фэстываль “Каралеўскай бітвы”

Быкаў для падлеткаў

“Ты калі-небудзь забіваў свайго найлепшага сябра?” — рэклямны плякат з такім пытаньнем “Студыя ХХІ”, арганізатарка паказу, пабаялася вывесіць у Менску.

 

“Каралеўская бітва” — гэта ўжо другая карціна, паказаная ў межах “Фэстывалю аднаго фільму” (першай была “Італьянская мова для пачаткоўцаў”). Адзін дзень у адным кінатэатры паказваецца добрая карціна, якая ня будзе купленая нашым пракатам. “Італьянская для пачаткоўцаў” улагодзіла й супакоіла палахлівых чыноўнікаў. “Каралеўская бітва” сталася разьлічаным ударам.

Па сюжэце карціны, каб умацаваць дух нацыі і запалохаць упартых дзяцей, японскія ўлады распрацавалі адмысловую гульню. Штогод абіраецца выпускная кляса й закідаецца на бязьлюдную выспу. Пасьля 72 гадзінаў у жывых мае права застацца толькі адзін — дзеля гэтага дзяцей узбройваюць: каму аўтамат, каму нунчакі, а каму накрыўка ад каструлі.

Уцячы нельга, бо на шыі радыёкіраваныя ашыйнікі з выбухоўкаю, а вакол спэцназ. Выжыць удваіх таксама нельга, бо калі застануцца двое альбо гульня зацягнецца хоць на хвілю — ашыйнікі выбухаюць. Падрывае неслухаў школьны настаўнік. Кожны стаіць перад выбарам. Хто сам робіць сабе сьмерць, хто яднаецца з астатнімі ў камуны й чакае, а хто й адчувае асалоду ад забойстваў і вызваленьня ад маралі.

Юныя хакеры спрабуюць разбурыць сыстэму, але гэта немагчыма, бо ты нават бунтуеш па яе правілах.

“Мы заклікаем да міру… Ай-яй-яй! Гэта была нядобрая ідэя — заклікаць да міру, — камэнтуе настаўнік (яго грае Такешы Кітана), — такім чынам, забітыя яшчэ дзьве дзяўчынкі…”

Пасьля кожнага забітага зьяўляецца надпіс: “Засталося 34, засталося 33”, што разам з камэдыйнай гульнёю Кітана выклікае пераход жаху ў нэрвовы сьмех. У “Каралеўскай бітве” выкарыстоўваюцца традыцыі мангі — анімацыйных фільмаў-коміксаў з імгненным разгортваньнем сюжэту.

У экстрэмальных умовах нараджаецца каханьне паміж Нанахара й Нарыко. Гэтыя двое ды яшчэ іхны сябар вырашылі выжыць і захаваць чалавечую годнасьць. Перамагчы сыстэму можна, калі гуляць не па ейных правілах. “Бяжы!” — заклікае фільм.

“Каралеўская бітва” — 60-ы фільм рэжысэра Кінджы Фукасаку, вядомага ў Японіі бунтарскімі й наватарскімі гангстэрскімі фільмамі й арыгінальнай карцінаю “Чорная яшчарка”.

“Каралеўская бітва” была забароненая для пракату ў ЗША. У Японіі раман, па якім быў пастаўлены фільм, спарадзіў дыскусію ў парлямэнце, а японскія чыноўнікі далі карціне самы жорсткі ўзроставы цэнз, які толькі магчымы ў іхнай краіне (з 15-ці гадоў).

Кінджы Фукасаку, раззлаваны гэтым, рэзка заявіў: “Чым больш гвалту, тым лепш. Палітыкі, якія ўсчынаюць шум, папросту анізваньня не разумеюць у кіно”, — і заклікаў падлеткаў выявіць кемлівасьць і трапіць-такі ў кінатэатры.

У часе абмеркаваньня фільму беларускі рэжысэр Сяргей Шульга параўнаў яго з “Сотнікавым” Быкава. І сапраўды, калі перавесьці ягоныя творы ў падлеткавы фармат, атрымаецца “Каралеўская бітва”. А рэжысэрка Алена Трафіменка лічыць карціну сьветлай, аптымістычнай і некамэрцыйнай. Пра якую камэрцыю можна казаць, калі 70-гадовы рэжысэр спавядаецца перад Богам? А што да жахаў, дык беларускае “Ідзі й глядзі” — нашмат страшнейшы фільм. А камэрцыйнае й амаральнае скарыстаньне гвалту — гэта, хутчэй, “Тытанік” зь ягоным сьвядомым выцісканьнем сьлёзак, калі сядзіш і думаеш: “Каб яны ўжо патанулі хутчэй!”

Андрэй Расінскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0