Навіны

Амністыя

2 тыс. асуджаных выйдуць на волю дзякуючы новай амністыі. Яшчэ 5 тыс. чалавек вызваляцца цягам году, а 20 тысячам будзе скарочаны тэрмін.

Газаправод у абход Беларусі

Прэзыдэнты Расеі, Украіны і канцлер Нямеччыны падпісалі пагадненьне пра разбудову газаправоду з Расеі ў Эўропу праз Украіну. Праект пампаваньня газу празь Беларусь пахаваны.

Гульні вакол прыватызацыі

Намесьнік міністра эканомікі А.Тур агучыў новую канцэпцыю прыватызацыі прадпрыемстваў нафтахіміі. Яе ідэя такая: на гэтым этапе кантрольнага пакету акцый не прадаваць, а ўвогуле акцыі прадаваць па 10%. Гэтая заява А.Тура выклікала неадкладную рэакцыю расейскіх алігархаў. Кампанія “Ітэра” заявіла пра скарачэньне паставак газу ў Беларусь напалову, быццам бы “з-за беларускай запазычанасьці 24 млн. даляраў” — і гэта празь дзень пасьля доўгае сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным. А “Сургутнафтагаз” пагражае ўкласьці грошы, якія трымаў для Беларусі, ва ўкраінскую прамысловасьць.

Менгарвыканкам захістаўся

Рабочыя, якія працуюць на рэканструкцыі плошчы Незалежнасьці, днямі заўважылі, што пад аркай у будынку мэтрапалітэну вадой размыла глебу да самай плятформы. Вада дайшла да падмурку суседняга будынку — Менгарвыканкаму, і той цяпер пад пагрозай абвалу.

Будынак упраўленьня мэтрапалітэну, які пабудавалі ў 1984 г. паміж Менгарвыканкамам і корпусам БДУ, стаіць на спэцыяльных гумовых падушках. А вось калёны, якія трымаюць арку, трымаюцца на падмурку. Пад ім вада размыла глебу аж на 9 мэтраў. Плятформа, на якой месьціцца гэты будынак і будынак Менгарвыканкаму, пачала апускацца. Зроблена ўжо некалькі дзясяткаў сьвідравінаў, куды заліваюць цэмэнт, каб замацаваць канструкцыю. Ды ці ўратуе гэта сытуацыю, богведама.

Зрэшты, у Менгарвыканкаме сьцьвярджаюць, што ніякай небясьпекі для будынкаў няма.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0