“Дэсант “Чорнага ястраба” ў Менску

Нашы і немцы ў Самалі

Падчас прагляду фільму Рыдлі Скота “Дэсант “Чорнага ястраба” мне згадаліся хранікальныя кадры лістападаўскага параду 1937 г. у Менску: на фоне Дому ўраду стаяць гішпанкі-эмігранткі ды са шчасьлівымі ўсьмешкамі трымаюць транспарант: “Лепей быць удавой героя, чым жонкай баязьліўца!”. Верагодна, з такім самым транспарантам маглі б прыйсьці на прэм’еру фільму Рыдлі Скота ўдовы тых 19-ці жаўнераў, гераічнай пагібелі якіх прысьвечаны “Дэсант “Чорнага ястраба”. Бо амэрыканскія спэцназаўцы ў фільме — зусім як героі-панфілаўцы: каротка стрыжаныя і прыгожыя, гавораць палкія прамовы, трымаюцца вайсковага статуту і пад шквальным агнём паводзяць сябе, бы джэнтэльмэны. А камандзіры — ад генэрала да сяржантаў — ставяцца да падначаленых як да родных дзяцей. (У найлепшых традыцыях “Партызанфільму”! Пэўна, Рыдлі Скот паглядзеў дзеля натхненьня “Доўгія вёрсты вайны” ці “Чорную бярозу”.) Псуюць гэтую ідылію адно несьвядомыя самалійцы (тыповыя “беларусьфільмаўскія” немцы), якія замест таго, каб дзякаваць амэрыканскім міратворцам, страляюць у іх з “калашоў” і гранатамётаў РПГ-7.

У Галівудзе любяць здымаць фільмы, заснаваныя на рэальных падзеях. “Дэсант “Чорнага ястраба” апавядае пра тое, як у кастрычніку 1993-га амэрыканскі спэцназ “Дэльта” паспрабаваў арыштаваць у Магадыша генэрала Айдыда, самалійскага аналяга бэн Ладэна. Рота “джы-аяў” пад прыкрыцьцём эскадрыльлі “Чорны ястраб” уварвалася ў цэнтар самалійскай сталіцы, схапіла ўсіх падазроных чарнаскурых у падазроным доме, а на зваротным шляху трапіла ў “агнявы мех”. Узбуджаныя тубыльцы абкурыліся “травой”, схапілі зброю і пачалі страляць ва ўсё, што рухаецца. Словам, знайшлі амэрыканцы прыгоды на сваю галаву — перабілі тысячу самалійцаў (якіх зусім не шкада, бо яны практычна не адрозьніваюцца ад малпаў, крычаць і бягуць пад кулі) і страцілі два дзясяткі сваіх (фільм дае магчымасьць паплакаць па кожным).

Калі меркаваць па “Дэсанце”, у ЗША няма іншага клопату, акрамя як накарміць галодных афрыканцаў і зьняволіць супэртэрарыста. Бяда ў тым, што такія стандарты насамрэч пераважаюць у амэрыканскай замежнай палітыцы наагул. У Вашынгтоне мяркуюць, што арышту правадыра дастаткова, каб дэмаралізаваць усіх тэрарыстаў. На ловы выдаткоўваюцца мільярды баксаў, чалавечыя ахвяры сягаюць тысячаў, а вынікаў — пшык!

Рыдлі Скот хацеў зрабіць гераічную сагу, якая ўславіла б амэрыканскія ўзброеныя сілы. Але ня здолеў перахітрыць уласны талент. У выніку атрымалася выключная антыгероіка, якая на найвышэйшым мастацкім узроўні даводзіць, што ўсякая вайна — гэта купа памылак, з-за якіх праліваецца шмат крыві.

Часам фільм нагадвае брытанскія карціны 1930-х, у якіх купка адважных жаўнераў з кулямётамі перамагае процьму нэграў-бунтаўнікоў. (Такія фільмы любіў Гітлер.) Кароткі эпізод з палётам эскадрыльі над узьбярэжжам прымушае згадаць аналягічную сцэну з “Апакаліпсысу сёньня” Копалы. “Баявыя” сцэны “Дэсанту” падобныя да адпаведных эпізодаў Сьпілбэргавага “Выратаваньня радавога Раяна”, хоць маюцца й адрозьненьні. Так, у Сьпілбэрга разьня займае паўгадзіны на пачатку і чвэрць гадзіны пры канцы, а ў Скота, адпаведна, першыя паў- і апошнія чвэрць гадзіны не страляюць.

Верагодна, празь дзесяць гадоў Рыдлі Скот здыме фільм пра безвыніковы штурм масіву Тора-Бора ў Аўганістане, дзе бэн Ладэна так і не знайшлі. А мо з часам расквітнее самалійскі кінэматограф, і мы ўбачым кіно, у якім амэрыканцы будуць тупымі забойцамі, а самалійцы — сумленнымі партызанамі. У кіно ўсякае бывае!

Ягор Конеў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0