КХП БНФ зноў крытыкуе Віка

Старшыня КХП БНФ “Адраджэньне” Зянон Пазьняк і ягоны намесьнік Юрась Беленькі распаўсюдзілі заяву “Да пытаньня пра дзейнасьць АБСЭ ў Беларусі”, у якой сьцьвярджаецца, што “ў 1998—2001 гадах ніхто так не нашкодзіў беларускай дэмакратыі, як арганізацыя АБСЭ ў Менску”.

Асаблівая ўвага аўтараў заявы зьвернутая на “паводзіны і дзейнасьць Ганса Віка”, якія “не адпавядалі ролі кіраўніка міжнароднай грамадзкай арганізацыі і характарызаваліся тыповымі рысамі дзейнасьці спэцслужбаў, да якіх спадар Вік належаў”. Віку закідаюць тое, што ён “ствараў у Беларусі свой варыянт нібыта “дэмакратычнай апазыцыі”, кантраляванай АБСЭ, фінансава залежнай ад Захаду і спэцслужбаў Расеі”, “уступіў у канфлікт з рэальнай беларускай апазыцыяй”, “спрычыніўся да апэрацыі расколу Народнага Фронту”, “уцягнуў партыі ў заведама бясплённы так званы “перамоўны працэс” з рэжымам Лукашэнкі”, “спрычыніўся да выдаленьня... Сямёна Шарэцкага за межы Рэспублікі Беларусь у эміграцыю”, “ажыцьцяўляў бясплённыя захады змусіць да пераезду ў Нямеччыну сваіх палітычных праціўнікаў з Народнага Фронту, праводзіў безвыніковую працу сярод беларускай моладзі, намаўляючы яе ў інтарэсы Нямеччыны”.

“Мы не сумняёмся ў патрэбнасьці такой міжнароднай арганізацыі, як АБСЭ, маем да яе павагу і пашану, — пішуць фронтаўцы. — Але... недапушчальна, каб аддзеламі міжнароднай арганізацыі кіравалі функцыянэры разьведкі якой-небудзь краіны”.

Мы хацелі ўдакладніць некаторыя дэталі, выкладзеныя ў заяве, у Юрася Беленькага. Напрыклад, якіх сяброў БНФ “намаўлялі да пераезду ў Нямеччыну”? Аднак фактаў мы не пачулі. Ю.Беленькі кажа, што “ня варта пакуль падымаць пытаньне пэўных асобаў, бо ня ведаем, ці згодныя гэтыя людзі, каб былі агучаныя іх прозьвішчы”.

А.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0