У Слуцак па соль

У красавіку 1942-га зямлю калгасную, коней і сельгасінвэнтар сяляне нашай вёскі Боркі, як і паўсюль на Случчыне, падзялілі. І ў хлапчукоў-падлеткаў зьявіўся гаспадарчы клопат — пасьвіць коней. Лепшых гнядых немцы забралі яшчэ зімой, пакінулі старых, дабітых калгасам дахадзяг. Іх засталося па адным на два двары. Не мінула і месяца, як тыя коні з вострымі дугамі рэбраў пачалі ўвачавідкі круглець — што значыць займелі гаспадароў!

У траўні на лугах і ў хмызьняку каля лесу пайшла ў рост трава, і мы, хлапчукі, спутвалі коней на ноч каля тых хмызоў, раскладалі цяпельца, смажылі на ражончыках сала, а апоўначы захіналіся ў сьвіткі й спалі да самага золку. А ледзьве сонца пачынала залаціць вершаліны дрэваў, растрыножвалі коней і вярталіся ў вёску.

Неяк у нядзелю, 17 траўня, маці сказала мне, каб схадзіў у Слуцак і купіў на базары солі, сахарыну, запалак і мыла. Радасьці маёй не было канца, бо з пачатку вайны, калі я праводзіў да ваенкамату бацьку, ніводнага разу ня быў у горадзе.

Зь сябруком Толікам Валатковічам мы ўзялі кірунак на Слуцак, да якога ад нашай вёскі дваццаць кілямэтраў. Мінуўшы тры вялікія вёскі, выйшлі на шашу-“варшаўку”. Узбоч яе ў канавах валяюцца абгарэлыя шкілеты нашых машын-паўтарачак, гармат-саракапятак з патрушчанымі шчытамі, кучы артылерыйскіх снарадаў. А насустрач нам па шашы сунецца даўжэзная вайсковая калёна немцаў. Яна кіруецца на ўсход — да фронту. Паперадзе ідзе легкавік з адкідным брызэнтавым верхам. На ім тырчаць чатыры рулі дробнакалібэрнай зэнітнай устаноўкі з запраўленымі ў патроньнікі стужкамі. За ёю на крэсьле — салдат у касцы. Сьледам ідзе такі самы легкавік. На ягоным капоце разасланае чырвонае палотнішча зь белым кругам, пасярод якога чарнее свастыка. Ужо пасьля вайны я даведаўся, што немцы такімі разгорнутымі на машыне палотнішчамі давалі знак сваім самалётам, каб тыя паблізу фронту не ўсчалі іх бамбаваць. Мы збочваем на край шашы, бо насустрач, абганяючы грузавікі, поўныя салдатаў, імчаць матацыклы з каляскамі. На кожным па тры гітлераўцы, за плячыма ў іх — новенькія савецкія вінтоўкі-дзесяцізарадкі. І ня дзіва: у першыя дні вайны савецкія салдаты, адступаючы, пакінулі ў лясох, балотах, жыце столькі стралковай зброі, што яе хапіла б не на адну дывізію — сваімі вачыма бачыў гэткі арсэнал вакол вёскі.

Вось і Слуцак. Галоўная вуліца (да вайны яна звалася Пралетарскай) ад усходняй ускраіны і да цэнтру — суцэльнае поле абгарэлых комінаў, галавешак. Мы спыталі ў цёткі, што ішла насустрач, хто спаліў гэтыя дамы. “Нашы, як адступалі, ішлі ад дому да дому і кідалі бутэлькі з бэнзынам”. Тады мы, выхаваныя савецкай школай, не далі ёй веры. Але пасьля, ужо за Хрушчовым, я чуў пра гэта ад многіх пагарэльцаў.

Двухпавярховы Дом Саветаў у цэнтры гораду ацалеў. Там атабарылася гарадзкая ўправа. Над уваходам — вялізны каляровы партрэт фюрэра з подпісам па-расейску: “Гитлер-освободитель”. А над ім — чырвоны сьцяг зь белым кругам і чорнай свастыкай у цэнтры яго. Вартавы ў чорнай форме з расейскай вінтоўкай праходжваецца паблізу. На рагу вуліцы жанчына прадае газэты. Іх я не трымаў у руках амаль год. Купляю за савецкі рубель сьвежы нумар “Беларускай газэты”. На першай старонцы — зводка з усходняга фронту пад рубрыкай “З галоўнай кватэры фюрэра”. Зацікавіла паведамленьне аб баях на поўдні: “Наступ саветаў пад Харкавам. Бальшавікі буйнымі сіламі пяхоты і танкаў перайшлі 13 траўня ў наступ у раёне Лазавая і Барвенкава, але ўсе атакі іх адбіты зь вялікімі для ворага стратамі. У паветраных баях састрэлена 55 савецкіх летакоў, люфтвафэ недалічылася шасьці машынаў”. Праз два тыдні пасьля майго наведваньня Слуцку тая ж “Беларуская газэта”, якую прывёз наш сусед, паведаміла, што тры арміі саветаў акружаныя пад Харкавам і разгромленыя. Толькі ў палон немцы ўзялі 157 тысячаў чалавек, у якасьці трафэяў — звыш 600 танкаў і 1800 гарматаў. На жаль, тут нямецкая прапаганда зусім не перабольшыла стратаў Чырвонай Арміі ў той бітве, якую ў вышэйшых вайсковых вучэльнях потым назавуць “Харкаўскай катастрофай”.

…Мы зь сябруком ідзём да базару. Туды ад цэнтру гораду каля кілямэтра. Па брукаванай вуліцы два нашыя ваеннапалонныя — бледнатварыя, у брудных шэрых шынялях — коцяць вазок-двухколку зь бітай цэглай. Без канваіра. Яны зь лягеру для ваеннапалонных, што знаходзіцца ў першым вайсковым гарадку. Там за зіму 42-га памерла ад голаду й тыфу звыш 10 тыс. савецкіх салдатаў і афіцэраў. Ацалела чалавек чатырыста, ня болей. Насустрач нам проста па дарозе ідзе худая ў лахманах жанчына з жоўтай шасьціканцовай зоркай на грудзях і на плячах. Калі яна збочыла на ходнік, каб ня трапіць пад колы грузавіка, паліцыянт груба загадаў ёй сысьці зь яго: габрэям не дазволена хадзіць па тратуарах.

На базары шмат людзей, вазоў. За савецкія рублі купляю ў аднаго дзядзькі шклянку солі й дзьве пушкі запалак, а ў нямецкага салдата, што стаіць паблізу з адкінутай на раменьчыках палічкай для тавару, купляю сахарыну, кавалачак пясочнага мыла і некалькі цыгарэтаў — за нямецкія акупацыйныя маркі, якія ідуць нароўні з рублямі. Побач вясковы дзядзька разаслаў проста на бруку посьцілку ды выставіў бутэльку з самагонам, нарэзаныя лустамі хлеб і сала, цыбулю. Падыходзяць два нямецкія салдаты бяз зброі, толькі са штых-нажамі ў скураных чахольчыках на дзязе. Паказваюць дзядзьку, што жадаюць выпіць ягонага “шнапсу”, але, маўляў, сьпярша сам пакаштуй. Той глытае паўшклянкі і выцірае рукавом куфайкі вусны. Тады і немцы выпіваюць па шклянцы, закусваюць “шпэкам”, разьлічваюцца маркамі. Тым часам на сярэдзіну базарнай плошчы выяжджае машына-паўтарачка з адкінутым бортам. Мужчына сярэдніх гадоў праз рупар аб’яўляе, што зараз выступіць слуцкі паэт Васіль Клішэвіч. Малады хлопец у вышыванай кашулі пачынае чытаць вершы, людзі моўчкі слухаюць яго. Мяне болей за ўсё крануў упершыню тады пачуты з вуснаў Клішэвіча верш Максіма Багдановіча “Пагоня”. Асабліва словы “Біце ў сэрца іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць. Хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць”…

А Толік цягне ўжо мяне ў кіно. Кінатэатар, што да вайны зваўся “Чырвоная зорка”, месьціцца ў колішнім будынку габрэйскай харальнай сынагогі, якую бальшавікі закрылі ў канцы 20-х, як і іншыя храмы. Дарослых у кіно мала, болей падлеткаў і чалавек дзесяць нямецкіх салдатаў. Гасьне сьвятло, і на экране дэманструецца “Вафэн-шоў” — нямецкая дакумэнтальная франтавая кінахроніка. У тыя дні на Керчанскім паўвостраве ў Крыме немцы дабівалі дзьве арміі саветаў. А іхныя хранікёры пасьпелі зьняць кадры баёў і даслаць адну з копіяў той стужкі ў маленькі беларускі гарадок. Вось дык нямецкая апэратыўнасьць! На экране бясконцыя завалы спаленых савецкіх танкаў, машынаў, разьбітых фурманак, забітых коней. І трупы, трупы салдатаў, матросаў, бесказыркі, што плаваюць ля берага... Голас дыктара поўны захапленьня і радасьці. Яшчэ б! Толькі палонных немцы ўзялі звыш 130 тысячаў, захапілі й амаль усю баявую тэхніку. Пасьля экран паказвае Паўночную Афрыку. Аэрадром у пустэльні. У небе — пяцёрка беленькіх двухматорных самалётаў, напэўна, ангельскіх. Да зьнішчальніка “Ме-109” кіруецца лётчык — у адных шортах, толькі з парашутам за плячыма... І вось ужо бясхмарнае неба перакрэсьліваюць сылюэты двух ахопленых полымем самалётаў. А нямецкі ас у шортах ужо вылазіць з кабіны свайго “мэсэра”, сябры паціскаюць яму рукі, а тэхнік малюе на фюзэляжы машыны яшчэ два крыжыкі. І апошнія кадры хронікі — з Атлянтыкі. Апэратар зьняў іх з борту нямецкай падводнай лодкі, якая ўсплыла, каб зьнішчыць амэрыканскі параход. Матросы таропка разварочваюць у ягоны бок гармату і пачынаюць страляць. На борце параходу ўспыхваюць выбухі, потым ён пачынае хіліцца на адзін борт, пераварочваецца і тоне.

Пасьля ўсяго ўбачанага нямецкая камэдыя “Сэрца радаснае, сэрца сумнае” зь беларускімі тытрамі па нізе экрану здалася пуставатай, і мы зь сябрам пайшлі з залі. Пад вечар былі ўжо дома і распавядалі пра ўбачанае ў кіно сябрукам. А купленую ў горадзе газэту я аддаў свайму дзядулю Якубу — на цыгаркі.

Міхась Тычына, Слуцак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0