Футбол, валейбол, анабол...

Гісторыя ўжываньня анаболікаў пачалася ў 1954 г., калі алімпійскія цяжкаатлеты пачалі прымаць дыянабол. У 70—80-х ужываньне анаболікаў у асяродзьдзі спартоўцаў набыло значныя памеры. Апытаньне ў амэрыканскіх унівэрсытэтах у 1970 г. паказала, што 15% студэнтаў-спартоўцаў ужываюць анаболікі. У 1984-м гэтая лічба сягнула 20%. А годам раней 19 прафэсійных спартоўцаў былі дыскваліфікаваныя за ўжываньне стэроідаў.

З 1967 г. пры Міжнародным алімпійскім камітэце існуе мэдычная камісія, што распрацавала правілы антыдопінгавага кантролю. На Алімпіядзе-68 у Мэхіка яго праводзілі выбарачна, а з Алімпіяды-72 у Мюнхене допінг-кантроль стаўся абавязковым для пераможцаў.

Выяўленьне допінгу пагражае спартоўцу суворымі карамі: злавіўшы на забароненых сродкахпершы раз, яго дыскваліфікуюць на 2 гады, другі — пажыцьцёва. Калі спартовец ужываў сымпатамімэтыкі (эфэдрын і вытворныя ад яго), першая дыскваліфікацыя — на 6 месяцаў, другая — на 2 гады, трэцяя — пажыцьцёва. Пры гэтым пакараньне таксама тычыцца трэнэра і доктара, які назіраў за спартоўцам.

Ужываньне допінгу з мэтай дасягненьня высокіх спартовых вынікаў караецца ў судовым парадку ў Бэльгіі, Францыі, Італіі.

Беларускае заканадаўства ставіцца да допінгу больш паблажліва. Нашыя спартоўцы неаднойчы не маглі прайсьці допінг-кантроль на міжнародных спаборніцтвах. На ўжываньні забароненых прэпаратаў папаліся былі штангісты (усёй камандай), лёгкаатлеты Натальля Салагуб, Эвэліна Зьверава, Тацяна Шэўчык, Сяргей Алай, Натальля Касьцючэнка, вясьляркі Натальля Лаўрыненка і Натальля Стасюк, футбаліст Валянцін Бялькевіч, хакеіст Руслан Салей. На Алімпійскіх гульнях 2000 г. у Сыднэі быў дыскваліфікаваны кідальнік молата Вадзім Дзевятоўскі. Летась з роварнай гонкі “Тур дэ Франс” была зьнятая чэмпіёнка сьвету Зінаіда Стагурская.

Сёлетнія скандалы з шорт-трэкавічкай Юліяй Паўловіч і хакеістам Васілём Панковым у Солт-Лэйк-Сыты, бадай што, не былі апошнімі ў гэтым шэрагу. У Беларусі набыць стэроіды — не праблема. Польскі часопіс “Dlaczego” (№38 за красавік) зазначае, што менавіта зь Беларусі ў Польшчу йдзе вялікая колькасьць стэроідаў, якія прадаюцца ў нашых суседзяў нелегальна. Ад ужываньня “падпольных” стэроідаў там ужо загінулі некалькі чалавек...


Каб спраўдзіць гэтыя зьвесткі й наагул абмеркаваць “забруджанасьць” беларускага спорту допінгам, карэспандэнт “НН” спаткаўся з спэцыялістам. Доктар дзённага аддзяленьня Рэспубліканскага цэнтру спартовай мэдыцыны Андрэй Філімонаў лічыць, што ўласна беларускіх стэроідаў быць ня можа:

— Для вытворчасьці такіх прэпаратаў патрэбная добра разьвітая фармакалёгія, якой у Беларусі папросту няма. Таму яны маюць альбо амэрыканскае, альбо гішпанскае, альбо якое-небудзь яшчэ замежнае паходжаньне. Наагул, фармакалягічны бізнэс у сьвеце ідзе на другім месцы па прыбытковасьці пасьля гандлю алькаголем, таму тут існуе значная канкурэнцыя.

“НН”: Ці адпавядаюць праўдзе зьвесткі, нібы ў спорце засталіся толькі дзьве галіны, “чыстыя” ад допінгу, — жаночы хакей на траве і фігурнае катаньне?

А.Ф.: Сёньня спорт — спаборніцтва высокіх хімічных тэхналёгіяў. І, вядома, тут ніхто ня дбае пра здароўе спартоўца. Ёсьць нават такое крайняе меркаваньне, якое гучала на адным з паседжаньняў Міжнароднага алімпійскага камітэту: допінг трэба дазволіць, бо, маўляў, допінг-кантроль і меры, накіраваныя на барацьбу з допінгам, шкодзяць здароўю значна больш, чым прэпараты. Здароўе спартоўцаў, маўляў, палепшыцца, бо яны ня будуць шукаць шляхі, каб абысьці допінг-кантроль, ня будуць апрабоўваць на сабе нейкія новыя прэпараты.

Але паколькі заходнія краіны маюць больш разьвітую індустрыю, больш дасканалыя тэхналёгіі, ім выгадна захоўваць допінг-кантроль, каб “адсякаць” іншых спартоўцаў — з краінаў менш разьвітых у сэнсе хімічных тэхналёгіяў. Скандал зь беларускімі спартоўцамі на зімовай Алімпіядзе ўзьнік неяк дзіўна. І фірма, якая вырабляла гэтыя прэпараты, і прадстаўнік, які пастаўляў іх сюды, даўно працуюць з намі. На якім этапе адбылася падмена рэчываў на тыя, што ўтрымліваюць допінг, — сказаць цяжка. Я ня думаю, што гэтая акцыя была скіраваная супраць беларускай алімпійскай каманды: мы не былі сур’ёзнай пагрозай на Алімпіядзе. Хутчэй, акцыя была скіраваная супраць фірмы-вытворцы. Бо існуе сур’ёзная барацьба на рынку збыту фармакалягічнай прадукцыі.

“НН”: А наколькі наагул магчымы спорт бяз допінгу?

А.Ф.: Такі спорт ёсьць. Ёсьць людзі вельмі адораныя — яны паказваюць вынікі, на парадак вышэйшыя за іншых. Іншая рэч, што спорт — гэта ня толькі прэстыж краіны, але і магчымасьць для спартоўцаў зарабіць грошы. Вядома, зьяўляецца спакуса. І таму існуе неабходнасьць тлумачыць, як допінг шкодзіць чалавечаму здароўю. Шкодзіць, дарэчы, можа і простае няведаньне складнікаў ужываных прэпаратаў. Спартоўцы, якія паказваюць высокія вынікі і прэтэндуюць на ўзнагароды, павінны кансультавацца наконт усіх лекаў, якія ім выпісваюць дактары. Бо які-небудзь складнік, атаясамлены з допінгавай дабаўкай, можа ўтрымлівацца ў леках, выпісаных, напрыклад, андролягам ці нават тэрапэўтам.

Гутарыў Адам Воршыч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0