перамога левых у Чэхіі

Наступнікі “ўраду самазабойцаў”

У Чэхіі адбыліся парлямэнцкія выбары, і сацыял-дэмакраты другі раз запар выйгралі. Іхны лідэр Уладзімер Шпідла ў найбліжэйшыя дні возьмецца за стварэньне ўраду. Кансэрватары, на чале з колішнім прэм’ерам Вацлавам Клаўзам, прайгралі. Трэцяе месца на выбарах нечакана атрымалі камуністы, за якіх прагаласаваў амаль кожны пяты выбарац. Яўка была нізкая — 58%.

У чацьвер парлямэнт апошні раз сабраўся ў ранейшым складзе. Зьявіліся 195 з 200 парлямэнтарыяў — гэтулькі не зьбіралася нават падчас найважнейшых галасаваньняў. У палітыкаў быў шчыльны графік. Увечары большасьць зь іх сустрэліся з выбарцамі на мітынгах, якія падвялі вынік кампаніі. Камуністы запрашалі пражанаў пад помнік сьвятому Вацлаву, заступніку Чэхіі. За колькі соцень мэтраў, пад помнікам Яну Гусу, сваіх прыхільнікаў чакаў старшыня парлямэнту Клаўз. Прывітаць сацыял-дэмакратаў, што сабраліся ў Астраве, прыехаў польскі прэм’ер-міністар Лешак Мілер.

Другое Сараева

Правы ўрад Вацлава Клаўза сышоў у адстаўку пад канец 1997 г. у атмасфэры скандалу, зьвязанага з таемнымі замежнымі кантактамі ягонай Грамадзянскай дэмакратычнай партыі (ГДП). Клаўз называе тыя падзеі “другім Сараевам”, бо, калі прымалася рашэньне пра ягоную адстаўку, ён знаходзіўся зь візытам у сталіцы Босьніі й Герцагавіны.

Паўгоду, што заставаліся тады да выбараў, краінай кіраваў кабінэт спэцыялістаў на чале са старшынём Цэнтрабанку Ёзафам Тошаўскім. Перамога апазыцыі — сацыял-дэмакратаў — на выбарах у чэрвені 1998 г. так канчатова і не расставіла кропак над “і”. Ніводная зь дзьвюх найбуйнейшых партый не была ў стане кіраваць самачынна. Малыя правацэнтрысцкія групоўкі не пайшлі на стварэньне кааліцыі ні з сацыял-дэмакратамі, ні з кансэрватарамі. У сваю чаргу, зь цьвёрдагаловымі камуністамі, якія ня супраць былі займець ва ўрадзе хоць адно крэсла, ніхто размаўляць не хацеў. Каб разьвязаць патавую сытуацыю, Клаўз і Зэман наважыліся на нябачаную раней палітычную камбінацыю. На падставе так званае апазыцыйнае дамовы, Клаўзавы кансэрватары дазволілі ўраду адносна малалікіх сацыял-дэмакратаў існаваць на працягу чатырох год.

Падчас разьмеркаваньня міністэрскіх пасадаў у праскім Градзе Зэман акрэсьліў свой кабінэт як “урад самазабойцаў”, які стаіць перад цяжкай задачай вываду краіны з эканамічнага крызысу. “Клаўз пакінуў эканоміку ў стане “за месяц да Аргентыны”, — сьцьвярджае сёньня новы лідэр сацыял-дэмакратаў Уладзімер Шпідла. Зэман, які пасьля выбараў ідзе на палітычную пэнсію, выбраў яго сваім наступнікам, палічыўшы, што “з усіх людзей у сацыял-дэмакратыі Шпідлу найменш бракуе інтэлігентнасьці”.

Эканоміка хутчэй на пад’ёме

Вынікам працы Зэманавага ўраду стаўся эканамічны рост: у 2001 г. ён дасягнуў 3,6%. Рэальныя даходы павялічыліся, адмысловымі льготамі ўдалося прывабіць шмат замежных інвэстараў. “Мы пакідаем у дзяржаўнай скарбонцы 130 млрд. крон (каля 3,6 млрд. даляраў), заробленых на прыватызацыі. Гэта гарантыя, што ў новага ўраду будзе дастаткова сродкаў для рэалізацыі сваіх абяцаньняў”, — заявіў у парлямэнце Зэман, падводзячы вынікі свайго кіраваньня.

Адзінай няўдачай, якую прызнаў былы прэм’ер, стаўся рост беспрацоўя. Сярэдні яго ўзровень агулам па краіне складае каля 9%, аднак у некаторых паўночных паветах бяз працы сядзіць кожны пяты жыхар. Сьціплымі выявіліся й дасягненьні сацыял-дэмакратаў у барацьбе з карупцыяй ды адмываньнем брудных грошай. “Мы па-ранейшаму застаёмся краінай, якая мусіць саромецца таго, што сюды можна прыйсьці, маючы 100 мільёнаў у валізе, і купіць нейкую нерухомасьць. У Чэхіі таксама можна адмываць брудныя грошы”, — прызнаецца Павел Рыхецкі, нядаўні віцэ-прэм’ер. Частку віны, аднак, ён ускладае на дэпутатаў-кансэрватараў: “Гэта іхная ўпартасьць не дазволіла зрабіць безнаяўныя разьлікі абавязковымі ў кантактах паміж фірмамі ”.

Бэнэш і Тэмэлін

У замежнай палітыцы прэм’ер Зэман дасягнуў значна менш, чым у эканоміцы. Праўда, перамовы ягонага ўраду з Эўразьвязам былі плённымі, але пералік мінусаў куды даўжэйшы. Пачынаецца ён з таго, што Чэхія адзіная з новапрынятых сяброў NATO даволі млява падтрымала апэрацыю ў Югаславіі. Пазьней міністар замежных справаў Ян Каван разам са сваім грэцкім калегам выступіў з уласнай ініцыятывай вырашэньня канфлікту ў Косаве, што было ўспрынята як праява ўнутранай апазыцыі ў Альянсе.

Яшчэ Зэманаў урад паспрыяў разладу Чэхіі з суседнімі Аўстрыяй і Нямеччынай у справе дэкрэтаў прэзыдэнта Эдварда Бэнэша. На іх падставе пасьля другой сусьветнай вайны жыхары Чэхаславакіі нямецкага і вугорскага паходжаньня былі пазбаўленыя маёнткаў і грамадзянства. Частка кансэрватыўных палітыкаў Аўстрыі, Нямеччыны й Вугоршчыны (у тым ліку Ёрг Гайдэр, Эдмунд Штойбэр і Віктар Орбан) дамагаліся, каб чэхі адмянілі дэкрэты перад уступленьнем у ЭЗ. У адказ вядомы сваім красамоўствам Зэман, даючы інтэрвію аўстрыйскаму тыднёвіку “Профіль”, назваў судэцкіх немцаў “пятай калёнай Гітлера”.

Гэты канфлікт паўплываў і на супрацоўніцтва Польшчы, Чэхіі, Славакіі й Вугоршчыны ў рамках Вышаградзкай групы. У знак пратэсту супраць крытычных выпадаў супраць Чэхіі з боку вугорскага прэм’ера, Зэман адмовіўся ад удзелу ў арганізаванай у Вугоршчыне сустрэчы прэм’ер-міністраў Вышаграду. З Аўстрыяй таксама ўзьнікла спрэчка наконт атамнай электрастанцыі ў Тэмэліне, адкрыцьцю якой супраціўляліся многія аўстрыйцы.

100 кронаў за голас

У тыя выходныя чэхі вырашалі, хочуць яны далейшага праўленьня сацыял-дэмакратаў ці ім больш даспадобы вяртаньне да ўлады самазакаханага Клаўза. Апошнія перадвыбарныя апытаньні грамадзкай думкі засьведчылі нязначную перавагу кіруючай каманды над правымі (адпаведна 30% і 28% прыхільнікаў). Апроч дзьвюх найбуйнейшых партый, у парлямэнце таксама апынуліся прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі і камуністаў. Для астатніх больш чым 20 груповак посьпехам было б здабыцьцё больш як 90 тысяч галасоў. Гэта дае ім права атрымліваць зь дзяржбюджэту адчувальную фінансавую падтрымку. Згодна з законам, кожная партыя, якая атрымала больш за 1,5% галасоў, можа разьлічваць на 100 кронаў датацыі за кожны атрыманы голас. Тым, хто перасягне 3-працэнтны парог, выплачваецца дадатковая прэмія ў 6 млн. крон.

Найпапулярнейшыя сярод “малых” партыяў “зялёныя”, ультраправыя рэспубліканцы Міраслава Сладка, а таксама Чэская нацыянал-сацыялістычная партыя, чальцы якой у часе выбарчай кампаніі скралі мікрафон з грамадзкага тэлебачаньня, пратэстуючы супраць замалога доступу да СМІ.

Перавага ў адзін голас

Калі апоўдні ў суботу паведамілі пра перамогу сацыял-дэмакратаў, іхны лідэр Уладзімер Шпідла, які заменіць на пасадзе прэм’ер-міністра Мілаша Зэмана, толькі зьлёгку ўсьміхаўся. Першыя апытаньні давалі ягонай партыі разам з правацэнтрысцкай кааліцыяй, зь якой сацыял-дэмакраты зьбіраюцца фармаваць урад, трывалую большасьць — 110 мандатаў з 200. Гэтая перавага, аднак, зьнікла, калі выявілася, што камуністы набралі больш галасоў, чым прадказвалі сацыёлягі. У выніку кааліцыя сацыял-дэмакратаў з правацэнтрыстамі атрымае 101 мандат. Усяго 1 “пераважны” голас!

“Нам патрэбен разумны і кампэтэнтны ўрад, бо перад Чэхіяй у найбліжэйшыя гады будзе стаяць шмат праблемаў”, — сказаў у нядзелю Шпідла і даў зразумець, што новага кабінэту ня варта чакаць хутка. “У дэмакратычных краінах абмеркаваньні доўжацца тыднямі”, — папярэдзіў ён. У той жа дзень Шпідла сустрэўся з кіраўнікамі Кааліцыі.

Параза правых

Цяжкія хвіліны перажывае старшыня Палаты дэпутатаў Вацлаў Клаўз, партыя якога здабыла найменш галасоў за ўсю гісторыю свайго існаваньня. Журналісты засыпаюць яго пытаньнямі, ці падасьць ён цяпер, пасьля паразы, у адстаўку, як абяцаў паўгоду таму. “Мы будзем пра гэта думаць. Пакіньце гэта нам”, — адказвае кіраўнік правых.

Гэтак на красавіцкіх выбарах у Вугоршчыне прайграў кансэрватар Віктар Орбан. Абодва зрабілі падобныя памылкі — занадта паверылі ў сілу сваёй харызмы, а таксама ў тое, што нацыяналістычная і антыэўрапейская рыторыка можа мець посьпех.

Пра паразу можа казаць і лібэральная Унія свабоды — Дэмакратычная унія, якая адкалолася ад Клаўзавай партыі. Ейныя кандыдаты, унесеныя ў сьпіс Кааліцыі, атрымалі ўсяго восем з 31 мандату.

Дадатковыя 200 тысяч

Пра сапраўдны посьпех могуць казаць адно камуністы. Усе тры асноўныя дэмакратычныя аб’яднаньні страцілі па некалькі соцень тысячаў галасоў, недабраўшы ў ніжняй палаце 17 мандатаў. Камуністы ж перацягнулі на свой бок аж 200 тыс. новых выбарцаў у параўнаньні зь мінулымі выбарамі. Іхная фракцыя ў парлямэнце будзе амаль у два разы большая, чым дагэтуль. “Гэта наша агульная параза”, — прызнаюць сацыял-дэмакраты і правыя.

У нядзелю прэзыдэнт Гавал сустрэўся зь лідэрамі партый, якія трапілі ў парлямэнт. Камуністаў ён, як заўсёды, абмінуў. “Пан Гавал ня ў стане зрабіць высновы з вынікаў выбараў, але неўзабаве ён ужо ня будзе прэзыдэнтам”, — пракамэнтаваў гэта Міраслаў Грэбенічак, лідэр камуністаў.

“Мы можам адолець Грэбенічка і ягоных калег, якія дэмагагічна падтрымліваюць у незадаволеных людзях надзеі на вяртаньне да старых часоў. Тым, хто за іх галасаваў, ніхто не прапанаваў нічога лепшага”, — напісаў у нядзелю Марцін Камарак, камэнтатар найбуйнейшага чэскага штотыднёвіка “Млада фронта днэс”.

Павал Бурдыка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0