Найн “Rammstein”!

Самы брутальны гурт Эўропы зноў абмінуў Беларусь

Хадзілі чуткі, што лідэры “новай нямецкай жорсткасьці” (Neue deutche Harte) заедуць з канцэртамі ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Кіеў ды Менск. У Кіеве нават былі ўжо зьявіліся афішы, але ўрэшце канцэрт адбыўся толькі ў Санкт-Пецярбурзе — 17 чэрвеня. У Маскве ён быў забаронены пасьля бясчынстваў футбольных фанатаў. Ну а пра Менск — так і засталося чуткамі. Урэшце, летась не было і чутак, калі “Rammstein” выступіў, акрамя дзвюх расейскіх сталіцаў, у Таліне, Рызе ды Вільні.

“Rammstein” (далей — R+) утварылі ў 1994 г. шасьцёра музыкаў. Усе яны — з былой ГДР (а адзін з гітарыстаў, Паўль Ландэрс, нават нарадзіўся ў нас у Берасьці). Назва гурту ў перакладзе азначае “таранны камень”, а яшчэ яна сугучная назве заходнегерманскага мястэчка Ramstein, над якім у 1988 г. сутыкнуліся два натаўскія самалёты. У выніку той катастрофы загінула каля 80 чалавек, і гэта цяпер асацыюецца з захапленнем гурту агнём і піратэхнічнымі эфэктамі.

Cамі музыкі называюць свой стыль “танцавальным мэталам” і ня супраць таго, каб іх адносілі да “папсы”. Ад пачатку свайго існаваньня гурт сьпявае па-нямецку, што не перашкодзіла яму ўварвацца ў эўрапейскія і амэрыканскія гіт-парады. Хутчэй наадварот: менавіта нямецкая мова ў сукупнасьці з “таталітарным” патасам, выразным архаічным маўленьнем і простай, але пазнавальнай музыкай забясьпечыла посьпех гурту. (Для амэрыканскіх гастроляў былі падрыхтаваныя ангельскамоўныя вэрсіі дзьвюх песьняў, але публіка іх не ўпадабала.) У гэтым R+ адрозьніваецца ад такіх гуртоў, як “Scorpions”, якія набылі сусьветную вядомасьць, “наступіўшы на горла” сваёй роднай нямецкай мове. Калі ж прыбраць жорсткія гітарныя гукі, дык некаторыя песьні нагадваюць опэрныя партыі часоў барока. Ад зьвязкі зь дзьвюх гітараў плюс басу з бубнамі ды супэрмужчынскага голасу саліста мурашкі бегаюць па сьпіне. Атрымліваецца музыка гэткага злосна-маршавага, выразнага характару.

Ад пачатку існаваньня на R+ сыпаліся абвінавачаньні ўсялякага кшталту: у гомасэксуалізьме і нэанацызьме, садамазахізьме і фашызьме.

І праўда, тэксты часам занадта двухсэнсоўныя, каб быць зразуметымі зь першага разу. Напрыклад, падчас выкананьня песні “Bück Dich” на канцэртах імітуецца гомасэксуальны акт. Як тлумачыць аўтар тэкстаў і саліст гурта Тыль Ліндэман, размова ў песьні ідзе пра няздатнасьць людзей да сапраўднага каханьня. А “шоў”, дзе саліст ставіць клавішніка, пардон, ракам успрымаецца як зьдзек з сэксуальнае меншасьці. А, напрыклад, у часе выкананьня песьні “Bestrafe mich” (“Пакарай мяне”) Ліндэман лупіць сябе плёткай. Аж высьвятляецца, што такім мазахісцкім чынам ён бачыць дачыненьні чалавека і хрысьціянскага бога, у якога сам ня верыць. Пранізьлівая песьня “Mutter” — насамрэч скарга на цяжкое жыцьцё кланаванага дзіцяці. Што да “фашызму” рамштайнаўцаў, дык у часы Гітлера музыкі R+, хутчэй за ўсё, цягалі б камяні ў якім канцлягеры.

Самі ўдзельнікі эпатажнага гурту ўсе абвінавачваньні адпрэчваюць. Крытыка выкліканая найперш рэзкім кантрастам R+ з тымі жанчынападобнымі салодкагалосымі выканаўцамі, што запоўнілі сцэны ў 90-х. Акрамя выразнай нямецкай мовы, культу мужнасьці і гульні мускуламі на сцэне, да асаблівасьцяў R+ варта дадаць адсутнасьць комплексаў што да мінулага Нямеччыны. Напрыклад, у свой час R+ зрабіў кавэр-вэрсію песьні “Stripped” гурту “Depeche Mode”. Пазьней на гэтую песьню зьнялі кліп, у якім былі выкарыстаныя фрагмэнты зь фільму “Olympia”, створанага нямецкай рэжысэркай Лені Рыфэншталь падчас Алімпійскіх гульняў 1936 г. у Бэрліне. Альбо — на вокладцы альбому “Sehnsucht” зьмешчаныя выявы твараў удзельнікаў гурту ў мэталічных прыстасаваньнях, якія выкарыстоўваліся для вызначэньня арыйскай формы твару. Такія моманты ды яшчэ тэксты, далёкія ад “паліткарэктнасьці”, часам непрыхаваны сьцёб з “агульначалавечых каштоўнасьцяў” заўсёды выклікаюць вал крытыкі з боку левалібэральнай прэсы.

Неад’емная частка канцэртаў — незвычайнае шоў, падчас якога рамштайнаўцы наўпрост гуляюць з агнём. З усіх бакоў лятуць іскры і ракеты, музыкі паліваюць адзін аднаго з агнямётаў, а саліст урэшце загараецца і палае. Варта зазначыць, што з R+ працуе славуты Герт Хоф, вядомы сваімі грандыёзнымі сьвятло-музычна-піратэхнічнымі пастаноўкамі сустрэчы міленіюму ў Атэнах, Пэкіне і Бэрліне, а таксама сьвяткаваньня 1000-годзьдзя Вугоршчыны.

Паказьнікам посьпеху гурту можна лічыць і безьліч “перапеваў” іх кампазыцыяў іншымі гуртамі, пародыі ды пераробкі (у Расеі зьявіўся аж цэлы дыск, складзены зь міксаў кампазыцыяў R+ i… Зэмфіры). І наш “Нэйра Дзюбель” не застаўся ўбаку: на апошнім ягоным альбоме ёсьць кампазыцыя “Бухаст” з музыкай рамштайнаўскага гіта “Du hast”. Сыграна нядрэнна, але ў параўнаньні з арыгіналам нэйрадзюбелеўская вэрсія прайграе з-за ня надта выразнага тэксту і вакалу, калі параўноўваць з жалезнай артыкуляцыяй Ліндэмана).

На завяршэньне леташніх расейскіх канцэртаў немцы сыгралі савецкі мэгагіт “Песня о тревожной молодости” (на музыку Пахмутавай і словы Ашаніна) у сваёй брутальнай апрацоўцы. Што мы маглі б пачуць на разьвітаньне ў выпадку канцэрту ў Беларусі? Магчыма, “Бывайце здаровы, жывіце багата”. Застаецца толькі пачакаць, калі ж наш шоў-бізнэс дасьпее да таго, каб арганізаваць такі канцэрт.

В.А.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0