апытаньне “НН”

Эўрапейскі патрыятызм
супраць захапленьня бразыльцамі?

Якая каманда стане чэмпіёнам сьвету па футболе? — з такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да вядомых людзей.

Павал Казлоўскі, былы міністар абароны: Бразыльцы. Мне падабаецца іх гульня.

Валеры Фралоў, дэпутат палаты прадстаўнікоў: Бразылія. У фінале будзе змагацца са зборнай Паўднёвай Карэі.

Юры Беленькі, адзін зь лідэраў Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ: Хочацца, каб чэмпіёнам стала самая прыгожая каманда ва ўсіх адносінах. Тэхнікай мне падабаюцца бразыльцы, сваёй арганізацыяй і воляй падабаюцца немцы.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік: Буду хварэць за каманду Сэнэгалу. Чаму? Аднойчы ў вітрыне шапіка я ўбачыў газэту “Советская Белоруссия” з раскладам гульняў чэмпіянату, дзе было напісана “Синегал”. Я падумаў, што калі, у адрозьненьне ад супрацоўнікаў “Советской Белоруссии”, я ведаю, як правільна пішацца назва гэтай краіны, то чаму б мне за яе не пахварэць?

Аляксандар Старыкевіч, галоўны рэдактар газэты “Беларускі час”: Мае шанцы адна з эўрапейскіх зборных. Гэта ці Ангельшчына, ці Нямеччына — тыя, на каго ня надта шмат было спадзяваньняў, але яны крочаць далей.

Валянціна Палевікова, старшыня жаночай партыі “Надзея”: Ім стане пераможца пары Ангельшчына—Бразылія. І мне падаецца, што пераможа Ангельшчына.

Андрэй Саньнікаў, каардынатар “Хартыі’97”: Ангельшчына. Я чакаю гэтага з 1966 г., калі яны сталі чэмпіёнамі.

Вінцук Вячорка, лідэр БНФ “Адраджэньне”: Бразылія. Яна, акрамя энэргетыкі, уласьцівай лацінаамэрыканскаму і асабліва бразыльскаму футболу, дэманструе яшчэ і пэўную стабільнасьць.

Уладзімер Хільмановіч, старшыня Гарадзенскай абласной філіі “Фонду імя Лява Сапегі”: Чэмпіянат атрымаўся антыэўрапейскі. Гэта тычыцца і арбітражу, і заўзятарства. Упершыню эўрапейцы хварэюць супраць эўрапейцаў. Я лічу, што Бразылія і Паўднёвая Карэя былі штучна выведзены на наступны этап. Хочацца, каб перамагла эўрапейская дружына — Ангельшчына ці Нямеччына, хоць пры такіх адносінах гэта амаль немагчыма.

Як выявілася, шмат якія вядомыя людзі па розных прычынах за чэмпіянатам ня сочаць. Сярод іх Віталь Супрановіч, Віктар Івашкевіч, Адам Глёбус.

Апытваў А.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0