Лісты ў рэдакцыю

 

Усе гаварылі пра Багушэвіча!

Па дарозе зь лецішча я наважыўся заскочыць на якую хвіліну да дзяцей — закінуць ім трохі зеляніны. Жывуць яны на вуліцы Люксэмбург. І от я на прывакзальным прыпынку. Чакаю на сваю “пяцёрку” — хвіліну, другую... Няма пяцёркі. Людзі хвалююцца. А тым часам адзін за адным да прыпынку прышвартоўваюцца 142-ія аўтобусы і амаль пустыя шыбуюць далей. На іх красуецца шыльдачка: “вул.Бабруйская — пл. Багушэвіча”. Выяўляецца, яшчэ перад Новым годам гарадзкая ўлада імем нашага прарока назвала пляц ля тэатру музычнай камэдыі. Менчукі мітусіліся, хваляваліся, зьвярталіся адзін да аднаго: “А дзе тая плошча?” У той дзень на прывакзальным прыпынку Багушэвічава імя не сыходзіла з вуснаў месьцічаў. Шмат хто пытаўся, хто гэта, скуль узяўся. “А хіба ж вы ў школе не праходзілі?” — дзівілся адны. “Дык гэта той, што Францішак, Мацей Бурачок?” — удакладнялі іншыя. Багушэвіч зьявіўся ў беларускай сталіцы на сто трэцім годзе пасьля сьмерці.

Уладзімер Содаль

 

Пазнаў Людку

“Цікавая імпрэза” — менавіта гэтыя словы былі вылучаныя на ўваходным квітку, а трохі ніжэй, драбнейшым шрыфтам, было напісана: “Шчыра запрашаем на “Вечар беларуска-швэдзкай паэзіі”. Арганізатары нібы прадбачылі, што гасьцям спадабаецца.

Адбылася імпрэза 31 траўня ў Пінску, у памяшканьні рыцарскага клюбу “Радагаст”. Пачалі яе гаспадары – Мілана Юхнюк, Анатоль Шушко, Натальля Прыступа. Потым гарадзенскі паэт Юрась Пацюпа надоўга захапіў увагу слухачоў. Усіх зьдзівіў Зьміцер Строцаў. Падчас дэклямаваньня ён махаў рукамі, цягнуў гукі, гаварыў нарасьпеў, як поп у царкве. Вельмі нагадвала вар’ятню.

Вы чулі калі-небудзь вершы Алеся Разанава на швэдзкай мове? А я чуў! Ягоны твор чытала журналістка са Стакгольму Марыя Сёдэрбэрг.

Але самае галоўнае – я на свае вочы пабачыў Людку Сільнову! Пазнаў яе дзякуючы таму здымачку, што “НН” ледзь не штонумар месьціць каля “казак жыцьця”. Нават наважыўся пазнаёміцца, праўда не адразу.

Яўген Саляйчук, Пінск

 

Dobry dzień, maja lubimaja hazeta!

“NN” atrymlivaju ūžo daūno dziakujučy kłopatu j dobraj dušy Alesia Puškina, a potym jašče znajomym biełarusam u Irkuck dasylaju.

Padpisała na “NN” na druhuju pałovu hodu dziciačuju biblijateku i maładuju radniu ū m.Haradku.

U maskoūskich biełarusaū źjaviūsia sajt, praūda, nie zusim pakul poūny. Ale, kali budzie volnaja chvilinka, možacie zazirnuć: www.geocities.com/hramada.

Pośpiechauū Vam.

Tajisa Miščanka, Maskva


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0