З усёй краіны

Каровы трапілі пад цягнік

Восем кароў, якія выбеглі на чыгунку між пераездамі Насілава і Асанава Маладэчанскага раёну, былі зьбітыя пасажырскім цягніком “Калініград—Масква”. Пры гэтым адна засталася ляжаць на рэйках, зрабіўшы немагчымым далейшы рух цягнікоў па гэтай лініі. Ён аднавіўся толькі праз паўгадзіны. Няшчасныя жывёліны пацярпелі, бо разарваўся “электрапастух”.

БелаПАН

Сьмерць таксіста

Сотня слуцкіх таксоўшчыкаў ехалі за катафалкам з труной свайго калегі. Сьмерць напаткала 24-гадовага Л. апоўначы, калі яго выклікалі па мабільным тэлефоне і папрасілі адвезьці ў прыгарадную вёску Кляпчаны, аб чым ён пасьпеў паведаміць свайму дыспэтчару. Л. знайшлі раніцай у ляску паміж Навадворцамі й Кляпчанамі ў сваёй машыне з трынаццацьцю нажавымі ранамі каля сэрца. Забойцы не кранулі ні магнітафону, ні сьціплага заробку кіроўцы. Падобнае забойства таксоўшчыка было ўчынена год таму паблізу вёскі Ячава і засталося нераскрытым. Па факце новага пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу. Пасьля Л. засталася сям’я.

Разабраў вагон

Мясцовы жыхар Б. залез пад грузавы вагон, што стаяў на чыгуначнай станцыі Слуцак, ды адкруціў дзьве магістральныя дэталі паветраразьмеркавальнікаў тармазной сыстэмы. Іх адсутнасьць падчас руху саставу мела б трагічныя вынікі. 8-кіляграмовыя дэталі злодзей зьбіраўся здаць у прыёмнік каляровых мэталаў, але быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Каштуюць скрадзеныя дэталі 460 тыс. рублёў.

Міхась Кутнявецкі, Слуцак

Пахаваньне стралы

13 чэрвеня ў Янаве, Стаўбуне, Пералёўцы, Неглюбцы, Бутрамееўцы, Казацкіх Балсунах і іншых вёсках Веткаўшчыны й Чачэршчыны можна пабачыць траецкі абрад Пахаваньня стралы. Там, прыблізна за 400 км ад Менску, ён захаваўся ў некранутым выглядзе да нашых дзён. Пра гэты старажытны беларускі карнавал ведаюць фальклярысты ўсёй Эўропы. У гэты дзень на Палесьсе выправілася экспэдыцыя аматараў этнікі зь Менску — павучыцца рытуальных песьняў, карагодаў і “крывых танкоў”, пабачыць сам абрад.

Аляксей Фралоў

Рэканструкцыя рынку

У Воршы адчыніўся першы міні-паркінг. Ён пабудаваны на гарадзкім рынку, які апошнім часам перажывае карэнную рэканструкцыю. Прывабны выгляд набывае рынкавая плошча, дзе месьцічы мясілі бруд у пошуках патрэбнага тавару ледзь з XIV ст.

Немцы ў калгасе

Нямецкая фірма “Штотц” арандавала на 50 гадоў 400 га зямлі ў калгасе імя Чапаева (Аршанскі раён). Немцы плянуюць выкупіць маёмасьць калгасу ды ўкласьці ў яго інвэстыцыі. Скарачэньняў пакуль не плянуецца, але п’яніцам ды гультаям у сумесным прадпрыемстве месца ня будзе. Затое калгасьнікам гарантуецца штомесячны заробак без затрымак, а пэнсіянэрам — сацыяльная падтрымка. Зямлю ўрабляць у гаспадарцы цяпер будуць па сучасных тэхналёгіях на нямецкай тэхніцы. Яе прасоўваньне на беларускі рынак і зьяўляецца галоўнай мэтай іншаземцаў.

Віктар Лютынскі, Ворша

Настаўнікаў скарачаюць

Да 1 верасьня ў сыстэме адукацыі Магілёўшчыны звольняць 4,5 тыс. чалавек. Пакуль з усіх раёнаў толькі ў Глуску й Дрыбіне адолелі плянавы рубеж — 10% скарачэньня пэдагагічных кадраў. Дрыбінцы аж перастараліся, пакінуўшы без работы 22% ад агульнай колькасьці пэдагогаў і тэхнічных работнікаў.

“Ленінскі шлях”

Прыпіскі ў БПСМ

Завышэньне колькасьці першасных арганізацыяў БПСМ і іхных чальцоў выявіў камітэт дзяржкантролю падчас праверкі магілёўскага БПСМ. Так, у Цэнтральным раёне Магілёва разьбежка паміж “папяровымі” й рэальнымі сябрамі арганізацыі складае 1336 чалавек (1940 і 604). У Ленінскім раёне — 974 (1974 і 1000). У Кастрычніцкім — 431 (1954 і 523 чалавекі).

Яшчэ праверка выявіла, што першы сакратар Магілёўскага абкаму БПСМ плаціў сабе прэміі (нават эканомячы на аплаце працы работнікаў апарату), памер якіх даходзіў да 219% ад заробку. Агулам заробак “першага” з усімі надбаўкамі сягаў сёлета ў студзені 580000 рублёў.

Пакроўскі

Страйкі ў Дрыбіне

У калгасе “Дрыбінскі” зноў бастуюць. Калгасьнікі дабіваюцца выплаты грошай, заробленых у часе сяўбы.

Сяргей Мурзін, Дрыбін

Сэкс па бабуліным тэлефоне

Жыхарка вёскі Олтуш Маларыцкага раёну ледзь не згубіла прытомнасьць, дазнаўшыся, што мусіць заплаціць за тэлефон 624 тысячы рублёў. Як высьветлілася, нагаварыў гэтулькі ейны ўнук, што карыстаўся праз бабулін апарат паслугамі “сэкс па тэлефоне”. Грошы з пэнсыянэркі будуць спагнаныя праз суд.

І.Хведаровіч, Берасьце


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0