Навіны

Арыштаваны рахунак “Народнай волі”

Арыштаваны рахунак газэты “Народная воля”. Нагодай для гэтага стаўся пазоў дзьвюх судзьдзяў з Жодзіна, якія лічаць, што газэта абразіла іх гонар і годнасьць. Кожная патрабуе 2,5 млн. руб. кампэнсацыі. Падстава — артыкул дырэктара саюзу юрыстаў Менскай вобласьці У.Іванова з крытыкай працы жодзінскіх судзьдзяў. Нягледзячы на арышт, “Народная воля” ня спыніць штодзённага выхаду.

200 тысяч беларусаў
з мабільнікамі

Колькасьць абанэнтаў сеткі мабільнае сувязі “Вэлкам” у Беларусі перакрочыла 200 тысяч. А ёсьць жа яшчэ “Белсэл”!

Індзейцы захапілі 57 турыстаў

Вэтэраны гватэмальскага войска захапілі 57 белых турыстаў і трымаюць іх у руінах гораду індзейцаў мая. Ваякі патрабуюць кампэнсацыі за службу: іх бралі ў войска сілком і гналі ваяваць з антыўрадавымі партызанамі.

Расея не пакіне “Сатану”

Начальнік расейскага Генштабу Анатоль Квашнін сьцьвярджае, што Расея “мае і будзе мець балістычныя ракетныя комплексы наземнага базаваньня з баегалоўкамі, што падзяляюцца, у тым ліку і цяжкія ракетныя комплексы тыпу “Сатана”. Камэнтуючы выхад ЗША з Дамовы па ПРА, Квашнін падкрэсьліў, што Расея мае сваю стратэгію рэагаваньня на гэта.

Узнагарода знойдзе героя

Украінская грамадзкасьць зьвярнулася да міністра абароны Леаніда Мальцава з прапановай даць званьне Героя Беларусі жыхару Жытоміру Юр’ю Краўцу. У 1985 г. на станцыі Разьезд Жабінкаўскага раёну ён адбуксаваў ахоплены полымем бэнзавоз ад пасажырскіх вагонаў поезду Масква—Бэрлін і кантэйнэраў з атамнымі адкідамі. Аднак беларускія законы не прадугледжваюць узнагароджаньня грамадзянаў за подзьвігі, зьдзейсьненыя да ўтварэньня Рэспублікі Беларусі, таму міністар параіў украінцам хадайнічаць аб ушанаваньні Краўца ўзнагародамі Ўкраіны.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0