Гальдоні ў Купалаўскім

Рыба нас таксама любіць

У Купалаўскім адбылася прэм’ера камэдыі “К’ёджаўскія перабрэхі” паводле п’есы Карла Гальдоні. Паставіў яе рэжысэр Уладзімер Шчэрбань, ужо вядомы гледачу па спэктаклі “Тут жывуць людзі” паводле п’есы Атола Фугарта. “К’ёджаўскія перабрэхі” прывабліваюць выдатнай сцэнаграфіяй, якая цудоўна перадае казачны калярыт Адрыятыкі, настраёвай музыкай ды бліскучым падборам актораў, якія на ўвесь спэктакль прыкоўваюць да сябе ўвагу гледачоў — а каб разабрацца ва ўсіх хітраспляценьнях п’есы, трэба быць вельмі ўважлівым.

Дзея адбываецца ў маленькім рыбацкім гарадку К’ёджа, дзе ўсе між сабою суседзі, браты і сваты. Таму й жывуць у атмасфэры суцэльнай закаханасьці, суперніцтва, рэўнасьці, зайздрасьці, плётак, сварак і звадак ды стыхійна-змушаных замірэньняў. Гэта калаўрот будзённага жыцьця жанок і нявестаў, чые мужы і жаніхі “з дванаццаці дзесяць месяцаў” праводзяць у моры. Галоўнае — не разгубіцца й старанна адсочваць усе раманы паміж героямі, а таксама ступені іхнага сваяцтва.

У першай дзеі шмат грукату, жарсьцяў, нагавораў і непаразуменьняў. Спэктакль, названы на афішы камэдыяй, больш нагадвае сур’ёзную жыцьцёвую драму, паўсталую з-за выпадковых недарэчнасьцяў і заганнасьці чалавечае натуры. Зрэшты, гумару таксама хапае: Рыгор Барадулін, які перакладаў п’есу, шчодра насыпаў у яе сакавітых народных выразаў. Але публіка больш жвава рэагуе на прыёмы “камэдыі станаў”. Супраціўляцца міралюбнаму камізму падрона Фартунатэ (Вячаслаў Паўлюць) і памочніка судзьдзі (Віктар Манаеў) ня можа ніхто. Гэтыя пэрсанажы разраджаюць нежартоўную вэндэту адрынутых і абражаных жанчынаў і пакрыўджаных у сваім гонары мужчынаў з гарачай крывёю і багатым уяўленьнем.

Вайна паміж жанчынамі паўстае ў спэктаклі справай значна больш змрочнай й небясьпечнай за мужчынскія “разборкі”, хоць яна й вядзецца на ўзроўні перабрэхаў і бойкі вёсламі, а ня кіданьня камянёў і размахваньня нажамі.

У другой дзеі камэдыя набывае дынамізм і разьняволенасьць. Там больш непасрэднага гумару, сьпеваў і танцаў. Глядач можа ўздыхнуць з палёгкай і расслабіцца, спадзеючыся на хэпі-энд. Хоць шмат якія моманты дражняць магчымасьцю іншага разьвіцьця падзеяў. І калі ў канцы спэктаклю каханьне (а хоць дзе й здаровы рыбацкі разьлік) усё ж перамагае і ўрэшце ўсе між сабою жэняцца, гледача чакае сюрпрыз. Маўляў, гэта вам ня “Пінская шляхта”, не сэнтымэнтальная сялянская ідылія.

“К’ёджаўскія перабрэхі” — эўрапейская казка, якую асабліва ўпадабаюць дзеці, раўнівыя жаніхі, дзяўчаты на выданьні й тыя, хто проста любіць рыбу. Пры канцы спэктаклю яны ўпэўняцца, што рыба іх таксама любіць.

Марыя Салаўёва


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0