Важна паказаць, што маем варыянты

Удзел расейскіх інвэстараў у прыватызацыі нафтахіміі можа нашкодзіць эканоміцы Беларусі. Цалкам магчымы варыянт, калі расейскі капітал у нас будзе паводзіць сябе па завядзёнцы: “купіць, прадаць і зьбегчы”. Такую думку выказаў міністар маёмасных пераўтварэньняў Польшчы ў 1991—93 г. Януш Левандоўскі падчас зладжанага ў сядзібе БНФ “круглага стала” па прыватызацыі.

 

З пары тысячаў афіцыйна прыватызаваных на сёньня прадпрыемстваў дзяржава цалкам аддала новым уласьнікам толькі 80, а яшчэ 120-ці не пашкадавала кантрольнага пакету акцыяў. Астатнія па-ранейшаму кантралюе ўрад. Ня менш адметным падаецца шлях прыватызацыі па-беларуску, калі прадпрыемствы аддавалі працоўным калектывам. Гэткі крок ня мог выклікаць адмоўнай рэакцыі ў грамадзтве, але стаўся цалкам неэфэктыўным з эканамічнага гледзішча. Фінансавы стан абсалютнай бальшыні прадпрыемстваў, што былі прыватызаваныя “бяз грошай” і адначасова страцілі дзяржаўную пратэкцыю, значна пагоршыўся.

Цяперака аб “грашовай” прыватызацыі кажуць уголас. Без уліцьця капіталаў прадпрыемствы з выпрацаваным на 85—90% патэнцыялам неўзабаве ператворацца ў мэталалом. Бяда толькі, што пройдзе прыватызацыя без айчыннага бізнэсу, бо беларусы ня маюць столькі грошай. Сёй-той нават падлічыў, што калі прадаваць нафтахімічныя прадпрыемствы па рэальных коштах, дык у краіне застанецца 5—7% іх акцыяў.

Ці варта баяцца прышэсьця ў нафтахімію буйнога інвэстара з замежжа? Януш Левандоўскі цьвердзіць, што само па сабе пагадненьне са стратэгічным інвэстарам не нясе нейкай небясьпекі. Адно каб такі інвэстар зьявіўся не часова, а з дакладным плянам разьвіцьця прадпрыемстваў. Асабліва такая ўмова тычыцца расейскага капіталу, які сёньня ня мае добрай рэпутацыі. І тут гаворка не пра нейкія гістарычныя настроі. Назіраньне хутчэй практычнае. Расейскі капітал вядомы ў Эўропе сваёй звычкай раптоўна зьяўляцца і зьнікаць, пакідаючы ўжо “непатрэбныя” прадпрыемствы ў паўразбураным стане.

Праўда, кажа Януш Левандоўскі, пакуль Беларусь насамрэч ня мае вялікага выбару. Заходнія капіталы ў асобных галінах эканомікі ўжо знайшлі свае месцы ва Ўсходняй Эўропе. Дый прыватызаваць буйныя камбінаты цяжка: часьцяком заходнікі нават не разумеюць іхных тэхналягічных працэсаў. Аднак думка нашых лібэралаў, што “калі ня прыйдуць расейскія інвэстыці, дык ня прыйдуць ніякія”, таксама няслушная. Левандоўскі запрапанаваў беларускаму ўраду нават штучна распрацаваць узорны прыклад інвэстыцыйнага супрацоўніцтва з заходнім капіталам, а пасьля выкарыстоўваць яго як “візытоўку краіны”.

Можна яшчэ пашукаць інвэстара на нізкатэхналягічным, але багатым на грошы Блізкім Усходзе, балазе ў Беларусі добры імідж ня толькі ў Лібіі ды Іраку. Сёньня важна паказаць найперш таму ж расейскаму капіталу, што Беларусі не наканаваная безварыянтнасьць, — такая парада Я.Левандоўскага.

Сяргей Іваноўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0