камэнтар рэдакцыі

Лічыльнікі
не чырванеюць

Гімн РБ будзе негістарычны, каньюнктурны і выхалашчаны. Велічная музыка Несьцера Сакалоўскага ратуе няпэўны ў сабе тэкст. Народ 118 тысячамі тэлефанаваньняў, а не кампэтэнтны прадстаўнічы орган выбраў за пяць дзён дзяржаўны гімн. Сярод выстаўленых на “тэлерэфэрэндум” варыянтаў ніводнага гістарычнага гімну не было.

З усіх дзяржаўных сымбаляў на ўсенародны зьдзек не выстаўлялі яшчэ толькі назвы краіны. Дык ніколі ж ня позна! Вопыт тэлефонна-тэлевізійных апытаньняў з далейшым зацьвярджэньнем вынікаў прэзыдэнтам заслугоўвае далейшага разьвіцьця. Пытаньне падаўжэньня тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў да 7 гадоў хай стане наступным. Лідзія Ярмошына і віцэ-прэм’ер Дражын няхай лічаць. Гэта і будзе наш запаветны сонечны шлях. Доўжыцца яму столькі, колькі ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. А гімн на наступным этапе фармаваньня нацыі спатрэбіцца больш трывалы, вывераны і, безумоўна, законны.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0