Кнігі

 

Кніжныя бэстсэлеры вясны

Альбом “Беларусь у малюнках Напалеона Орды” і кніга паэзіі Ніла Гілевіча “Родныя дзеці” з сэрыі “Народная бібліятэка” ўзначальваюць сьпіс беларускіх бэстсэлераў вясны

Пакуль мы ня маем выбару нацыянальных каналаў тэлевізіі, няма выбару зь вялікай колькасьці беларускамоўных газэтаў. Мы глядзім аднолькавыя тэлеканалы, чытаем адны й тыя самыя пэрыёдыкі. Адзінае, з чаго можам выбіраць, — кнігі.

Што чытаюць сёньня беларусы — прадстаўнікі “generation P”, аматары “ARCHE”, і сівагаловыя аксакалы, звыклыя да “ЛіМу” ды “Полымя”? Якая літаратура карыстаецца найбольшым попытам? У пошуках адказу на гэтае пытаньне я накіраваўся ў менскія кнігарні. Абышоўшы “Акадэмкнігу”, “Кнігарню пісьменьніка”, “Падпісныя выданьні”, “Цэнтральную”, даведаўся ад прадаўцоў, што попыт на беларускую кнігу трымаецца досыць высокі. Беларускія выданьні, у адрозьненьне ад расейскіх, кнігарні замаўляюць не па 5—10 асобнікаў, а сотнямі. І адно толькі наракаюць на брак добрых беларускіх дзіцячых кніжак зь якаснай паліграфіяй.

Сьпіс беларускіх бэстсэлераў, складзены на аснове апытаньня ў кнігарнях, на сёньняшні дзень выглядае гэтак:

“Голад” на гістарычную літаратуру, абуджаны пры канцы 80-х — пачатку 90-х мінулага стагодзьдзя, дагэтуль не натолены. А дамінаваньне гістарычных твораў Караткевіча і Арлова ў сьпісе мастацкай літаратуры яскрава сьведчыць: пошукі гістарычнай інфармацыі не абмяжоўваюцца толькі навуковымі выданьнямі. Аднак у сёлетнім рэйтынгу ёсьць і значныя адрозьненьні ад сьпісаў, якія “НН” складала ў сярэдзіне 90-х. Два альбомныя выданьні (“Беларусь у малюнках Напалеона Орды” і “Каталіцкія храмы на Беларусі”) зазначылі, што ў Беларусі склаўся трывалы попыт на “рэпрэзэнтацыйныя” выданьні — якасныя кнігі з прыгожымі ілюстрацыямі, якія можна падарыць гасьцям. “Беларусь у малюнках Напалеона Орды” займае першае месца па продажы наагул ва ўсім сьпісе бэстсэлераў. Патлумачыць гэта можна “двайным ударам” — “альбомным” характарам выданьня ў спалучэньні зь ягонай гістарычнай скіраванасьцю.

Магчыма, скласьці канкурэнцыю беларускай гістарычнай літаратуры маглі б “несур’ёзныя” жанры: дэтэктыў, фэнтэзі, навуковая фантастыка. Аднак такую літаратуру не выдаюць ані дзяржаўныя, ані прыватныя выдавецтвы. Чаму? Няўжо беларускія літаратары ня пішуць фантастыкі ці дэтэктываў па-беларуску? Ці беларускія выдаўцы лічаць такія праекты беспэрспэктыўнымі?

Кнігавыдавец Уладзімер Адамчык кажа, што выданьне беларускай фантастыкі — пытаньне нават ня заўтрашняга, а пазаўтрашняга дня: “Сёньня вельмі востра стаіць пытаньне ратаваньня беларускай мовы. Ня думаю, што выданьне беларускіх дэтэктываў ці фантастыкі ў гэтым моцна дапаможа. Наагул, бэлетрыстыка ў агульнай колькасьці кніжак у сьвеце налічвае недзе каля 7%, адукацыйная літаратура (для школаў, садкоў, унівэрсытэтаў) — каля 30%, вялікі попыт у сьвеце таксама на даведачную і дзіцячую літаратуру”…

А пакуль параўнацца ў папулярнасьці зь беларускай гістарычнай прозай могуць хіба творы з школьнага курсу беларускай літаратуры. Пра гэта сьведчыць трывалы попыт на паэмы Ніла Гілевіча, “Выбранае” Васіля Быкава, што выйшла ў сэрыі “Школьная бібліятэка”. Знайшлося ў сьпісе бэстсэлераў месца і аўтару “Вянка”, як сьведчаньне таго, што беларусы ўсё яшчэ нацыя паэтаў.

 

Адам Воршыч

 

Брама Палесься

Гістарычная брама. 2002. № 1—2.

 

Матэматыка і гісторыя — гэтае спалучэньне пры дасьледаваньні мінуўшчыны можа даць непрадказальныя вынікі. Часам нават геніяльныя па сваёй матэматычнай дакладнасьці. Прыгадайма працы Мікалая Беражкова па храналёгіі летапісаньня, што дазволіла дакладна датаваць падзеі XI—XIII ст., ці распачатае амэрыканцамі матэматычнае мадэляваньне дэмаграфічных працэсаў мінулага і старажытных сыстэмаў сваяцтва. У Беларусі таксама ёсьць матэматык-гісторык Аляксандар Ільін, які рэдагуе часопіс “Гістарычная брама”, прысьвечаны збольшага Палесьсю. У апошнім нумары “Брамы” багата ягоных тэкстаў, і ўсе на найважнейшыя тэмы: “Паходжаньне Русі — новая канцэпцыя”, “Дзе шукаць Белую, Чорную і Чырвоную Русь?”, “Руская ідэя ў Вялікім княстве Літоўскім” і інш. На вока трапляецца фраза: “У канцы XVI стагодзьдзя ўжо ў ВКЛ паэт-арыянін Андрэй Рымша напісаў на замову канцлера Лява Сапегі Радзівілаўскі летапіс”…

Другая палова нумару — тэматычная падборка матэрыялаў пра вёску Спорава і рэгіён вакол Спораўскага возера. Краязнаўчыя, этнаграфічныя і лінгвістычныя нататкі, зьвесткі пра спораўскіх паноў Шырмаў з дадаткам архіўных матэрыялаў — нешта накшталт энцыкляпэдыі адной вёскі. Маецца і рэпартаж са Спораўскага фэстывалю народнага гумару.

Яшчэ цікавыя матэрыялы — пераклады Хведара Клімчука на гаворку вёскі Сіманавічы Дарагічынскага раёну сусьветнай клясыкі (Гамэр, Леў Талстой, Гогаль). Матэрыялы пра русалак, грыфонаў і аднарогаў, пэўна, зьвернуць на сябе ўвагу шырокага кола аматараў міталёгіі і геральдыкі. Ёсьць у зборніку лісты ў “Нашу Ніву” пачатку ХХ ст. са Спорава, Зьдзітава, Горадні, біяграфія (дакладней, архіўны службовы фармуляр) украінскага пісьменьніка ХІХ ст. Алексы Старажэнкі, які некаторы час быў маршалкам Берасьцейскага павету. Маюцца папярэднія зьвесткі пра загадкавага пінскага летапісца Мітрафана, які быццам пісаў не на пэргамэне, як усе нармальныя летапісцы, а на дошчачках. Заклік рэдакцыі спраўдзіць інфармацыю пра Мітрафана, “пасеяную” гісторыкамі ХІХ ст., сапраўды гучыць актуальна. Прыгадайма, што знакамітая “Вялесава кніга” таксама быццам была напісаная на дошчачках. Аднак ніхто з адэптаў “Вялесавай кнігі” дасюль не зьвярнуў увагі на нашага Мітрафана. Тое, што польскі храніст Вінцэнт Кадлубак не пісаў пра яго, — дакладна. А вось наконт Мацея Стрыйкоўскага — невядома. Трэба яго перачытаць.

Выглядае, што “Гістарычная брама” на гэты момант — самы зьмястоўны і цікавы краязнаўчы часопіс у Беларусі, калі браць ягоную менавіта краязнаўчую частку. Дарма што прыватны і з накладам магічнай лічбай “299”.

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0