знайсьці правільнае слова.

“НН”: Ці адчуваеце сябе пасьлядоўнікам Скарыны?

В.С.: Не адчуваю. Скарына быў унікальнай асобай. Ягоны пераклад — першы пераклад Бібліі, зьдзейсьнены сьвецкім чалавекам, не сьвятаром. У нас Скарына яшчэ недаацэнены. Ён стварыў стрыжань, вакол якога маглі б аб’яднацца беларусы.

Гутарыў
Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0