апытаньне “НН”
Рыбакова — у адстаўку?
Беларусь — адна з 11 краінаў (Вануату, Кіргізія, Латвія, Малдова, Науру, Салямонавы астравы, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан, Філіпіны), якая не купіла правоў на трансьляцыю мундыялю. Белтэлерадыёкампанія спадзявалася вырашыць гэтую праблему ў звыклы спосаб: “скрасьці карцінку” на якім расейскім канале. Думалі, што расейцы ня знойдуць тэхнічных магчымасьцяў перакрыць сыгнал. А расейцы мажлівасьць адшукалі.
Ва ўсім сьвеце гучныя скандалы такога кшталту выклікаюць адстаўку вінаватага. У гэтым выпадку няўзброеным вокам можна ўбачыць віну кіраўніцтва Беларускага тэлебачаньня. Пытаньне “НН”: ці мусіць кіраўнік тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў пайсьці ў адстаўку?
Уладзімер Парфяновіч, вясьляр, трохразовы алімпійскі чэмпіён, дэпутат палаты прадстаўнікоў: Чаму толькі Рыбакоў? Нашая краіна стала горшай за Гандурас: нават пры камуністах футбол глядзелі.
Уладзімер Кавалёнак, касманаўт: Паколькі беларускай зборнай на чэмпіянаце няма, дык, магчыма, кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі зрабіла і правільна: паказ чэмпіянату — дарагое задавальненьне. Нават у Савецкім Саюзе паказвалі ня ўсе эўрапейскія чэмпіянаты… Лепей на гэтыя грошы пабудаваць яшчэ адзін дом.
Алесь Ліпай, дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН: Калі ён футбольны заўзятар — то павінен, калі не — то не.
Генадзь Бураўкін, паэт: Рыбакоў павінен пайсьці ў адстаўку не з-за чэмпіянату, а з-за таго, што зрабіў тэлебачаньне нецікавым, эпігонскім. Я лічу, што скандал вакол чэмпіянату — адна з праяваў непрафэсіяналізму і пагарды да гледачоў. Яны не глядзяць, што людзям трэба, а што не. Глядзяць толькі на начальства.
Юры Беленькі, намесьнік старшыні КХП-БНФ, заўзяты футбаліст: Пры чым тут выканаўца чужой волі? У дзяржаве створаная сыстэма ўлады, калі старшыня тэлерадыёкампаніі, як і іншыя чыноўнікі, выконвае чужыя загады. Яны не распараджаюцца грашыма і не вызначаюць прыярытэтаў.
Віталь Скалабан, гісторык: Ня думаю, што Рыбакоў мусіць сысьці ў адстаўку, хоць ён і ня спраўдзіў надзеяў нашых заўзятараў.
Андрэй Саньнікаў, каардынатар Хартыі’97: Так. Разам з Лукашэнкам.
Аляксандар Старыкевіч, галоўны рэдактар прафсаюзнай газэты “Беларускі час”: Ня бачу падставаў для адстаўкі Рыбакова. Хіба ў нас адбываюцца нейкія масавыя акцыі пратэсту? Пара соцень чалавек — мала для двухмільённага гораду. Грамадзтва ўспрыняло ўсё спакойна.
Дзяніс Носаў, тэлерэжысэр: Лепш бы ён даўно сышоў у адстаўку, бо ўся дзейнасьць Рыбакова на пасадзе кіраўніка тэлерадыёкампаніі вельмі непрафэсійная.
Васіль Шлындзікаў, Аб’яднаная грамадзянская партыя: Каб Рыбакоў пайшоў у адстаўку сам, гэта было б шчыра. Але гэта ня ў стылі сёньняшняга чынавенства.
Апытваў Адам Воршыч