Канскі фэстываль

Гран-пры ў Акі
Каўрысьмякі

Гран-пры Канскага фэстывалю атрымаў фільм “Чалавек безь мінулага” Акі Каўрысьмякі. Ягоны аўтар, 45-гадовы рэжысэр з Хельсынкі, — нязьменны аўтсайдэр сучаснага кінапрацэсу. Ён не стварае папулярных касавых фільмаў, але мае сваіх адданых прыхільнікаў ва ўсім сьвеце.

 

Каўрысьмякі стварае кіно на мяжы прымітывізму і вытанчанасьці. Беднае кіно, у якім дзейнічаюць бедныя людзі і якое нібыта з галёркі назірае за сучасным знэрваваным сьветам. Ягоныя героі ня фотагенічныя, нават брыдкія, і такія нешматслоўныя, што іхныя рэплікі можна было б замяніць тытрамі (свой папярэдні фільм “Юга” Каўрысьмякі назваў “апошнім нямым фільмам XX стагодзьдзя”). Гэтае “бяззоркавае” кіно стварае сваіх уласных зорак накшталт Каці Оўтынен — ляўрэаткі ўзнагароды за найлепшую жаночую ролю. У “Чалавеку безь мінулага” яна грае Ірму, сумную жанчыну з “Арміі выратаваньня”. Галоўны герой — Чалавек Без Імя — пакахаў яе, трапіўшы ў рэанімацыю пасьля бойкі з вулічнымі бандытамі. Дактары не абяцаюць яму нічога добрага, апаратура сьведчыць пра зьнікненьне пульсу. Але Чалавек з цалкам забінтаванай галавой раптам сядае на ложку, зрывае зь сябе датчыкі і незаўважаны выходзіць з больніцы. Так пачынаецца фільм Каўрысьмякі. Ягоны герой трапляе на задворкі порту, дзе ў іржавых кантэйнэрах жывуць цалкам задаволеныя сабой людзі. Там, вырошчваючы бульбу на градзе, зажыве і ён — у дамку, як у “Сёньняшніх часах” Чапліна, зь відам на вялікі сьвет бізнэсу, банкаў, бюракратыі, галечы, бандытызму. Чаплінаўскі ўплыў вельмі выразны ў гэтым фільме. Чалавек Без Імя, як і героі Чапліна, лішні ў гэтым сьвеце, ён існуе з ласкі іншых. Але за ім — перамога, бо ён выклікае любоў да сябе.

У фільме Каўрысьмякі шмат эвангельскіх алюзіяў, агорнутых налётам лёгкай іроніі: цытатамі з Эвангельля апэруюць як станоўчыя, так і адмоўныя пэрсанажы. Аркестар “Арміі выратаваньня” — яго вакалістку грае фінская эстрадная зорка Анікі Тагці — выконвае песьню “Ісус — мой верны сябар”. Але Чалавеку Без Імя не зусім даспадобы гэты стыль, і ён засноўвае ўласную групу, бо хто перашкаджае славіць Бога пры дапамозе блюзу, рытм-энд-блюзу ды рок-н-ролу?

Канскі посьпех Каўрысьмякі паказвае, які вялікі патэнцыял крыецца ў малабюджэтных “мясцовых” фільмах. І якая вялікая цікавасьць да такога кіно. Тут варта згадаць “Невядомыя ўцехі” 32-гадовага кітайскага рэжысэра Цзянке — фільм, цалкам зьняты на лічбавую камэру, з удзелам непрафэсійных актораў. Дзеяньне адбываецца ў прамысловым раёне Шанхаю. Малады хлопец, матацыкліст, безнадзейна закаханы ў танцорку, якая выступае на вуліцы, рэклямуючы мангольскае віно, — прастытутку, адданую сваёй працы і свайму босу. Доўгімі, статычнымі плянамі-наездамі, ірваным рытмам удалося перадаць стан неспакою, балючы дысананс паміж парываньнямі, якія абудзіла ў маладых кітайцах лібэралізацыя ды пашырэньне амэрыканскай мас-культуры, і адсутнасьцю матэрыяльных пэрспэктыў, галечай, пры якой адзінай кар’ерай для хлопца з правінцыі можа стаць вайсковая служба.

С.П.


 

Здымаць па-таджыцку

Сярод малых кінэматаграфічных краінаў сёлета ў Канах на сябе ўвагу зьвярнулі таджыкі. Прычым заслужана, а ня проста як удзельнікі антытэрарыстычнай кааліцыі.

 

Рэжысэр Джамшэд Усмонаў прадставіў там свой новы фільм “Анёл правага пляча” (“Farishtay Kitfi Rost”) у сэкцыі “Пэўны погляд” афіцыйнае праграмы. Гэта першы ўдзел Усмонава ў канскай праграме ў якасьці рэжысэра. Летась ён прыяжджаў на la Croisette ў якасьці актора. Ён зьняўся ў фільме казаха Дарэжана Армібаева “Дарога (“Jol”), які паказвалі ў той самай сэкцыі.

Усмонаву 36 год. Скончыўшы рэжысэрскія курсы ў Маскве і душанбінскі тэатральна-мастацкі, ён пачаў з працы манцёрам, прадусарам, акторам і сцэнарыстам. Толькі пасьля гэтага ён адважыўся здымаць. Здымае па-таджыцку. Два ягоныя папярэднія фільмы зваліся “Палёт пчалы” (1998) і “Крыніца” (2000).

Летась Усмонаў выйграў спэцыяльную прэмію Résidence du Festival de Cannes для маладых рэжысэраў, што здымаюць свой першы ці другі поўнамэтражны фільм. Яна дала яму магчымасьць год пражыць і папрацаваць у Канах.

“Анёл правага пляча” — гэта гісторыя таджыка, які вяртаецца дамоў у родную вёску пасьля разгульнага жыцьця ў Расеі і турмы. Такіх фільмаў не паказваюць у Беларусі, аднак яны вартыя таго, каб іх здымаць і глядзець.

Філ

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0