Чайкі над апэльсынавымі дахамі

 

Паралёнавы сьнег

Лічыцца, што зімка ў Тулёне доўжыцца ад 21 сьнежня да 21 сакавіка. Аднак мае беларускія вочы гэтай пары году на поўдні Францыі не заўважылі. Ім падалося, што тутака восень проста ператвараецца ў вясну. У сьнежні яшчэ танчаць у сьвежасьці блакітнага паветра мёртвыя лісты, што кладуцца на зьмеявістыя ходнікі й раз-пораз незадаволена бурчаць пад цяжарам чалавечых ботаў. У студзені лістоў менее, але дзе-нідзе іх можна сустрэць. У лютым пачынаюць квітнець мімозы. Жоўтыя гронкі ўсьміхаюцца ветлай вышыні нябёсаў, а водар салодка казыча цікаўныя насы.

Калі на Каляды сьнегу няма, яго трэба стварыць. Летась хвойкі, прывезеныя зь лесу, абсыпалі штучным паралёнавым сьнегам і ўсталявалі на пляцы Волі побач з маўклівымі пальмамі. Так і маўчалі яны разам сярод тлуму і агеньчыкаў людзкога сьвята. Дзівосным было тое непрацяглае суседзтва.

Сёлета на Дзень Волі ў Тулёне распусьціўся бэз.

Bonjour!

У Францыі прынята здароўкацца з гандляркамі, кіроўцамі аўтобусаў, нават з выпадковымі мінакамі. Незнаёмыя людзі шмат разоў на дзень кажуць адно аднаму “Bonjour!”. Я часта купляю хрумсткія багеты ў краме ля самай хаты, сядаю ў аўтобус прыблізна ў адзін і той самы час. Я ведаю гандлярку, чорнавалосую кабету ў акулярах, і ейную дарослую дачку, што часам дапамагае маці; я ведаю кіроўцу аўтобуса. Любімыя бананы і яблыкі на найбліжэйшым кірмашы я купляю ў адных і тых самых гандляроў. Кола знаёмстваў, звычнасьці ахутвае шалем утульнасьці.

Фантаны

Іх, безумоўна, ня так шмат, як у Рыме. І не такія яны вялікія. Інакш не зьмясьціліся б у цесных скрыжаваньнях вузкіх вулак. Сьціплыя, негаваркія, з струменямі пітной вады. Ніхто ня корміць іх манэткамі, загадваючы жаданьні... Люблю размову фантанаў пад шэпт дажджу.

Сьвята віна

У цэнтры гораду зрэдчас ладзяцца сьвяточныя імпрэзы, прысьвечаныя то шанаваньню віна, то сустрэчы вясны — няцяжка знайсьці прычыну для сумеснага гумору. Падчас Гелоўіну ля будынкаў лёталі прыгожыя вядзьмаркі ў даўганосых чорных капелюшах і спакойна прагульваліся пад позіркам поўні крыважэрныя сьмешныя вампірыкі. Некалькі напаўголых жанглёраў асьвятлялі твары зачараваных разявакаў агнявымі кеглямі.

Сьвята віна доўжылася тры дні. Задаволены Вакх павольна рухаўся ля фантанаў і крамаў вярхом на агромністай бочцы, усім шчыра пасьміхаючыся. Ягоныя шанавальнікі маршавалі ззаду пад несуцішны грукат бубнаў. Ішоў дождж з рознакаляровых кавалкаў паперы, што блыталіся ў валасах усьмешлівых мінакоў. Па-дзіцячы радасна, па-дзіцячы прыемна пабыць удзельнікам нечаканага сьвята і “змокнуць” пад дажджом з канфэці.

Чайкі на ліхтарах

На схіленых галовах мядова-шкляных ліхтароў застылі постаці белакрылых чаек. Сьпярша здаецца, што гэта нежывыя цацкі, якія ўпрыгожваюць інтэр’ер гораду. Але час ад часу нейкая зь іх раптам прачынаецца і пачынае ўздымацца ў ціхую сонечную вышыню. Думкамі ты разам зь ёй дакранаешся да бязважкіх абрысаў валацужных аблокаў. Уначы гэтыя птушкі трывожна ўскрыкваюць і вяртаюць твой човен з мора мрояў да ўзьбярэжжа рэчаіснасьці. Ты сьпіш у горадзе, дзе жывуць чайкі.

Мода на палосы

Па Тулёне сноўдае мноства паласатых людзей. Адны апранаюць паласатыя майкі, іншыя — паласатыя нагавіцы ці спадніцы. Кабеты, мужчыны, дзеці, старыя і г.д. Нават я сталася крыху паласатай, калі ў Дзень народзінаў атрымала ў падарунак белую блюзку ў крэмавую палоску.

Аслэма!

“Аслэма” па-арабску — прывітаньне. На поўдні Францыі гаворку імігрантаў з Тунісу, Альжыру часам чуваць часьцей за францускую. На мэдаглядзе для атрыманьня дазволу на знаходжаньне ў Францыі я была адзінай эўрапейкай. Яшчэ было колькі мурынаў, пара вузкавокіх карэйцаў і некалькі былых жыхароў паўночнай Афрыкі.

Сны мора

У моры, як нідзе, шмат сноў. Яны хаваюцца ў глыбіні і ў далёка-недасяжнай лініі, за якой патанаюць прывіды неба. Хвалі сьпяшаюцца зрушыць камяні, ператвараюцца ў белую пену… Большасьць прыгожых сноў таксама стаецца пенай… Я назіраю, я ўдыхаю, я не хачу падымацца і некуды ісьці. Я хачу яшчэ трошкі паблукаць па няўрымсьлівых хвалях.

Гвазьдзікі вучацца плаваць

Да халоднай вады наблізіліся тры кабеты і два мужчыны, падарылі мору некалькі ружовых і чырвоных гвазьдзікоў, пастаялі пару хвілінаў, назіраючы, як тыя павольна аддаляліся ад берага, і сышлі…

Захад і звон

Халоднае памаранчавае сонца сьпяшаецца патануць і сагрэцца ва ўраўнаважанасьці Міжземнамор’я. Неба ледзь стрымліваецца ад рогату: яго казычуць сотні неспакойных птушанятак. Чуецца нізкі голас звона, што таксама сьпявае вечаровую калыханку.

Падаўжэньне агнёў

Вечаровы марскі вецер гладзіць аголеныя рукі і ногі. Срэбна-жоўтыя агні дамоў падаўжаюцца ў цемры вады. Караблі і чаўны сьцішыліся ў чаканьні заўтрашняга змаганьня з хвалямі. За столікамі прыбярэжных кавярняў запальваюць сьвечкі.

Імжа і зэфір

Чакаючы аўтобус на бязьлюдным прыпынку ў імжыстым сутоньні гораду, згадваю смак сьвежага зэфіру ў чакалядзе... што растае ў роце…

З гары Фарон

Учора ўзьлезла на гару Фарон паглядзець панараму Тулёну і ваколіцаў. Зусім нерухомае мора ня дыхала і не шалясьцела. Здавалася, што яно зробленае з гліны і камянёў, а карабель патрапіў у каменную пастку. На дахах асела пенка лёгкага ружовага туману. Я на краі скалы. За некалькі сантымэтраў ад мяне сканчалася зямля, не было больш нічога. Усяго адзін невялічкі крок. Неасьцярожны ці наадварот — крок, што вымалёўваўся ў адзіноце думак. І ўсё. Найпрыгажэйшы краявід унізе застанецца нязьменным, каменным, маўклівым. Пад промнямі сонца, што важаць на воблачных шалях дабро і зло стомленага дня.

Мне халодна стаяць ля краю, за якім пачынаецца чалавечае нішто.

Кракадзіл і браты-францішканцы

Пайшоў дождж, ён прыглушыў колеры. Мне ўспамінаецца вандроўка на гару Маўраў. Спачатку я думала, што гэта гара Памерлых, бо па-француску маўры адрозьніваюцца ад нябожчыкаў толькі ступеньню закрытасьці аднаго галоснага гуку і гучаць падобна. Адпаведна, я ўяўляла сабе лысую гару, дзе блукаюць неспакойныя душы і дзе ўначы яны матэрыялізуюцца ў белыя высокія здані. На самай вяршыні мы зайшлі ў бедна аздобленую малельню. Два шэрагі драўляных лавак, статуэтка Марыі, пара мыліц на сьценах і… доўгі кракадзіл, падвешаны да столі. Узьнікала ўражаньне, што ён ляцеў у напрамку Божай Маці. Сьпявалі браты-францішканцы ў фіялетавых сутанах з капелюшамі. Жывуць тут упяцёх (ня лічачы кракадзіла) ужо некалькі месяцаў. Штодня моляцца, штодня слухаюць вецер, спрабуюць дакрануцца да аблокаў, абдымаюць шырокі далягляд. Цяпер гэта іхны куточак уцёкаў ад сумятні — раней ён належаў маўрам.

Ля крамы “LaFayette”

Раней я яго сустракала часьцей. Ля ўваходу ў пад’езд ці ля крамы “LaFayette”. У яго — сьветлыя валасы, дастаткова доўгія, каб зь іх сплесьці дзіцячыя коскі. У сабакі сьветлая поўсьць, маленькія вушкі і стомлены позірк. Часам хлопец жанглюе чырвонымі яблыкамі, а калі яблыкаў няма, летуценна сядзіць на голым ходніку.

Ля кнігарні “Карл Вялікі”

Бачыла я яго ўсяго аднойчы. Вырашыла зайсьці ў кнігарню “Charlemagne”, каб набыць пару ручак для іспытаў (у Францыі за 2 гадзіны трэба сьпісаць 6—7 доўгіх аркушаў). Уваход засьціў чалавек у касьцюме блазна, з румянамі на шчоках, чырвоным носам і… літровай бутэлькай фанты на галаве, крышачку адпітай. Ён варочаўся ўправа і ўлева, углядаючыся ў вочы мітусьлівых гараджанаў, паказваў сваю раскрытую далонь і, калі лініі лёсу не прыкрываліся халоднымі манэткамі, пытаўся: “Pourquoi?” (Чаму?)

У канцы тунэлю

Увечары ў панядзелкі я хаджу ў кансэрваторыю на ўрокі арфы са сваёй маленькай сяброўкай Салямэяй. Адзіная дарога — праз вузкі тунэль пад чыгункай, у канцы якога высіцца худая постаць жабрака. Прыхіленая да сьцяны. З працягнутай рукой, што чакае грошай (раней — франкаў, цяпер — “эўрыкаў”). З вачыма, у якіх няма пошукаў спачуваньня, толькі адчай. Калі да яго набліжаешся, ён вітаецца, кажа: “Bonjour, Madame”, просіць (хутчэй, патрабуе) манэтак (petites piéces). Калі ты не спыняешся, праходзіш міма, ён крычыць усьлед лаянку, паўхвіліны ці болей — увесь час, што ты ў полі ягонага зроку. Калі хочаш навучыцца францускай лаянцы, прыходзь у Тулёнскі тунэль. Спачатку мы думалі, што гонар чуць непрыемныя словы маем толькі мы. Прыдумлялі розныя пляны помсты: у Салямэі была ідэя намаляваць на паперы 10 франкаў і даць жабраку. Мы напісалі доўгі аркуш выразаў і словаў, якія жадалі б яму сказаць... Пасьля высьветлілася, што іншых мінакоў худы спадар таксама не абыходзіць сваёй увагай. Цяпер два разы на тыдзень мы ідзём на спатканьне ў вузкі тунэль. Салямэя, як заўжды, з роварам, я — з самакатам. Калі жабрака няма на “працоўным месцы”, мы хвалюемся, ці не захварэў ён. Мо сьпіць, мо бегае па крамах — кожная з нас па-свойму тлумачыць ягоную адсутнасьць.

Горад сабак

Быць сабакам у Тулёне лепей, чым у Менску. Тут сонейка, цеплыня; побач мора, у хвалях якога можна выкупацца. І самае галоўнае — тут ёсьць ахвотныя цябе прытуліць. Праўда, яны мараць апрануць на цябе ашыйнік, што непрыемна абмяжуе тваю свабоду. Аднак ня трэба выць аб страчанай волі: наўзамен ты накормлены, маеш людзкі дах над галавой, нарэшце, ты — гараджанін. Выгульваючы французаў у суботу-нядзельку, табе дазволена пэцкаць якія хочаш ходнікі! (За што табе вельмі ўдзячныя прыбіральнікі, бо яны заўжды маюць працу.) Чыстыя ходнікі выклікаюць у маленькіх дзетак зьдзіўленьне: яны шырока расплюшчваюць вочкі, шукаючы тое, што звыкліся бачыць. Так што bienvenu ў Тулён!

Старыя мадам

Іх шмат. Яны добра апранутыя, невысокія і ня дужа гаваркія. Многія кіруюць аўтамабілямі і далучаюцца да адзіноты, што пануе ў аўтамабільных чэргах. Іншыя аддаюць перавагу беласкурым аўтобусам, і апоўдні іх заўжды болей, чым увечары. Лавак ля высокіх жылых будынкаў тут не існуе, таму старыя зьбіраюцца папляткарыць за столікамі ўзьбярэжных кавярняў, паважна папіваючы каву зь сініх кубачкаў.

Краявід трохкутнікаў

Пад брукаванкай гарачых аблокаў трапечуць трохкутнікі заспаных ветразяў.

Сяджу з вудай, чакаючы галоднай рыбы. Спадзяюся, аднойчы яна прыплыве. Не праз хвіліну, дык праз гадзіну. Мо ўвогуле ня сёньня. Але мне прыемна чакаць у нязьменлівым краявідзе трохкутнікаў. Праз шкло вады ўзіраюся ў маленькія чародкі, што мітусяцца ля самага берагу. Зрэдку чую крыкі: гіганцкія чайкі любуюцца сваёй прыгажосьцю ў люстры сьцішанага мора.

Сабор і бялізна

Кожная рэч патрабуе пэўнай прасторы і пэўнага асяродку. У Тулёне прасторы не стае, і неспалучальныя рэчы часам суседзяць. Насупраць катэдральнага сабору зіхацяць вітрыны з жаночай бялізнай. Сама катэдра — у вязьніцы чарапічнагаловых худых будынкаў.

Горад

Тулён… Горад белых караблёў і партовых кавярняў; ружовага сонца, што сьпяшаецца заснуць за гарбатай лысай гарой пад сьпеў марской калыханкі халоднымі зялёна-белымі хвалямі. Горад вайсковых маракоў, прыстанак паўночнаафрыканскіх імігрантаў і выпадковых турыстаў, як я. Горад, дзе над апэльсынавымі чарапічнымі дахамі гучыць заўжды ўраўнаважаны голас мора.

Вольга Колас


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0