па-за гульнёй

Бітва кантынэнтаў

У чвэрцьфiналах мундыялю чатыром эўрапейскiм зборным процiстаяць каманды з Паўднёвай i Паўночнай Амэрыкi, Афрыкi й Азii. Так высока азiяты падымалiся на чэмпiянатах сьвету ўсяго раз — у 1966-м. Тады, перагуляўшы ў вырашальным групавым матчы iтальянцаў, да чвэрцьфiналу дайшлi футбалiсты Паўночнай Карэi. Іх паўднёвыя суродзiчы злавiлi кураж сёлета — ахвярамi зноў iтальянцы. У аўторак у Тэджоне знаныя майстры гульняў “на вылет”, трохразовыя чэмпiёны сьвету ледзь ня цэлы матч спраўна студзiлi рухавых карэйцаў i марнавалi пры гэтым шанцы на другi гол. За тры хвiлiны да перамогi iтальянская барыкада схiбiла. Гульня перайшла ў овэртайм, i там дамiнацыя гаспадароў абярнулася залатым голам. Трыюмфуючы, але ня трацячы апэтыту, карэйцы рыхтуюцца цяпер да суботняга бою з Гiшпанiяй. Для настаўнiка гаспадароў галяндца Хiдынка гiшпанскi футбол не навiна: пры канцы 1990-х ён патрэнэраваў “Рэал”, а пасьля “Бэтыс”. Хiдынка ў Паўднёвай Карэi багомяць: мерацца паставiць яму помнiк у адным зь местаў краiны, а таксама даць ганаровае грамадзянства.

Тым часам для другiх гаспадароў першынства — японцаў — матч 1/8 фiналу аказаўся апошнiм. Каманду француза Фiлiпа Трусьсе перагулялi мудрэйшыя туркi. Зрэшты, ад той арыгiнальнай, агрэсiўнай i дынамiчнай зборнай Японii, якую бачылi ў сустрэчах групавога этапу, гэтым разам сьлядоў было мала. Ім ня проста не хапiла амбiцыяў — iм не далi згуляць супернiкi. Туркi, другi раз у гiсторыi беручы ўдзел у фiнальным турнiры чэмпiянату сьвету, iдуць далей i клянуцца выйсьцi ў фiнал. Зь сярэдзiны 90-х гэтая прыгожая каманда прарываецца ў футбольную элiту. Сёлета ў турэцкiх футбалiстаў калясальная фiнансавая матывацыя — неабмежаваны памер прэмiяльных за выхад у фiнал. Пакуль жа ў суботнiм чвэрцьфiнале пляны туркаў будзе разбураць сэнсацыйны навiчок мундыялю, вiцэ-чэмпiён Афрыкi зборная Сэнэгалу. Пасьля перамогi над дужымi швэдамi сэнэгальцы маюць шанец першымi з афрыканцаў прарвацца ў паўфінал чэмпiянату. Дарэчы, iх трэнэр Бруно Мэтсю стаў першым французам, які здолеў давесьцi замежную зборную да чвэрцьфiналу сусьветнага першынства.

Прарыў у элiту ўчынiла яшчэ адна каманда на мундыялi — амэрыканская. Яе стараньнямi ўжо трэцi раз запар прыпынiлася на 1/8 фiналу зборная Мэксыкi. Амэрыканцы мэтадычна перашкаджалi мэксыканцам гуляць, а пры гэтым здолелi яшчэ й забiць два мячы. У пятнiцу ў карэйскiм Ульсане зборная ЗША будзе процiстаяць немцам. Фаварытамi ў гэтай пары — эўрапейцы. Фаварыты пабойваюцца: Олiвэр Кан, нямецкi брамнiк i капiтан, назваў амэрыканцаў вельмi непрыемным супернiкам. Аналягiчнае думкi пра зборную Нямеччыны i амэрыканцы, перад якiмi стаіць пэрспэктыва паўтарыць дасягненьне 72-гадовай даўнiны — выхад каманды ЗША ў паўфiнал першага чэмпiянату сьвету па футболе.

Пачынаецца стадыя чвэрцьфiналаў у японскiм Фукуроi матчам Бразылii й Англii. Бразыльцы выйгралi дасюль на чэмпiянаце ўсе свае чатыры матчы. Апошнi — крыху на клясе, крыху на лёсе ў годных пашанаваньня, абдзеленых судзьдзём бэльгiйцаў. З мабiльнымi, чуйнымi на чужыя памылкi ангельцамi бразыльцам будзе нашмат цяжэй. “One Dane, three to go” (“адзiн зроблены, тры прайсьцi”), — гуляла словамi пасьля перамогi зборнай Англii ў 1/8 фiналу над датчанамi брытанская прэса. Козырам суайчыньнiкаў у матчы з бразыльцамi яна лiчыць лепшую арганiзацыю гульнi. Што процiпаставяць брытанскаму парадку бразыльцы?

Юрась Бушлякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0