Навіны гаспадарскія

НАШ БЮДЖЭТ не дабраў да пляну 116 млн. даляраў за студзень-травень. З пачатку году даўгі беларускіх прадпрыемстваў бюджэту павялічыліся на 55%.

УЛАСНЫ “БОІНГ” хоча купіць “Белавія” да наступнага лета. Лятаць на ім будуць у Эўропу.

ВЫДАТКІ НА ДАСТАЎКУ ПЭНСІЯЎ зьменшацца да 1% ад іх сумы. Цяпер “Белпошта”, “Беларусбанк” і недзяржаўныя прадпрыемствы бяруць за дастаўку 2—4%. У пэнсійным фондзе падлічылі, што празь зьніжку выдаткаў можна раз на год сплаціць грошы 150 тысячам пэнсіянэраў.

ПРЭМІІ за эканомію паліва будзе даваць кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў урад. Памер прэміі можа сягаць да 80% ад кошту зэканомленага бэнзіну.

ПРОДАЖ ЦУКРУ на рынках і ў камэрцыйных шапіках хочуць забараніць з 1 ліпеня. Гэтак Міністэрства гандлю хоча падтрымаць крамы, дзе цукар даражэйшы.

БЕЛАРУСКІЯ ЎСЮДЫХОДЫ пачалі рабіць на магілёўскім аўтазаводзе. Прадаваць іх будуць у Расеі.

КІТАЙЦЫ КУПІЛІ на “Інтэграле” пробную партыю мікрасхемаў для тэлевізараў. Калі мікрасхемы спадабаюцца, Беларусь можа экспартаваць іх па некалькі мільёнаў у год.

КРЭДЫТЫ НАЦБАНКУ патаньнелі на 4%. Цяпер іх даюць пад 46% у год. Сам Нацбанк тлумачыць гэта зьніжэньнем інфляцыі. У красавіку цэны падвысіліся на 2,9%, у траўні — на 2,2%, а ў чэрвені чакаюць яшчэ меншы паказьнік росту — 1,6%.

5 ГАДОЎ НЯ ТРЭБА БУДЗЕ плаціць рэгіянальны транспартны падатак у вольнай эканамічнай зоне “Магілёў”. Права на льготу атрымаюць прадпрыемствы, якія прадаюць сваю прадукцыю за мяжу.

ПАБІТЫЯ ПЛЯШКІ прымаюць у Горадні. Мераюць кіляграмамі: за адзін даюць 17 рублёў. Пляшкі перапрацоўвае тутэйшы шклозавод.

ЯКАСНЫ ХЛЕБ на Меншчыне патаньнее на 1,5%. Гэтак аблвыканкам хоча падвысіць попыт на хлеб дарагіх гатункаў.

50 ПАРКАМАТАЎ усталююць сёлета ў Менску. Празь іх кіроўцы легкавікоў змогуць самі аплачваць час стаянкі з дапамогай электронных картак. Бліжэйшым часам у сталіцы паболее на 4,5 тыс. месцаў на аўтастаянках.

ПРАБІВАЦЬ КВІТКІ ў экспрэсных аўтобусах давядзецца ўсім менчукам з 1 ліпеня. Пакуль гэта ня трэба рабіць тым, хто мае праязны на 4 віды транспарту.

Тэрыторыя Менску павялічыцца на 35 гектараў. У рысу гораду ўвойдуць Менская лесапаркавая гаспадарка, гаражныя каапэратывы “Зялёны Луг-6, -7”, а таксама досьледная гаспадарка імя Фрунзэ.

АЎТАМАБІЛЬ “УРАЛ” і прычэп атрымае ў падарунак праваслаўны прыход у Пухавічах ад Міністэрства абароны. Іншыя старыя аўтамабілі вайскоўцы падаруюць Рэчыцкаму гідролізнаму заводу, Крычаўскаму райвыканкаму і некалькім калгасам на Меншчыне.

С.І.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0