дыплямату АБСЭ не працягнута віза

Місія немагчымая

У панядзелак беларускія ўлады не падоўжылі візы яшчэ аднаму дыплямату АБСЭ. Беларусь давялося пакінуць ангельцу Эндру Карпэнтэру, трэцяй асобе ў місіі. Улады ня толькі адмовіліся падоўжыць яму візу, але і пазбавілі акрэдытацыі. Гэта ня сталася неспадзяванкай для Карпэнтэра: яшчэ на мінулым тыдні ён арганізаваў разьвітальную сустрэчу зь менскімі знаёмымі.

15 красавіка беларускія ўлады гэткім жа чынам прымусілі пакінуць краіну намесьніка старшыні кансультацыйна-наглядальнай групы француза Мішэля Рывалье. Беларусь некалькі месяцаў ня хоча пускаць да сябе немца Эбэргарда Гайкена, які павінен быў узначаліць місію. У беларускай КНГ АБСЭ засталіся толькі два замежныя супрацоўнікі — амэрыканка, тэрмін дзеяньня візы якой завяршаецца ў канцы ліпеня, і грамадзянка Малдовы, для якой віза не патрэбна. Такое становішча практычна паралізавала працу місіі.

Нездавальненьне афіцыйнага Менску выклікалі занадта частыя, на думку ўлад, кантакты дыпляматаў АБСЭ з апазыцыяй і занадта рэдкія — з уладай, што асабліва кідалася ў вочы падчас апошніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Папярэдняга кіраўніка місіі Ганса-Георга Віка ўрадавая прэса адкрыта называла шпіёнам. Тыдзень таму на закрытым пасяджэньні парлямэнту старшыня КДБ Л.Ерын паўторна абвінаваціў прадстаўнікоў АБСЭ ў шпіёнскай дзейнасьці. “Няўзброеным вокам відаць, што яны ўмешваюцца ў нашы ўнутраныя справы”, — сказаў Ерын.

Беларусь хоча, каб місія зьмяніла статус, перш за ўсё абмежаваўшы кантакты з апазыцыяй і няўрадавымі арганізацыямі. Улады прапануюць сваё пасярэдніцтва ў такіх кантактах. А.Лукашэнка выказаў жаданьне, каб кантакты з АБСЭ адбываліся без пасярэдніцтва місіі, а наўпрост. Дыпляматы АБСЭ непакояцца, што прыклад Беларусі могуць пераняць іншыя дзяржавы, у якіх ня ўсё ў парадку з захаваньнем дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека.

Сёньня ў штаце Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе працуюць 4 тысячы чалавек ў 19 краінах ад Босьніі да Таджыкістану. 85% яе бюджэту ідзе на назіраньне за выбарамі, абарону свабоды слова, сэмінары для паліцэйскіх, турэмных наглядчыкаў і дзяржаўных чыноўнікаў.

С.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0