Свабода сумненьня

Вернікі-пратэстанты выступілі супраць новай рэдакцыі закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”, прынятай палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні. Лідэры Саюзу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай, Аб’яднаньня грамадаў хрысьціянаў поўнага Эвангельля, Канфэрэнцыі цэркваў хрысьціянаў — адвэнтыстаў сёмага дня накіравалі зварот да выканаўчай і заканадаўчай улады Беларусі. Яны лічаць, што новая рэдакцыя закону парушае правы вернікаў і рэлігійных грамадаў. Форма пратэсту супраць закону абраная вельмі нязвыклая: на працягу чэрвеня вернікаў заклікалі маліцца, а 15—16 чэрвеня — яшчэ й пасьціцца, каб закон у другім чытаньні ня быў прыняты.

Рыхтавалі закон Рада Міністраў, камісія па правах чалавека палаты прадстаўнікоў, Цэнтар законапраектнай дзейнасьці пры Адміністрацыі прэзыдэнта і Камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Радміне.

Незадавальненьне пратэстантаў выклікае неабходнасьць мець 20 заснавальнікаў для рэгістрацыі рэлігійнай грамады. Вялікімі грамадамі могуць пахваліцца хіба што буйныя гарады ды “пратэстанцкая” Берасьцейшчына. У драбнейшых гарадах і мястэчках яны нешматлікія, і ня ўсе зь іх змогуць набраць неабходную для рэгістрацыі колькасьць вернікаў. Незарэгістраваная ж грамада ня мае права ладзіць богаслужэньні. Гэты пункт новага закону можа пашкодзіць ня толькі пратэстантам. Уніяты таксама выказваюць з гэтай нагоды свае перасьцярогі.

Зарэгістраваныя грамады, паводле новага закону, ня маюць права правіць службы “па месцы жыхарства грамадзянаў”. Але ж, як пішуць пратэстанцкія лідэры ў сваім звароце, ня ўсе маюць магчымасьці будаваць малітоўныя дамы: “Перашкаджаючы адкрыцьцю цэркваў, мясцовыя ўлады не даюць згоды на вывад будынкаў з жытловага фонду нават тады, калі прыватныя дамы пустуюць”.

Дзейны закон больш лібэральны за той, які прапануецца прыняць.

Так, паводле старога закону, рэлігійнае аб’яднаньне можа быць забароненае, толькі калі яно небясьпечнае для грамадзкага ладу, чалавечага жыцьця. Згодна з новым законам, канстытуцыйна дазволенае права свабоды веры можа быць абмежаванае ў адміністрацыйным парадку: рэлігійнае аб’яднаньне могуць адмовіцца рэгістраваць.

За выкананьнем заканадаўства, паводле Канстытуцыі, мусіць сачыць пракуратура. А ў новым законапраекце гэтае права даецца камітэту па рэлігіях. Забарона місійнай дзейнасьці — удар ня толькі па пратэстантах, але й па іншых рэлігіях. Апроч таго, ёсьць прапанова (і, паводле некаторых зьвестак, яна будзе прынятая) увесьці ў прэамбулу словы аб “прызнаньні вызначальнай ролі праваслаўя ў беларускай гісторыі і фармаваньні беларускай нацыі”. Прэамбула — гэта яшчэ ня сам закон, але гэта тэндэнцыя, рэчышча, у якім дзейнічае закон. Між тым, ужо цяпер праваслаўе займае становішча ледзь не дзяржаўнай рэлігіі: у турмы й калёніі, у войска пускаюць толькі праваслаўных сьвятароў.

Новы закон забараняе й распаўсюд рэлігійнай літаратуры, аўдыё- і відэаматэрыялаў без папярэдняй дзяржаўнай рэлігіязнаўчай экспэртызы, якая ў звароце наўпрост называецца “цэнзурай”. Распаўсюджваньне ж літаратуры рэлігійнага зьместу па-за межамі малітоўнага дому наагул будзе забароненае. Пастар Беларускай Эвангельскай царквы Эрнст Сабіла лічыць новы закон антыканстытуцыйным: “У нас у Канстытуцыі дазваляецца свабода веры. Можна верыць, можна маліцца. А гэты закон уводзіць абмежаваньні. Я думаю, што гэта супярэчыць і людзкім устанаўленьням, і Божым. Калі паглядзець з Божага пункту гледжаньня, дык Бог сказаў: “Дайце расьці ўсяму”. Дык і ня трэба гвалціць: дайце свабоду ўсім — Бог зь імі сам разьбярэцца”.

Аляксандар Ёрш, сакратар адміністрацыі Канфэрэнцыі цэркваў хрысьціянаў — адвэнтыстаў сёмага дня, зазначыў: “Мы ніколі не выступаем супраць улады і законаў. Мы прапаноўвалі ўладам свае варыянты. Мы будзем маліцца ня супраць гэтага закону, а за тое, каб ён быў прыняты ў фармулёўцы, адпаведнай нейкім міжнародным стандартам”.

Відавочна, што зьмены ў заканадаўстве скіраваныя збольшага супраць пратэстанцкіх цэркваў, што актыўна вядуць місійную працу. Маларухомая, інэртная праваслаўная царква рукамі дэпутатаў палаты прадстаўнікоў пазбаўляецца ад небясьпечных канкурэнтаў. Гэтая тэндэнцыя вельмі хвалюе пратэстанцкіх лідэраў. Прынамсі, у іхным звароце гаворыцца: “Цяпер шэраг палітычных дзеячоў актыўна абгрунтоўвае неабходнасьць замацаваньня заканадаўчага прызнаньня вызначальнай ролі праваслаўя ў гістарычным станаўленьні й разьвіцьці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцыяў беларускага народу. Пры гэтым ня варта забывацца, што пачынаючы з XV ст. пратэстантызм актыўна ўплывае на ўсе сфэры жыцьця беларускага народу. Вам вядома, што такія выдатныя асобы, як князі Радзівілы, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Астафей Валовіч... былі пратэстантамі. Шмат у чым дзякуючы іхнай дзейнасьці ў XVI ст. Беларусь па сваім культурным, эканамічным, палітычным разьвіцьці займала перадавое становішча ва Ўсходняй Эўропе. XVI ст. — час актыўнага ўплыву пратэстантызму ў нашай краіне — лічыцца залатым векам Беларусі, пэрыядам фармаваньня беларускай нацыі”.

Узаконены рэлігійны прыгнёт, б’юць трывогу лідэры пратэстантызму, адаб’ецца ня толькі на рэлігійных грамадах пратэстантаў. Ён стане моцным ударам наагул па Беларусі, па ейнай будучыні.

Яшчэ з часоў Макса Вэбэра агульнапрызнанай лічыцца пратэстанцкая працавітасьць (“пратэстанцкая этыка і дух капіталізму”). Ніхто ня будзе аспрэчваць і высокіх маральных якасьцяў вернікаў-пратэстантаў. Рэлігійны перасьлед прымусіць пратэстантаў да эміграцыі, вядомай яшчэ ад савецкіх часоў.

Наколькі верагодная пэрспэктыва эміграцыі па рэлігійных матывах? У пратэстанцкіх колах наконт гэтага яшчэ няма пэўнасьці. Аляксандар Ёрш кажа, што для адвэнтыстаў гэта непрымальны шлях: “Мы хутчэй зьмірымся. А вось падпольле — гэта рэальна, калі ўлады будуць прымаць практычныя меры па забароне”. Іншую думку выказвае Эрнст Сабіла: “Сам я зьяжджаць не зьбіраюся: Беларусь — гэта маё. Але я ведаю людзей, якія кажуць, што хочуць зьехаць у Амэрыку, вырвацца адсюль”.

Духоўная эміграцыя станецца ўдарам па іміджы Беларусі, фізычная пагражае стратамі, якія нават цяжка ацаніць. Бо ў якіх адзінках можна ацаніць ад’езд сям’і, у якой праз год народзіцца новы Шагал альбо Форд?

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0