14.06.2002 / 13:00

Літва мяняе сьцяг

№ 22 (284), 14 чэрвеня 2002 г.


Літва мяняе сьцяг

Літоўская Геральдычная камісія зьвярнулася ў Сойм Літвы з прапановай узаконіць старажытны сьцяг ВКЛ і старажытную выяву Вялікага гербу ВКЛ ў якасьці дзяржаўных сымбаляў сучаснай Літвы. Прапанаваны сьцяг цалкам чырвоны зь белай выявай Пагоні.

Вершнік трымае чорны шчыт з жоўтым крыжам, а хвост каня ўзьняты ўверх. У гістарычнай сымболіцы, што была прынятая ў Беларусі, хвост каня апушчаны ўніз (як на вядомым малюнку 1575 г.). На ўсіх выявах Пагоні ў цяперашняй дзяржаўнай сымболіцы Літвы хвост каня апушчаны ўніз. Узаконіць новы сьцяг можна толькі праз рэфэрэндум.

Колеры і атрыбутыка старажытнага сьцягу ВКЛ ужо выкарыстоўваліся ў сучаснай Літве падчас стварэньня сьцягоў прэзыдэнта Літвы, сьцягу вайсковага флёту, іншых вайсковых фармаваньняў.

Паводле 1-га артыкулу дзейнай Канстытуцыі Літвы, яе дзяржаўны сьцяг — трохколерны, з жоўтага, зялёнага й чырвонага пасаў. У літоўскіх мэдыях і ў Інтэрнэце тым часам ужо зьяўляюцца артыкулы пра падабенства цяперашняга літоўскага трыкалёру да сьцягоў афрыканскіх краінаў — маўляў, як Літве ісьці ў Эўразьвяз са штандарам, які нагадвае сьцягі Сэнэгалу, Маляві ці Конга.

Праект новага дзяржаўнага сьцягу, створаны мастаком Арвідасам Каждайлісам, экспануецца ў фае Сойму, а ў Інтэрнэце выявы сьцягу ёсьць на старонках інфармацыйных агенцыяў ЕLTA, BNS, DЕLFI.

Тацяна Поклад, Вільня


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру