аналітыка

Фядупа—Тыкубовіч—Лабэцька

Наш спэцыяльны праект працягваецца. Каб прадухіліць абвінавачаньні ў нацыянальным шавінізьме, апошняе турэцкае “и” мы вырашылі замяніць не на “і” беларускае, а на палітычна карэктную літару “ы”. Падзеі мінулага тыдня аналізуюць урач-футуроляг Фядупа, Змагар нябачнага фронту, вядомы журналіст Тыкубовіч і апазыцыянэр Лабэцька. Тэмы тыдня — па-громы ў Маскве, сустрэча ў вярхах у Пецярбурзе і конкурс на новы гімн.

Змагар: Сапраўдным апагеем барацьбы беларускага народу супраць расейскіх акупантаў сталася перамога японскай зборнай на футбольным чэмпіянаце! Намундыялілі-такі шыю расейцам! Ад імя і па даручэньні ўсіх разумова здаровых палітычных сілаў правага крыла левай арыентацыі беларускага вызвольнага руху віншую японскі народ з гэтым валявым нацыянальным чынам! А антыбеларуская ўлада, што прапісалася ў палаце прадстаўнікоў і адміністрацыі прэзыдэнта, няхай памятае: саюзьнік наш — гэта ня толькі храм Васіля Блажэннага, Бальшы тэатар і гжэль, але й футбольныя фанаты, гатовыя паліць і забіваць…

Фядупа: А мне здаецца, калега, вельмі добра, што нашы прайгралі. Вы толькі сабе ўявіце, што рабілася б у Маскве, каб яны выйгралі! Нават мальчышкі з “Маладога фронту”, якія са сваім “Люблю Беларусь!” цэлы год перашкаджалі будоўлі жыцьцёва важнай кальцавой аўтамабільнай артэрыі, ні ў якое параўнаньне з гэтым ня йдуць!

Тыкубовіч: Менавіта таму сустрэчу са сваімі саратаўскімі балельшчыкамі Гарант Канстытуцыі перанёс ў парлямэнцкую асамблею Савету Эўропы, яшчэ раз дэманструючы тым самым сваю прыхільнасьць да прынцыпу раўнапраўя ў часе будаўніцтва саюзнай дзяржавы. А двухдзённы візыт у Санкт-Пецярбург…

Лабэцька: …Памятаю, у 1994-м, калі ва ўсіх былі палітычныя амбіцыі, запрашае мяне Лукашэнка да сябе і кажа: паехалі, Толя, са мной у Санкт-Пецярбург! А я адмовіўся. Я сказаў у пісьмовым выглядзе: Аляксандар Рыгоравіч, пакуль у нашай краіне парушаюцца правы чалавека...

Фядупа: Дарэчы, пра Санкт-Пецярбург: тое, што ў аэрапорце кіраўніка дзяржавы сустракаў не асабіста прэзыдэнт Пуцін, а ўсяго толькі Якаўлеў з дывізыяй сердзюкоў і чаркесаў, — трывожны сыгнал. Магчыма, Расея хоча адыграцца за паразу ў Японіі на беларускім нафтахімічным комплексе, пакінуўшы Лукашэнку зь непрададзенымі заводамі, нішчымі рабочымі, бунтоўным дырэктаратам і расчараваным электаратам.

Лабэцька: …А я памятаю — кліча мяне раз Лукашэнка да сябе і пытаецца: дык што, Толя, ці будзем прадаваць заводы? А я адмовіўся адказваць. Я сказаў: Аляксандар Рыгора...

Змагар: Ганебным рэвэрансам у бок крывавых маскоўскіх захопнікаў выглядае й спроба прыняць гімн так званай Рэспублікі Беларусі, што можа прывесьці да страты дзяржаўнасьці й поўнай русіфікацыі. І гэта ў час, калі ўжо 15 гадоў гіне мова! Збыдлелы народ у чарговы раз гоняць у пастку аўтарытарызму! Заміж таго каб, абіраючы між пяці варыянтаў, скакаць пад дудку Несьцера Сакалоўскага, галасуйма за гімн Японіі!

Лабэцька: Ва ўмовах шматступеньчатай кааліцыі неяк запрашае мяне Лукашэнка і просіць: Толя, ты гісторык, і я гісторык! Дык давай напішам гімн! А я адмовіўся. Бо пісаць гімны, калі ў нас, беларусаў, мірных людзей, людзі зьнікаюць, — амаральна!

Аддзел аналітыкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0