Праект захопу неабмежаванай улады
Палітычная эканомія беларуска-расейскай інтэграцыі
Лукашэнкава настойлівасьць у інтэграцыі з Расіяй і ягонае імкненьне аднавіць палітычны саюз постсавецкіх дзяржаваў разглядаліся некаторымі назіральнікамі як частка яго “двайнога праекту” па канцэнтрацыі ўлады ў сваёй краіне і адначасовай здачы краіне Расіі.
Сярод тлумачэньняў гэтаму называліся цесная эканамічная і вайсковая інтэграцыя Беларусі з Расіяй: Беларусь залежыць ад энэргетычных рэсурсаў Расіі, прывязана да яе рынку, на якім толькі і можа прадаваць свае неканкурэнтаздольныя тавары, а расійскія ваенныя і геапалітычныя стратэгі нязьменна ўключаюць Беларусь у кола сваіх інтарэсаў.
Культурныя вытлумачэньні завастралі ўвагу на этнічнай, культурнай і моўнай блізкасьці беларусаў і расійцаў, якая ўзмацнялася працяглай русіфікацыяй Беларусі, панаваньнем расійскай праваслаўнай царквы пры адсутнасьці сапраўды нацыянальнай канфэсіі, слабасьцю нацыянальнага руху, а таксама забыцьцём трагічных старонак узаемаадносінаў двух народаў.
Былі і спасылкі на савецкую спадчыну. Паводле словаў Адама Міхніка, “Лукашэнка — гэта не расійская марыянэтка, а савецкая лялька”.
Націск на асаблівую ролю савецкай спадчыны й культурнай блізкасьці з Расіяй, якімі тлумачыўся “недахоп нацыяналізму”, спрыяў таму, што менавіта ў гэтым сталі бачыць першапрычыны правалу дэмакратызацыі ў Беларусі, перашкоду ўтварэньню як згуртаванай нацыі, так і моцнай нацыянальнай дзяржавы. Таму параза дэмакратыі й страта незалежнасьці былі, з гэтага пункту гледжаньня, лягічныя і ўзаемна абумоўленыя.
Чаму ж тады інтэграцыйная палітыка спарадзіла толькі вельмі фармальны саюз дзьвюх краін і чаму яна тармазілася Лукашэнкам кожны раз, калі рабілася магчымым канчатковае аб’яднаньне? Чаму ж Лукашэнка, насуперак сваім інтэграцыйным памкненьням, часьцей і ахвотней заяўляе пра сябе як пра будаўніка нацыянальнай дзяржавы, чым пра палітыка, першаступеннай місіяй якога ёсьць аднаўленьне СССР? Чаму ён заяўляе, што “сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларускай дзяржавы — сьвятыя тэрміны для кожнага грамадзяніна”?
Аргумэнт “савецкай спадчыны” ў гэтым выпадку аспрэчваецца простым фактам: праект рэстаўрацыі Савецкага Саюзу ад пачатку быў асуджаны на няўдачу дзеля велізарнага адрозьненьня палітычных і эканамічных сыстэмаў дзьвюх краін і той акалічнасьці, што Расія, непазьбежны стрыжань новага альянсу, занадта зьмянілася, каб весьці свае колішнія “рэспублікі-сёстры” назад у мінулае. Дый якім чынам дэкляраваная адмова ад нацыянальнай незалежнасьці і сувэрэнітэту магла спалучацца з умацаваньнем у Беларусі аўтарытарнай сыстэмы кіраваньня? Якім чынам працэс інтэграцыі мог адбывацца паміж краінамі з розным палітычным і эканамічным ладам?
Усе палітычныя, эканамічныя і культурныя чыньнікі, акрэсьленыя вышэй, адыгрывалі істотную ролю ў фармаваньні дынамікі беларуска-расійскіх дачыненьняў на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя. Яны, аднак, не спрацоўваюць пры вызначэньні найважнейшай рухальнай сілы інтэграцыйнага працэсу. На нашу думку, беларуска-расійская інтэграцыя была адной з стратэгій прэзыдэнта Лукашэнкі, накіраваных на канцэнтрацыю ўлады. Адносіны паміж Беларусяй і Расіяй былі часткай унікальнага Лукашэнкавага праекту па стварэньні ў сваёй краіне сыстэмы неабмежаванай улады і ейнай стабілізацыі. Прынамсі ў пачатковы пэрыяд ход і ўмовы беларуска-расійскай інтэграцыі не навязваліся Лукашэнку, а ўстанаўляліся ім. Магчымасьць вызначэньня ўмоваў беларуска-расійскага ўзьяднаньня забясьпечыла беларускаму прэзыдэнту:
— гарантаваную падтрымку расійскіх палітычных і эканамічных элітаў у ягонай барацьбе за ўладу;
— істотныя эканамічныя палёгкі з боку Расіі, якія спрыялі адноснаму посьпеху Лукашэнкавай эканамічнай мадэлі і дазволілі не дапусьціць больш-менш значнай унутранай дэстабілізацыі і народнага нездавальненьня ягонай палітыкай;
— мінімізацыю вынікаў міжнароднай ізаляцыі праз пабудову “альтэрнатыўнай” сыстэмы міжнародных стасункаў у абход эўрапейскіх інстытутаў;
— нарэшце, становішча, няхай часовае, уплывовага незалежнага гульца на расійскім палітычным полі.
Разглядаючы адносіны паміж дзьвюма краінамі выключна як палітычны праект, я адхіляю два процілеглыя пункты гледжаньня, адзін зь якіх сьцьвярджае, што інтэграцыя ператварыла Беларусь у “частку Расіі ва ўсім, апрача назвы” (Сэмюэл Гантынгтан, 1998), а другі настойвае на тым, што аб’яднаньне вылілася ва ўтварэньне нейкай чыста віртуальнай канструкцыі. Насупраць, гэты працэс і яго вынікі моцна залежалі ад суладнасьці паміж Лукашэнкавымі амбіцыямі ў дачыненьні як да Беларусі, так і да Расіі, з аднаго боку, і поступам расійскай унутранай і замежнай палітыкі — з другога.
Інтэграцыя за Кебічам
і Шушкевічам
Крах камуністычнай партыі ў жніўні 1991 г. перадаў уладу ў рукі ўраду і Вярхоўнаму Савету, у якім пераважалі прадстаўнікі партыйна-савецкай намэнклятуры ды кіраўнікі дзяржаўных прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Ні першыя, ні другія не былі гатовыя да кіраваньня незалежнай краінай, дый не адчувалі захапленьня ад такой пэрспэктывы. Беларусь у колішнім СССР выконвала ролю “зборачнага цэху”, для якога ўвесь Саюз, і ў першую чаргу Расія, быў свайго роду сыравінным прыдаткам. Беларусь, дзе жыло 3,5% насельніцтва СССР, вырабляла 4,2% яго ВУП, апярэджваючы ў гэтых суадносінах усе астатнія рэспублікі. Каля 50% беларускіх прадпрыемстваў знаходзіліся пад юрысдыкцыяй саюзных (разьмешчаных у Маскве) міністэрстваў, і больш за палову індустрыяльнай прадукцыі Беларусі даваў ваенна-прамысловы комплекс. Рэальнае значэньне Беларусі ў параўнаньні зь іншымі рэспублікамі насілу паддавалася ацэнцы. Такое становішча забясьпечвала станоўчы гандлёвы балянс ва ўнутрысаюзным гандлі (што давала нагоду беларускай апазыцыі для заяваў наконт эксплюатацыі Беларусі саюзным цэнтрам), які, аднак, у вялікай ступені быў вынікам заганнай цэнавай палітыкі, што спрыяла перавытворчасьці гатовай прадукцыі. Праз усё гэта Беларусь за саветамі, можна лічыць, атрымлівала выгаду ад выдаткаў каманднай эканомікі. І няма дзіва, што пазьней урадоўцы і прамысловыя лабісты бачылі ў захаваньні статусу-кво альтэрнатыву рэфармаваньню нацыянальнай эканамічнай сыстэмы. І калі Савецкі Саюз распаўся насуперак волі беларускай эліты, урад Кебіча па інэрцыі працягваў праводзіць старую эканамічную палітыку, канцэптуальна распрацаваную яшчэ ўвосень 1990-га.
Найважнейшым крокам у замежнай палітыцы, зьдзейсьненым адразу пасьля распаду СССР, было прынятае Шушкевічам і Кебічам рашэньне ўстрымацца ад удзелу ў Дамове аб калектыўнай бясьпецы краінаў СНД, абумоўленае Дэклярацыяй аб дзяржаўным сувэрэнітэце 1990 г., якая абвяшчала пра імкненьне Беларусі да нэўтральнага і бязьядравага статусу. У той час ён быў амаль не заўважаны расійскімі палітычнымі элітамі, для якіх была больш актуальнай барацьба за ўладу паміж ельцынскім урадам і пракамуністычнай бальшынёй у Вярхоўным Савеце. Абвяшчэньне Беларусяй нэўтральнага статусу было, такім чынам, пабочным прадуктам постперабудовачнай інэрцыйнай палітыкі і ў сапраўднасьці ніколі не ўспрымалася ўсур’ёз “партыяй улады”.
Ключавым інтарэсам Кебіча і ягоных прыхільнікаў у парлямэнце ў той час было захаваньне адзінай рублёвай зоны і ранейшых умоваў гандлю з Расіяй, якія пратрымаліся амаль да другой паловы 1993 г. Адзіная рублёвая зона пакідала Цэнтральнаму банку Расіі статус манапаліста ў сфэры грашовай эмісіі, але дазваляла і цэнтральным (нацыянальным) банкам іншых рэспублік выдаваць крэдыты для прадпрыемстваў альбо для пакрыцьця бюджэтнага дэфіцыту, г.зн. ствараць “пустыя рублі”. Расійскі Цэнтрабанк фактычна вымушаны быў цыраваць дзіркі ў бюджэтах рэспублік, што ўтварыліся праз друкаваньне тых рублёў. Беларусь пакрыла такімі трансфэртамі 13% свайго ВУП у 1992-ім і 8% ВУП за сем месяцаў 1993 г., аж пакуль рублёвая зона не спыніла свайго існаваньня. Рублі, якія выпускаліся ў абарачэньне, напрыклад у Беларусі, мелі такую ж вартасьць у Расіі ці Казахстане. Дзякуючы гэтаму ўрады і нацыянальныя банкі невялікіх постсавецкіх рэспублік маглі не зважаць на бескантрольную эмісію супольных рублёў, паколькі інфляцыйныя эфэкты “расьцярушваліся” па ўсёй постсавецкай прасторы. У адрозьненьне ад Украіны, якая выйшла з рублёвай зоны ў 1992 г., Беларусь карысталася яе перавагамі амаль на восем месяцаў даўжэй. Апроч таго, каб кампэнсаваць дэфіцыт расійскіх наяўных грошай, які ўзьнік у выніку новай грашова-крэдытнай палітыкі Расіі, пачатай у першай палове 1992 г., Беларусь увяла сваю ўласную сурагатную валюту — беларускі рубель, які першапачаткова канвэртаваўся да расійскага ў суадносінах 1:1. Статус “вольнага пасажыра” даў беларускаму ўраду магчымасьць надрукаваць дастаткова грошай для таго, каб выплаціць заробкі і крэдытаваць дзяржаўныя прадпрыемствы ды калгасы, пры гэтым церпячы толькі частку інфляцыйных выдаткаў.
Яшчэ адной першаступеннай Кебічавай задачай у той час было забясьпечыць пастаўку расійскай нафты і газу па цэнах расійскага ўнутранага рынку. Гэта выратавала б беларускую эканоміку ад спаду вытворчасьці й гіпэрінфляцыі, якія тады ж напаткалі Ўкраіну (тагачасная эканамічная палітыка дзьвюх краін была амаль ідэнтычная), падоўжыла б палітычнае жыцьцё беларускай “партыі ўлады”, цешачы яе надзеямі на мажлівасьць пазьбегнуць у найбліжэйшай будучыні буйных эканамічных рэформаў.
Маючы безахвоцьце да дзяржаўнага будаўніцтва, але затое вялікія палітычныя амбіцыі, якія палягалі ня толькі ў захаваньні статусу-кво, “партыя ўлады” была гатова заплаціць пэўную палітычную цану за фінансавыя саступкі. Ужо ў верасьні 1992 г. Кебіч падпісаў дамову аб вайсковым супрацоўніцтве з Расіяй, якая падоўжыла тэрмін знаходжаньня расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі да 2000 г. У сакавіку 1993-га беларускі ўрад прыняў рашэньне адмовіцца ад нэўтральнага статусу Беларусі і далучыцца да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы краінаў СНД пры ўмове, што Расія будзе працягваць пастаўкі танных энэрганосьбітаў. Мяркуючы, што прывілеяванае становішча ў рублёвай зоне і забесьпячэньне таннымі энэргарэсурсамі могуць трываць вечна, Кебічаў урад у верасьні 1993-га без ваганьняў падпісаў папярэдняе пагадненьне аб аднаўленьні рублёвай зоны з Расіяй, якое прадугледжвала паўторнае ўвядзеньне расійскага рубля ў якасьці адзінага плацежнага сродку, выкананьне Расіяй абавязаньняў па пастаўцы ў Беларусь танных энэргарэсурсаў і дэкляравала раўнапраўны ўдзел дзьвюх краінаў у выпрацоўцы манэтарнай палітыкі. Кебіч абяцаў, што, як толькі грашовы саюз будзе ўкладзены, кошт нафты для беларускіх спажыўцоў адразу ўпадзе з васьмідзесяці да пяцідзесяці пяці даляраў ЗША за тону.
Мэханізм аб’яднаньня грашовых сыстэмаў прапаноўваўся амаль што нерэальны. Умова, якая прадугледжвала абмен беларускіх рублёў на расійскія па курсе 1:1, не магла быць выканана з той простай прычыны, што пасьля ліпеня 1993-га ўзровень інфляцыі ў Беларусі быў у некалькі разоў большы, чым у Расіі. Зрабілася ясна, што пагадненьне служыць перш за ўсё палітычным мэтам Кебіча, якому заманулася стаць прэзыдэнтам Беларусі, дарма што гэтая пасада яшчэ нават не была зацьверджаная парлямэнтам.
Існавалі дзьве эканамічныя й палітычныя канцэпцыі, якія падагравалі антысаюзныя настроі як у Беларусі, так і ў Расіі. У Беларусі прынцыповым апанэнтам Кебічавага праекту па аб’яднаньні грашовых сыстэмаў выступаў БНФ, які настойліва заяўляў, што адмова ад нацыянальнай валюты ў сукупнасьці з распродажам найбольш каштоўнай дзяржаўнай маёмасьці расійскаму капіталу і каапэрацыяй з Расіяй у вайсковай сфэры цалкам пазбавіць Беларусь нованабытай незалежнасьці. У той жа час, Шушкевіч пярэчыў толькі супраць адмаўленьня ад нэўтралітэту, але ўхваляў грашовы саюз пры ўмове, што той будзе заснаваны на раўнапраўнасьці Беларусі і Расіі ў вызначэньні манэтарнай палітыкі ўнутры рублёвай зоны. У Расіі аднымі зь першых супраць расійска-беларускай інтэграцыі выступілі лібэральныя рэфарматары ельцынскага кабінэту. Асноўным довадам лібэралаў супраць ідэі грашовага саюзу была Кебічава непрыхільнасьць да рынкавых рэформаў. Гэта, сьцьвярджалі яны, пагражала змарнаваць намаганьні, прыкладзеныя імі для фінансавай стабілізацыі ў Расіі. Апроч таго, лібэралы мелі ў запасе і другі аргумэнт: Кебіч пэўны час рабіў стаўку на парлямэнцкага сьпікера Руслана Хасбулатава — лідэра кааліцыі камуністычных ды нацыяналістычных груповак, што ўтварылася ў Зьезьдзе народных дэпутатаў. Знамянальна, што Хасбулатаў езьдзіў у Менск на перамовы з Кебічам у сакавіку 1993-га, калі Ельцын абвясьціў пра сваё рашэньне распусьціць Зьезд. У Менску ён заявіў пра пачатую супраць Ельцына працэдуру імпічмэнту, якая ў канчатковым выніку правалілася. І хоць Кебіч застаўся на баку лідэраў краінаў СНД, якія на менскім саміце ў красавіку, напярэдадні расійскага рэфэрэндуму аб даверы прэзыдэнту, пастанавілі падтрымаць Ельцына, ягоны флірт з расійскай апазыцыяй працягваўся. Празь некалькі месяцаў на ягоныя запросіны Беларусь наведала група палітыкаў і эканамістаў — прыхільнікаў Хасбулатава, каб перасьцерагчы тутэйшую публіку наконт згубнасьці эканамічнай праграмы Ельцына і давесьці неабходнасьць ейнага згарненьня. Нават пасьля таго як Ельцын атрымаў падтрымку сваёй палітыкі на рэфэрэндуме, рэгулярныя кантакты паміж беларускімі дэпутатамі, якія падтрымлівалі Кебіча, і прыхільнікамі Хасбулатава працягваліся ўсё лета 1993 г. У адну з дэлегацыяў, пасланых Кебічам у расійскі парлямэнт з мэтай дамовіцца пра зьніжэньне цэн на энэрганосьбіты і ануляваньне беларускай запазычанасьці за газ і нафту, увайшоў і тады яшчэ малавядомы дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Кебіч, імкнучыся захаваць свой эканамічны курс і палітычнае дамінаваньне “партыі ўлады”, ставіў на зьмену крамлёўскага атачэньня. У такім кантэксьце сабатаваньне дамовы аб грашовым саюзе зрабілася для ельцынскіх рэфарматараў часткай буйнамаштабнай барацьбы за працяг рэформаў у Расіі.
Пасьля роспуску Зьезду і здушэньня кастрычніцкага антыельцынскага мяцяжу крамлёўскія лібэралы атрымалі, здавалася, усю паўнату ўлады, і пэрспэктывы грашовага ці якога-небудзь іншага саюзу зь Беларусяй выглядалі пахаванымі назаўсёды. Двума месяцамі пазьней, аднак, посьпех нацыяналістаў і камуністаў на выбарах у Думу палічыў дні каманды Гайдара. (На наступны дзень пасьля галасаваньня ў Расіі Лукашэнкаў антыкарупцыйны даклад незваротна памяняў расстаноўку сілаў на палітычнай арэне і ў Беларусі.) На працягу месяца пераважная яе частка была заменена прадстаўнікамі “старой гвардыі”, якія значна прыхільней ставіліся да прапановаў Кебіча наконт саюзу і, што немалаважна, падзялялі ягоную перакананасьць наконт спрыяльнага ўплыву грашовай эмісіі на ажыўленьне нацыянальнай эканомікі. Зьнікненьне крамлёўскай падтрымкі рэфарматарскіх сілаў у Беларусі, відавочна, вырашыла лёс Станіслава Шушкевіча, аднаго зь нямногіх праціўнікаў інтэграцыі сярод беларускага кіраўніцтва, які быў зьняты з сваёй пасады 26 студзеня 1994 году. “The Economist” адрэагаваў на ягоную адстаўку артыкулам “Забудзьцеся пра Belo” (маючы на ўвазе Belorussia, ангельскую трансьлітарацыю назвы краіны, прынятую за савецкім часам, другая частка якой была ідэнтычная назьве Расіі).
У цэлым ідэя грашовага саюзу, гэтак жа як і адносіны з Расіяй, эксплюатавалася ў эпоху Кебіча “кансэрватыўнай” беларускай намэнклятурай, якая ўзяла ў свае рукі ўсе вагары ўплыву і ўмела ўжывала іх для абароны ўласных інтарэсаў. Гэтая ашуканская палітыка была заснаваная на выкарыстаньні патэрналісцкіх настрояў насельніцтва, якое кармілі невыканальнымі абяцанкамі “таннага паліва” і “аднаўленьня гаспадарчых сувязяў”. Лукашэнка толькі працягваў гэтую ж палітыку — але зь іншым імпэтам і амбіцыямі.
Віталь Сіліцкі
Працяг будзе.
Гэты артыкул – урывак з дасьледаваньня “Палітычная эканомія беларуска-расійскай інтэграцыі”, якое будзе цалкам надрукаванае ў кнізе “Беларуска-расійская інтэграцыя”, што выйдзе з друку ў ліпені ў выдавецтве часопісу “Arche”.