14.06.2002 / 13:00

Японскі гіпапатам

№ 22 (284), 14 чэрвеня 2002 г.


Японскі гіпапатам

Ці футбольны чэмпіянат выведзе краіну з зацяжнога эканамічнага крызысу

Сканчэньне чарговага фінансавага году большая частка насельніцтва 126-мільённай Японіі ўжо колькі гадоў запар сустракае ў трывожным чаканьні. Аднак сёлета сытуацыя асабліва абвастрылася: банкаўскі сэктар краіны быў за адзін крок ад краху. Дзесяцігадовы застой давёў японскую эканоміку ды фінансавыя ўстановы, якія абслугоўваюць яе, да такога хваравіта-кволага стану, што многія назіральнікі прадказваюць ужо ці лятальны зыход, ці інваліднасьць — трэцяга, маўляў, ня дадзена. Крызыс другой паводле памераў эканомікі сьвету, на долю якой прыпадае каля сёмай часткі тавараў ды паслуг, што вырабляюцца і спажываюцца на плянэце, непазьбежна б’е па гаспадарцы практычна ўсіх кантынэнтаў і можа перарасьці ў шматгадовую дэпрэсію.

Японскую эканамічную сыстэму, посьпехам якой дзівіліся і нават зайздросьцілі, цяпер усё часьцей параўноўваюць зь вялізным і нязграбным цяжкахворым бэгемотам, які цялёпкаецца ў багне эканамічных няўдачаў, што засмоктвае яго ўсё глыбей. На мяжы 90-х краіна, дзе жыве 2% насельніцтва плянэты, вырабляла пад 20% сусьветнага ВУП. Цяпер гэты паказьнік складае 13,8%.

Леташняе рэзкае пагаршэньне сусьветнай каньюнктуры, якое толькі паказытала нэрвы амэрыканскім банкірам, пагрузіла эканоміку Японіі ў стан трэцяй за апошняе дзесяцігодзьдзе і найцяжэйшай з часоў сканчэньня другой сусьветнай вайны рэцэсіі. Да максымальнага ўзроўню падскочыла колькасьць карпаратыўных банкруцтваў. Каля 70% японскіх фірмаў не атрымліваюць прыбытку ўвогуле (у Беларусі — 47%). Дый адкуль яму ўзяцца, калі краіну ўжо столькі гадоў запар перасьледуе дэфляцыя, якая, поруч з вартым жалю станам банкаўскага сэктару, зьяўляецца адной з галоўных японскіх праблемаў.

Гэтыя праблемы ўплываюць адна на адну і тым самым пагаршаюць становішча. Апошнія тры гады спажывецкія цэны падаюць няспынна, прычым усё хутчэйшымі тэмпамі, якія дасягнулі ў студзені максымальнага за апошнія 30 гадоў узроўню. Пры гэтым Токіё працягвае заставацца найдаражэйшым горадам на плянэце: кошт жыцьця ў ім у сярэднім на 30% вышэйшы, чым у Нью-Ёрку.

Зьніжэньне цэн робіць нявыгаднай інвэстыцыйную дзейнасьць. Рэальная вартасьць крэдытаў, нават узятых пад мінімальны (практычна нулявы) намінальны працэнт, расьце, а тавары і паслугі — таньнеюць, робячы нерэнтабэльнай іх вытворчасьць. Падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці — на 7,9% за 2001 г. — можна параўнаць толькі з тым, што назіралася больш за чвэрць стагодзьдзя таму падчас апошняга нафтавага шоку. Мізэрнасьць даходаў карпарацый прыводзіць да зьмяншэньня іхных капітальных інвэстыцый. Карпарацыі лічаць за лепшае скарачаць працоўны тыдзень, а не работнікаў і дагэтуль маюць у штаце велізарную колькасьць так званых “мёртвых душ”. І ўсё-такі хвалёная японская сыстэма пажыцьцёвага найму пачала лопацца па швох — беспрацоўе таксама падскочыла да рэкорднага за 50 гадоў узроўню ў 5,6%. Але нават гэтая афіцыйная лічба, на думку незалежных экспэртаў, вельмі заніжана. Рэальны паказьнік ацэньваецца недзе ў 8,5% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

Усьведамляючы прывіднасьць надзей на хуткае і лёгкае аздараўленьне эканомікі і, адпаведна, паляпшэньне сытуацыі на рынку працы, простыя японцы намагаюцца як мага больш адкласьці на “чорны дзень” — узровень ашчаджэньняў у краіне дасягнуў рэкордных значэньняў. Дарэчы, японская нацыя — адна з найбагацейшых на плянэце, яе сукупныя ашчаджэньні складаюць 12 трлн. даляраў. З пункту гледжаньня радавога спажыўца, зьніжэньне цэнаў — манна нябесная. Калі вы ўпэўненыя ў заўтрашнім дні і добра зарабляеце, дык гэты працэс толькі павышае ваш дабрабыт. Аднак калі тысяча енаў у вашым кашальку, насуперак асноўным прынцыпам тэорыі фінансаў, заўтра будзе каштаваць даражэй, чым сёньня, а грошы праз год можна будзе зьняць з дэпазыту і патраціць з намнога большай карысьцю, дык навошта сьпяшацца рабіць гэта цяпер? Вось і выходзіць, што прыватнае спажываньне, на якое прыпадае 2/3 ВУП, расьці не зьбіраецца: аб’ёмы розьнічных продажаў зьмяншаюцца пяць гадоў запар. Уся эканоміка, адпаведна, таксама буксуе.

Чарада ўрадаў намагалася зрушыць эканоміку зь мёртвага пункту. За тыя самыя дзесяць апошніх гадоў “на псю маць” пайшло пад 1,2 трлн. даляраў. А дзяржаўная запазычанасьць з пачатковых 60% падскочыла да 130—140% ВУП — гэта найгоршы паказьнік ва ўсім прамыслова разьвітым сьвеце. Рэсурсаў для яе пагашэньня ў Токіё няма, а абслугоўваньне ўжо сёньня зьядае звыш траціны ўсіх бюджэтных паступленьняў. А даўгі дзяржавы і надалей будуць расьці. Вось чаму іхны крэдытны рэйтынг ужо даўно не ацэньваецца найвышэйшым (ААА) разрадам. Агенцтва “Moody’s”, якое ў сьнежні ў чарговы раз зьніжала ацэнку якасьці японскіх урадавых даўгавых абавязацельстваў, ізноў рыхтуецца да гэтай апэрацыі. Прычым пагаршэньне рэйтынгу чакаецца сур’ёзнае, і, калі яно адбудзецца, Японія па гэтым паказьніку зраўнуецца з Батсванай. Многія пэнсійныя і страхавыя фонды ў адпаведнасьці з уласнымі статутамі і нормамі рэгуляваньня дзейнасьці будуць вымушаныя пазбыцца японскіх аблігацыяў, страціўшы права ўкладаць у іх сродкі.

Пакуль што для Японіі крэдытны рэйтынг — ня больш чым пытаньне прэстыжу. Звыш 90% усіх дзяржаўных даўгавых абавязацельстваў належыць нацыянальным інвэстарам. Але нават яны, пры ўсёй сваёй ляяльнасьці і адданасьці “роднай дзяржаве”, усё актыўней шукаюць альтэрнатывы на замежных рынках і на рынку золата.

Японцы схільныя ня толькі да бюджэтных ін’екцыяў. Іншы традыцыйны мэтад стымуляваньня іхнае эканомікі — маніпуляваньне замежным абменным курсам нацыянальнай валюты. У канцы мінулага году Токіё з дапамогай Вашынгтону, праігнараваўшы пратэсты іншых асноўных гандлёвых партнэраў, дамогся няяўнай 10-працэнтнай дэвальвацыі ены. Цяпер дзейснасьць гэтага мэтаду шмат хто бярэ пад сумнеў: попыт на японскія тавары зьмяняецца мала, а для падвышэньня прадукцыйнасьці эканомікі на адзін поўны працэнт, паводле падлікаў аналітыкаў, трэба абясцэніць японскую валюту да ўзроўню 200 енаў за даляр (цяпер курс складае 130 енаў за даляр). Прычым курсы валютаў у суседніх краінах мусяць застацца на ранейшым узроўні, а гэта ўявіць надзвычай складана.

Японская фінансавая сыстэма мае велізарныя памеры. У першай пяцёрцы найбольшых у сьвеце банкаўскіх холдынгаў — чатыры японскія, прычым найбольшы зь іх, “Mizuho Financial Group”, распараджаецца актывамі на суму, што перавышае трыльён (!) даляраў. Але ўся бяда ў тым, што гіганцкія габарыты японскіх банкаў ужо нават не ствараюць ілюзіі іхнай фінансавай магутнасьці. Шмат хто пэсымістычна ацэньвае рэальную плацежаздольнасьць японскага банкаўскага сэктару ў нязначную для маштабаў гэтай краіны суму — 56 млрд. даляраў (менавіта столькі ў 1998 г. было выдаткавана на яго аздараўленьне). Шматгадовая заганная практыка крэдытаваньня прывяла да вельмі сумных вынікаў.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, на балянсах японскіх банкаў мёртвым грузам вісяць нявернутыя крэдыты на 550 млрд. даляраў. І прыблізна столькі ж за апошняе дзесяцігодзьдзе ўжо было сьпісана: новыя дзіркі растуць хутчэй, чым іх удаецца цыраваць. Дый афіцыйная лічба, на думку незалежных экспэртаў, вельмі заніжаная. Рэальны паказьнік складае 1,1—1,2 трлн. даляраў — прыблізна столькі ж тавараў і паслугаў стварае за ўвесь год эканоміка Італіі, што ўваходзіць у лік найбуйнейшых на плянэце. А паводле ацэнак такой аўтарытэтнай інвэстыцыйнай установы, як “Goldman Sachs”, нявернутыя крэдыты дасягаюць 1,8 (!) трлн. Толькі тры эканомікі сьвету могуць пахваліцца такім вялікім гадавым ВУП.

Загнаныя ў кут банкі адмаўляюцца выконваць адну са сваіх ключавых функцый — забясьпечваць фінансавымі рэсурсамі эканоміку. Люты стаў 51-м запар месяцам, калі сумарныя аб’ёмы крэдытаваньня ў Японіі скараціліся. Тым часам, асаблівага попыту з боку прадстаўнікоў як малога, так і буйнога бізнэсу таксама не назіраецца. Намаганьні цэнтрабанку краіны, што зьнізіў працэнтныя стаўкі да нулявога ўзроўню і раздае крэдыты направа ды налева, сыходзяць на той самы нуль. Але рэальныя працэнтныя стаўкі, дзякуючы дэфляцыі, застаюцца высокімі. Дый які сэнс банкам займацца крэдытаваньнем? Выдадзены адным зь іх 10-мільярдны крэдыт прыносіць у выніку 278 енаў прыбытку — за гэтыя грошы ў Токіё нават кубка кавы ня купіш, іх стае якраз на пакрыцьцё расходаў па дадзенай пазыцы. Парадаксальна, але факт: нягледзячы на тое, што банк Японіі цяпер “друкуе грошы” як апантаны, яны заўтра робяцца даражэйшымі, чым сёньня! Выкуп дзяржаўных аблігацый на суму каля трыльёна енаў (7,7 млрд. даляраў) на месяц падмацоўваецца штодзённым напампоўваньнем сродкаў на рэзэрвовыя рахункі банкаў. Летась японскі цэнтрабанк павялічыў манэтарную базу ў краіне на 16,5%. Але на рэальным прапанаваньні грошай у эканоміцы, банкаўскім крэдытаваньні ды спажывецкіх цэнах гэта ніяк не адбілася. З-за адсутнасьці адэкватнага павелічэньня аб’ёмаў крэдытаваньня гэтыя грошы ў эканоміку не паступаюць, а цэнавая дынаміка ў краіне застаецца нэгатыўнай. Як зазначыў адзін з рынкавых экспэртаў, “праблемы японцаў не ў адсутнасьці грошай — гэтага ў іх навалам, — а ў няведаньні, як прымусіць гэтыя грошы працаваць, куды іх прыстасаваць і на што патраціць”.

Друкуючы грошы і намагаючыся аслабіць ену на замежных рынках, японскі цэнтрабанк ужо давёў уласныя рэзэрвы да фантастычнай сумы — звыш 400 млрд. даляраў. Ён — найбагацейшы на плянэце. Апошнім часам да яго цалкам сур’ёзна пачалі зьвяртацца зь нечаканымі прапановамі — скажам, падумаць пра набыцьцё на рынку ня толькі дзяржаўных, а і карпаратыўных пазыковых абавязацельстваў, нерухомасьці і, магчыма, нават некаторых відаў спажывецкіх тавараў. Можа, хоць дзякуючы гэтаму ўдасца перамагчы нэгатыўную цэнавую дынаміку і дабіцца такой жаданай інфляцыі?

Браць на сябе такую супярэчлівую місію банк ня хоча, абгрунтавана матывуючы гэта магчымым падрывам уласнай рэпутацыі. Замест гэтага яго кіраўнік Масару Хаямі заклікаў урад хутчэй вырашыць праблему нявернутых даўгоў банкаўскага сэктару — за кошт бюджэтных рэсурсаў, ясная рэч. Урад, у сваю чаргу, патрабуе ачысьціць яму прастору для манэўру, падштурхнуўшы эканоміку да росту за кошт манэтарных стымулаў, і выдзяляць новыя сродкі на санацыю банкаўскай сыстэмы пакуль што адмаўляецца. Цяпер сумарная капіталізацыя фондавага рынку ў Японіі складае недзе чацьвертую частку ад свайго піку канца 80-х, прычым за апошнія два гады акцыі карпарацый (а гэта львіная доля банкаўскіх актываў) абясцэніліся напалову. Зьмяншэньне іхнай вартасьці робіць сытуацыю яшчэ горшай.

Пачатак новага фінансавага году адзначыцца дзьвюма важнымі навацыямі. Па-першае, перастануць дзейнічаць дзяржаўныя гарантыі кампэнсацыі ў выпадку банкруцтва таго ці іншага банку дэпазытаў на суму звыш 10 млн. енаў (77 тыс. даляраў). Па-другое, набывае моц урадавая норма, згодна зь якой інвэстыцыйныя ўстановы мусяць улічваць у балянсавых справаздачах вартасьць сваіх фондавых актываў па рэальнай рынкавай (на канец сакавіка), а не пакупной цане. Вось чаму банкаўскім і дзяржаўным чыноўнікам у Японіі цяпер не да футболу — пагроза эканамічнага краху ўсё яшчэ застаецца. Яшчэ ў канцы сакавіка рэзка павялічылася імавернасьць цэлага шэрагу гучных банкруцтваў і пачатку шырокамаштабнага банкаўскага крызысу, які непазьбежна дабіў бы ўсю эканоміку.

Сур’ёзнасьць пагрозы прымусіла ўрад зрабіць рашучыя захады. Апэратарам фондавага рынку было забаронена зьдзяйсьняць “кароткія” продажы акцый (г.зн. ня маючы іх у наяўнасьці). Своечасова прыйшлося і паляпшэньне стану амэрыканскае эканомікі: на долю Злучаных Штатаў прыпадае траціна японскага экспарту. Шмат якія буйныя інвэстыцыйныя інстытуты, сярод якіх — “Merrill Lynch” і “Goldman Sachs”, параілі сваім кліентам павялічыць долю японскіх каштоўных папераў у інвэстыцыйных партфэлях, паведаміўшы аб сваім намеры зрабіць тое самае. Наступны 20-працэнтны рост індэксу “Nikkey” дазволіў усёй Японіі ўздыхнуць зь непрыхаванай палёгкай.

Здаецца, пагроза шырокамаштабнага банкаўскага крызысу ў які ўжо раз “пасьпяхова” мінула. Але так і ня вырашаныя шматлікія японскія структурныя праблемы, з-за чаго пэрспэктывы краіны зрабіліся яшчэ больш туманнымі. Большасьць назіральнікаў сыходзяцца на думцы, што з заканчэньнем працэсу рэпатрыяцыі японскіх капіталаў з-за мяжы каціроўкі акцый працягнуць падаць.

Урад Дзюньітыра Каідзумі за год сваёй работы так і ня здолеў рэалізаваць абяцаныя структурныя рэформы. Ужо абвешчаныя і шырока разрэклямаваныя праграмы ў сапраўднасьці выяўляюцца “ліпай”, працягваючы шматгадовую практыку паўмераў. Да таго ж, на новы кабінэт міністраў напала хвароба ягоных папярэднікаў — унутраныя сваркі і карупцыйныя скандалы, якія прымусілі сысьці цэлы шэраг ключавых фігур. Некалі фэнамэнальная папулярнасьць Каідзумі сярод насельніцтва, што дасягала ў момант свайго піку амаль 90%, “нармалізавалася”, яшчэ ў студзені зваліўшыся ніжэй за 50-працэнтную адзнаку.

Але найбольш прыкра, што ад Японіі, падобна, ужо паволі пачынаюць адварочвацца яе галоўныя партнэры ў палітыцы і бізнэсе. МВФ, нават пры ўсім жаданьні, дапамагчы ня здолее. Ягоны сукупны рэсурс, што складае каля чвэрці трыльёну даляраў, проста нікчэмны ў параўнаньні з трыццацітрыльённай сумай агульных дзяржаўных і карпаратыўных запазычанасьцяў краіны. Вядома, японскі гіпапатам яшчэ зможа пратрымацца на паверхні доўгія гады: тэхналягічнае лідэрства, што захоўваецца ў многіх галінах, і велізарныя фінансавыя рэсурсы будуць спрыяць гэтаму. Але ці здолее ён калі-небудзь цалкам ачомацца і выбрацца на цьвёрды эканамічны грунт сусьветнага лідэрства, сказаць надзвычай цяжка.

Раман Бурдыка


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру