Шантаж па-расейску, адказ на трасянцы

Пуцін хоча вызваліць джына інтэграцыі з-пад кантролю Лукашэнкі

Лукашэнка не дае Маскве магчымасьці стварыць іншыя цэнтры ўлады, якія перанялі б у яго ініцыятыву інтэграцыі і палегчылі прыход расейскага капіталу ў Беларусь. Аднак Лукашэнка па сваёй ідэалёгіі ня здольны забясьпечыць і павароту Беларусі да Захаду. Разьвязка — 25 чэрвеня?

Адлік падзеяў пачаўся, калі зрабіў заяву намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур. Напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным менавіта яму выпаў гонар паведаміць, што ўрад не зьбіраецца прадаваць кантрольныя пакеты беларускіх прадпрыемстваў ніводнаму з расейскіх алігархаў. Нічога нечаканага ў заяве не было. Прыход расейскага бізнэсу нясе пагрозу ўладзе лукашыстаў.

За дзень да спатканьня Лукашэнкі і Пуціна кіраўнікі Расеі, Украіны і Нямеччыны дамовіліся пра стварэньне кансорцыюму для пампаваньня расейскага газу ў Эўропу праз Украіну. Амбіцыйны праект пракладкі газаправоду празь Беларусь быў адкладзены на сьвятога Ніколі.

Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна мела рэкордную працягласьць – 10 гадзінаў. “Што такое абмяркоўваецца?” — не маглі даўмецца журналісты. Камэнтары прэзыдэнтаў былі даволі няўцямнымі. Лукашэнка казаў, што Пуцін прапанаваў яму спачатку абраць саюзны парлямэнт, а потым прыняць на рэфэрэндуме канстытуцыйны акт. Беларускі кіраўнік адзначыў, што мае іншы падыход, але паабяцаў разгледзець расейскія прапановы на працягу двух тыдняў. У сваю чаргу, Пуцін зьедліва працытаваў зьвесткі, якімі, відавочна, казыраў на перамовах Лукашэнка: што ў Беларусі 50% людзей выступаюць супраць скасаваньня сувэрэнітэту краіны. У адказ Лукашэнка ўжыў уласьцівую яму рыторыку, падкрэсьліўшы, што — затое — аб’яднаньня зь Беларусяй хочуць 80—90% расейцаў.

У максымальна прыніжальнай манеры

Гэтая рыторыка мела прыхаваць прынцыповыя супярэчнасьці, якія высьвеціла піцерская сустрэча. У сваіх заявах, зробленых у Расеі, Лукашэнка заўсёды выстаўляе сябе большым інтэгратарам, чым у выступах перад беларускай аўдыторыяй. Гэтым разам, рыторыка не ўратавала. Расплата за нешта, што адбылося ці, хутчэй, не адбылося падчас 10-гадзінных перамоваў, была амаль імгненная.

У сераду “Ітэра” тэлеграмаю папярэдзіла беларускі ўрад пра зьніжэньне паставак газу ў нашу краіну на 50%. А ў чацьвер расейскі прэзыдэнт выказаўся больш чым пэўна. Інтэграцыйныя падыходы Менску ён ахарактарызаваў як “ідэалягічнае шалупіньне і кашу”. Ён высьмеяў гонар замежнае палітыкі Лукашэнкі — ідэю стварэньня саюзнай дзяржавы на парытэтных пачатках. Выступ Пуціна быў вытрыманы ў максымальна прыніжальнай манеры, але самым спакойным тонам, як ён гэта ўмее рабіць.

Значна больш груба тыя ж думкі выказалі верныя Крамлю СМІ і палітыкі. Інтэрнэт-выданьне “Вести.ru”: “Калі Крэмль падтрымаў Лукашэнку на выбарах, дык мусіць за яго адказваць. Як адказваюць за чатырохногіх сяброў уладальнікі сабак: трэба выгульваць іх у пэўных месцах і трымаць у чалавечым асяродку на кароткім ланцужку і ў напысьніку”. У.Жырыноўскі: “Лукашэнка, можа быць, проста сёньня не да канца кажа, але ён згодны будзе, дайце веры, на формулу проста ўваходжаньня Менскай і Магілёўскай губэрні ў склад Расеі, а сябе — на пасаду першага віцэ-прэм’ера расейскага ўраду — замест Матвіенкі”.

Беларускія чыноўнікі агрызнуліся зь неўласьцівай ім рэзкасьцю.

У аўторак, вытрымаўшы паўзу, сказаў слова і кіраўнік Беларусі. Тон выступу быў дастаткова цьвёрды: “Сёньня мы гэта пачулі на самым высокім узроўні. Гэта добра. Цяпер мы ведаем пазыцыю кіраўніцтва Расеі”. Прамова была споўненая нацыяналістычнай рыторыкай: “Годзе, мы ўжо ў сваёй гісторыі наеліся, калі нас то ціснулі, то душылі, то мы краем былі, то пры губэрні былі… Севера-западным краем мы ня станем”. Кіраўнік Беларусі характарызаваў прапанову далучэньня Беларусі да Расеі як нерэалістычную, заведама непрымальную. “Кіраўніцтва Расеі разумее, што такога ня будзе. Тады чаму ж прапануюць?”

Тым ня менш, кіраўнік Беларусі лічыць магчымым вяртаньне да ранейшага стану рэчаў, які цягнецца з 2000 г. — калі нехаць да інтэграцыі маскавалася інтэграцыйнай рыторыкай: “Мы гатовыя ісьці настолькі далёка і глыбока ў будаўніцтве саюзных стасункаў, наколькі сёньня да гэтага гатовае кіраўніцтва Расеі!”. А кіраўніцтва Расеі паўтарае тую самую думку з дакладнасьцю да наадварот.

Але надзея на замірэньне застаецца. З прычыны роўнае сілы праціўнікаў. Зрушыць беларускі статус-кво няпроста. “Советская Белоруссия”, орган лукашэнкаўскае адміністрацыі, неўзабаве пасьля інтэрвію вечнага маўчуна В.Шэймана выдрукавала поўны тэкст таго адказу Пуціна на пытаньне невядомага хірурга, які нарабіў столькі гоману. Прэзыдэнт Расеі ў добрай гарбачоўскай традыцыі выклаў на сустрэчы з ратаўнікамі чалавечых сэрцаў усю канцэпцыю адносінаў Расеі з краінамі СНД.

Сярод прынадных рэвэрансаў у бок Украіны і ўхвальных згадак пра Ўзбэкістан словы пра Беларусь сапраўды гучаць ня так безнадзейна. Ды пытаньне ў тым, чаму менавіта гэтую заяву Пуціна разьдзьмулі крамлёўскія СМІ?

Давядзецца шукаць варыянты

Акадэмік Вайтовіч адмяніў свой плянавы візыт у Пецярбург, а за ім і кіраўнік палаты Вадзім Папоў.

Збольшага ў беларускіх палітычных колах панавала расчараваньне ў Пуціну з нагоды ягоных апошніх заяваў і камэнтароў уплывовых маскоўскіх палітыкаў і СМІ. Гэта была таксама нагода выявіць палітычную самастойнасьць для тых, каму раней у лукашэнкаўскай сыстэме належала маўчаць. Антырасейскі тон кіраўніка падтрымалі ўсе значныя ўрадоўцы. Прынамсі, тыя, хто ў беларускім кіраўніцтве ўвогуле ўмее гаварыць.

Асабліва прыніжальнымі сталі лічбы “3% і 97%”. Беларусы традыцыйна ганарацца сваёй гаспадарскасьцю ды руплівасьцю і ня любяць нахлебніцтва. Зрэшты, гэтыя лічбы і не адпавядаюць рэчаіснасьці. Пра гэта заявіў у часе прэсавай канфэрэнцыі выканаўца абавязкаў старшыні Нацыянальнага банку Павал Калаўр. Паводле ягонай ацэнкі, беларуская доля вышэйшая і складае каля 5–7%. Ён жа скарыстаўся нагодаю, каб адзначыць: скасаваньне ідэі наднацыянальных органаў у так званай саюзнай дзяржаве прывядзе да перагляду беларуска-расейскіх дамоўленасьцяў пра стварэньне агульнага эмісійнага цэнтру.

Павал Калаўр: “Калі ставіцца пытаньне, што адзіным эмісійным цэнтрам будзе Цэнтральны банк Расеі, то, па-першае, гэта не стасуецца з саюзнай дамовай. Па-другое, у гэтым няма неабходнасьці, бо магчымая іншая, больш гнуткая сыстэма, якая адпавядае інтарэсам дзьвюх краінаў. І, што самае галоўнае, такая сыстэма не зачыняла б шляху да аб’яднаньня іншых дзяржаваў — Казахстану, Кіргізіі, Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Такая сыстэма празрыстая і не дапускае манапалізму з чыйго-кольвек боку.

Гэтае пытаньне будзе вырашацца ў залежнасьці ад далейшых перамоваў у пытаньні канстытуцыйнага акту. Калі ж будуць зьмененыя нейкія палажэньні дамовы, што гэта не адносіцца да кампэтэнцыі саюзнай дзяржавы, то давядзецца шукаць нейкія іншыя падыходы і варыянты”.

На агульным фоне крыху абсурдна гучалі камэнтары прадстаўнікоў беларускае “цэнтрысцкае апазыцыі”. “Пуцін стаў відушчы”, — цешыўся Міхаіл Марыніч, былы пасол Беларусі ў Латвіі. — Заява Пуціна — гэта перамога беларускіх дэмакратычных сілаў”.

 

Пуцін выкарыстаў Коліна Паўэла

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч разам з многімі мяркуе: “Праз Пуціна Лукашэнку далі зразумець: яму давядзецца лічыцца зь меркаваньнем міжнароднай супольнасьці”. На такой інтэрпрэтацыі настойваюць і расейцы. Сяргей Караганаў, адзін з самых уплывовых крамлёўскіх экспэртаў: “Тое, што сказаў Колін Паўэл, азначае прызнаньне амэрыканцамі асаблівай ролі і асаблівай адказнасьці Расеі за сытуацыю ў Беларусі”. А вось адзін з заходніх дыпляматаў у Менску заявіў для “НН”: “Гэта Пуцін зрабіў па-расейску. Ён выкарыстаў заяву Паўэла як нагоду. Амэрыканцы не адмаўляюцца ад ранейшае прынцыповае пазыцыі: Расея павінна перастаць разглядаць новыя незалежныя дзяржавы як сваю зону ўплыву”.

Перадача Беларусі Расеі “для імпарту дэмакратыі” была б дзівацтвам. Дэмакратыя не экспартуецца. Яна вырастае. Чачэнія, Калмыкія, Прыднястроўе, Абхазія — якая там дэмакратыя на пэрыфэрыі расейскага кантролю! На Захад праз Усход ня ходзяць.

 

Расея ня марыць
пра Эўразьвяз

Былы міністар замежных справаў Беларусі Іван Антановіч, які цяпер жыве і працуе ў Маскве, у інтэрвію радыё “Свабода” так праінтэрпрэтаваў заяву Пуціна: “Я ня памятаю, каб беларусы калі-небудзь прапаноўвалі стварыць аналяг былога Савецкага Саюзу. Я ўпэўнены, што ў Беларусі ніхто не зьбіраецца ўваходзіць у склад нейкай іншай дзяржавы. Мяркую, што і ў Расеі ніхто гэтага не чакае. Я мушу сказаць, што гэтая заява тычыцца ня толькі беларуска-расейскай інтэграцыі. Гэта першая моцная і ўсёабдымная заява прэзыдэнта Пуціна пра тое, як ён разумее сувэрэнітэт. Калі для прэзыдэнта абмежаваньне сувэрэнітэту ў магчымым саюзе Расеі і і Беларусі немагчымае, дык, відаць, на бліжэйшы час ён ня думае аб шчыльнай інтэграцыі зь іншымі ўтварэньнямі, у тым ліку і з Эўразьвязам, дзе сувэрэнітэт краінаў-сяброў даволі істотна абмежаваны”.

У разуменьні І.Антановіча, такім чынам, супярэчнасьць між замежнапалітычнымі канцэпцыямі Расеі й Беларусі палягае найперш у тым, што Беларусь, нягледзячы на непасьлядоўнасьць, усё ж бачыць сваю будучыню ў складзе сям’і эўрапейскіх дзяржаваў, тады як Расея ў сілу геапалітычных прычынаў такой надзеі ня мае.

 

Чаканы сюрпрыз

Маскоўскі карэспандэнт уплывовай нямецкай “Франкфуртэр альгемайнэ” піша: “Выказаўшы нарэшце сваю пазыцыю адносна расейска-беларускага аб’яднаньня, Масква, відаць, перакрэсьліла ружовыя ілюзіі Менску што да магчымасьці сумяшчаць палітычную самастойнасьць з эканамічнай залежнасьцю”.

Аднак ці сапраўды выпад Пуціна стаў для беларускіх уладаў сюрпрызам? Беларускі бок відавочна правакаваў саюзьнікаў. А.Тур ведаў, на што ідзе, агучваючы “10%-ю канцэпцыю” прыватызацыі, і Л.Козік ведаў, якія думкі выказвае ў гучным інтэрвію “Народнай волі” пра цывілізацыйную вышэйшасьць беларусаў, і Я.Рыбакоў — разважаючы пра “маскоўскія штучкі”. І ўсё гэта — напярэдадні старту праекту АНТ.

Лукашысты хацелі б, каб грамадзкая думка лічыла вінаватай у правале інтэграцыі Расею, а не Беларусь. І так адбылося. “Праціўнікі інтэграцыі рана сьвяткуюць перамогу!” — грымеў сьвятым гневам Лукашэнка.

Маскоўскі “Коммерсантъ”: “Заява Пуціна стала лягічным працягам словаў, прамоўленых падчас Дня Расеі. Там ён сказаў, што ў Расеі няма ворагаў і што яна не прэтэндуе на нейкі асаблівы шлях разьвіцьця. У сукупнасьці з запэўненьнямі, што прагучалі раней на самітах Расеі з ЗША, NАТО і ЭЗ, у стратэгічным партнэрстве Масквы з Захадам гэта азначала канцэптуальнае афармленьне новага замежнапалітычнага курсу Крамля”. Сяргей Касьцян, працаўнік літаратурнага фронту: “Уладзімер Пуцін выконвае волю Буша. …Паважанаму прэзыдэнту брацкай расейскай дзяржавы трэба найперш ня мух ад катлет аддзяляць, а аддзяліць крамлёўскіх сьляпнёў ад цела саюзу Беларусі і Расеі”. Станіслаў Шушкевіч: заява У.Пуціна абумоўленая “патрэбамі нармальнага разьвіцьця Расеі, нармальнай эканомікі і нармальнага палітычнага мысьленьня яе цяперашняга кіраўніцтва”. Газэта “Советская Россия”: “Пуцін хоча пахаваць саюз”. Абараніць “саюзную дзяржаву” заклікае на старонках “Правды” і лідэр расейскай кампартыі Генадзь Зюганаў.

 

Асноўны тормаз?

Зусім іншы погляд на прычыны зьяўленьня заявы Пуціна выказаў вядомы крамлёўскі паліттэхноляг Глеб Паўлоўскі: “У адносінах з саюзам існуе такі панятак, як паліткарэктнасьць. Паколькі мы ўсе ведаем, што ў прэзыдэнта Беларусі Лукашэнкі падае рэйтынг. Гэта ня дрэнна і ня добра, гэта факт”. У перакладзе з паліттэхналягічнае на чалавечую гэта азначае: мы хочам, каб рэйтынг Лукашэнкі падаў. Гэта дазволіць нам выкарыстаць ягоную слабасьць.

Маскоўская “Независимая газета” палохае: “У Беларусі гэта ў пэрспэктыве пагражае падзеньнем Лукашэнкі, ва ўсялякім выпадку, для Захаду гэта будзе карт-блянш, каб прыняць адмысловыя меры...” Побач яна прыводзіць і больш рэалістычнае выказваньне Аляксея Малашэнкі, прафэсара Маскоўскага цэнтру Карнэгі: “Тое, што адбылося, заканамерны вынік усёй гісторыі разьвіцьця расейска-беларускіх дачыненьняў у рамках згаданай дамовы. Гэты працэс быў правальны ад самага пачатку, бо сама спроба адрадзіць саюз дзьвюх дзяржаваў на незразумела якім грунце і зь якімі правамі кожнай ужо ўяўлялася абсурднай”. Паводле “Независимой газеты”, далейшы сцэнар падзеяў можа мець тры варыянты. “Поўнае падпарадкаваньне Беларусі волі Москвы, якая, натуральна, будзе прыхаваная тактоўнай, больш прымальнай для Лукашэнкі формай, і тады Беларусь станецца чымсьці кшталту “другога Татарстану” ў складзе Расеі. Другі варыянт — “фронда”: дэманстрацыя дружбы з Захадам і страта ўсялякай цікавасьці да працы над стварэньнем саюзнай дзяржавы. І трэці, найменш верагодны варыянт — нечаканая зьмена кіраўніцтва Беларусі ў асобе Лукашэнкі, які зьяўляецца “асноўным тормазам” інтэграцыйнага працэсу”, — піша добра паінфармаваная “НГ”.

У гэты кантэкст гладка кладуцца дзіўнаватыя пры толькі што абраным прэзыдэнце пошукі “спадчыньніка Лукашэнкі”, якія распачала “Белорусская деловая газета”.

Лукашэнка ці “саюзны парлямэнт”

За “псыхічнай атакай” расейскіх мэдыяў, за заявай Пуціна бясспрэчна стаіць пытаньне пра ўласнасьць у Беларусі.

Крэмль хоча стварыць сытуацыю, пры якой Лукашэнка стаў бы не адзіным ініцыятарам інтэграцыі ў нашай краіне. Вось сутнасьць расейскіх прапановаў у пераказе Лукашэнкі: “Выпатрашыць” цяпер дзейную дамову між Беларусяй і Расеяй, пазбавіўшы яе зьместу й сэнсу, а затым выбраць парлямэнт, які выпрацуе канстытуцыю саюзу і вынесе яе на рэфэрэндум”. За якія ж зьмест і сэнс чыста дэкляратыўнае дамовы Лукашэнка трасецца?

Паводле схемы Пуціна, далейшую схему інтэграцыі мусіць прапаноўваць не Лукашэнка, а незалежны ад беларускага кіраўніка орган, што будзе складацца з дасьведчаных расейскіх парлямэнтароў і іх бязвольных беларускіх калегаў. Калі б Пуціну ўдалося дабіцца гэтага, карабель беларускага сувэрэнітэту пайшоў бы іншым курсам, а расейскі капітал нарэшце здабыў у Менску стартавую пляцоўку.

Лукашэнка замкнуў інтэграцыю на сабе, зрабіўшы дзяржаўнасьць Беларусі закладніцай сваёй прыхамаці. Так сур’ёзная інтэграцыя сапраўды ня робіцца. Масква ж хоча стопрацэнтовай гарантыі.

Далучэньне Беларусі да Расеі сапраўды немагчымае, тут лукашэнкаўцы ня брэшуць. Немагчымае, бо непрымальнае. Анэксія Беларусі да сьмерці напалохала б іншыя краіны СНД, а аточаная эўрапейскімі дзяржавамі Беларусь была б вечнай крыніцай сэпаратызму і дыскрэдытацыі Расеі.

Як і скрозь у СНД, Масква аддала б перавагу стратэгічнаму кантролю над беларускай гаспадаркай праз паступовы прыход расейскага капіталу на беларускія прадпрыемствы. Гэта ідзе марудна, затое маем тэндэнцыю зьмяншэньня долі Расеі ў беларускім экспарце (чакаецца, што да канца году яна ўпершыню зраўнуецца з доляю “краінаў далёкага замежжа”).

 

Зьлезьці з іголкі энэрганосьбітаў

10 гадоў беларускае кіраўніцтва заставалася закладнікам прамысловага лобі. Урад кіраваўся інтарэсамі дырэктарскага корпусу. Лукашэнка выбіваў унутраныя расейскія цэны на энэрганосьбіты, каб зьнізіць сабекошт беларускай прадукцыі. І гэта цяпер вылазіць бокам.

Небясьпечнасьць для нацыянальнага сувэрэнітэту самой ідэі інтэграцыі па-беларуску — вось што высьвецілі прыніжальныя заявы пуцінцаў. Чэхія, Польшча заклалі ў канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі пункт, што з аднае крыніцы можна атрымліваць ня больш за траціну ўсіх энэрганосьбітаў. А мы — 90% нафты, 100% газу з Расеі. Нібы па зачараваным коле, усе стратэгіі будаўніцтва дзяржавы вяртаюцца да пытаньня энэргіі.

Беларусы самі ўблыталіся ў інтэграцыйныя гульні. Заява Пуціна разьвеяла салодкі туман, які іх суправаджаў. Дэпутат палаты прадстаўнікоў і былы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфіяновіч упэўнены, што гэтыя гульні ў інтэграцыю трэ было б скончыць даўно: “Дасьць Бог, Беларусь захавае свой сувэрэнітэт. Я думаю, што гэта павінна было адбыцца два гады таму, каб катлеты ад’ехалі ад мух”. Як выказаўся Міхаіл Марыніч, “далейшая інтэграцыя набудзе характар цывілізаваных адносін дзьвюх сувэрэнных краінаў”. Г.зн. спыніцца. Гульні ж вакол вабных беларускіх прадпрыемстваў ня спыняцца. Поле для манэўру ў Лукашэнкі на самой справе вельмі вузкае. Хоча ня хоча, а 25 чэрвеня — зноў ехаць да Пуціна. Цікава, калі канчаецца тэрмін пуцінскага ультыматыму? І што вырашыла “вэртыкаль” на зьлёце ў Магілёве?

Беларусь “сядзіць на іголцы” танных расейскіх энэрганосьбітаў. У Прыбалтыцы, Украіне адмова ад іх у 1992—94 г. суправаджвалася 40%-м спадам у прамысловасьці. Зьніжэньне паставак газу — ясны сыгнал, што і ў Беларусь газ можа пайсьці па ўкраінскіх цэнах. Прыбалтыка, Украіна павярнуліся да Захаду і вытрывалі цяжкі пераходны пэрыяд. Але Лукашэнка на сваёй ідэалёгіі забясьпечыць паварот да Захаду ня можа. Хоць толькі гэты паварот даў бы беларускай дзяржаўнасьці доўгатэрміновую стабільнасьць.

За інтэграцыяй ідзе працьверазеньне. Прызначаны на лістапад Усебеларускі сход інтэлігенцыі ў абарону незалежнасьці можа набыць іншае гучаньне.

Барыс Тумар


Зянон Пазьняк:

Можна нарабіць глупстваў

Заявы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі камэнтуе лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Адбылася чаканая і патрэбная зьмена дыпляматычнае тэрміналёгіі. Ва ўжытак уводзіцца пытаньне аб анэксіі. Раней яго хавалі пад флёрам “саюзу”… Давялі краіну да беднасьці, народ — да адурэньня, найвышэйшы ва Ўсходняй Эўропе эканамічны патэнцыял ператварылі ў нейкія ашкамёткі, паклалі на лапаткі бізнэс, падрыхтавалі зьнішчэньне беларускай культуры, мовы, аслабілі нацыянальны пачатак — краіна гатовая да здачы.

Лукашэнку фактычна пастаўлены ультыматум: альбо ідзі да нас з патрахамі, альбо мы табе газ адключым. І Лукашэнка можа нарабіць глупстваў. Сытуацыя сур’ёзная. Альтэрнатыва лукашэнкаўцам зьнішчаная — БНФ расколаты. У лукашыстаў ёсьць улада, і яна іх яднае. Іх інтэрас — трымацца разам. Аднак лукашэнкаўцы гатовыя здаць краіну, бо ў іх няма самастойнага мысьленьня. Дый Лукашэнка ніколі не павернецца да Захаду, ня зьвернецца да нацыянальнага пытаньня, не пачне мацаваць нацыянальную дзяржаву, нацыянальную культуру.

Патрэбная сіла, каб перавярнуць сытуацыю. Для сілы патрэбная ідэя. А для ідэі патрэбная інфармацыя. Толькі нацыянальная ідэя можа скансалідаваць нацыю на стварэньне нацыянальнай дзяржавы. Тое, што адбываецца ў беларускіх СМІ, — нацыянальная ганьба. Пры асьвятленьні той самай заявы Пуціна — мяшчанская балбатня, вал эмацыйных ацэнак… Толькі за гэтым валам хаваецца зусім пэўная палітыка.

Тым ня менш, сытуацыя небясьпечная і для тых, хто стаіць за гэтай балбатнёй. Бо калі ідзе адкрытая размова, адкрыты шантаж, дык можна і адкрыта абараняцца. Калі нацыя ўсьведамляе небясьпеку, інфармацыя распаўсюджваецца імгненна і бяз радыё, і без тэлебачаньня. Тады сама сытуацыя стварае магнэтычнае поле ў грамадзтве. Такое здаралася ў Беларусі ў мінулыя стагодзьдзі, нешта падобнае можа адбыцца і зараз.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0