Трэвар Рэзьнік (Крысьціян Бэйл) ня сьпіць ужо год і пераўтварыўся ў жывы шкілет. Яму ўсё цяжэй адрозьніваць жыцьцё ад трызьненьняў. Але хто, насамрэч, ён такі? І што адбылося зь ім?
Амэрыканец Брэд Андэрсан, які на свой праект знайшоў грошы ў Гішпаніі, наўмысна здымаў Барсэлёну як Лос‑Анджэлес. «У выніку атрымаўся нейкі дзіўны паралельны сьвет», — прызнаеццца аўтар. Попельна‑шэрыя муры, сьвінцовае неба, лясканьне сталёвага цэху — і шальная бессань у люстэрку.
Крысьціяну Бэйлу, які сыграў «Амэрыканскага псыхапата», не прызвычайвацца да паталёгій — але для гэтай карціны ён схуднеў болей чым на трыццаць кіляграмаў. І ягоны герой шакуе ня толькі выглядам — у зрэнках кашмар зьнявечанае душы.
Нэрвы нацягнутыя, як струна, трымценна‑жудасная атмасфэра — але разьвязка не зьдзівіць знаўцаў страшнага кіно.
Амэрыканскія крытыкі назвалі «Машыніста» адным зь лепшых фільмаў 2004 году.