Доктар гістарычных навук, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Ігар Марзалюк назваў несанкцыянаванае будаўніцтва наўмысным зьнішчэньнем нацыянальнага помніку археалёгіі. Ён зьбіраецца падаваць у суд на дзеяньні праваслаўнага прыходу Сьвятых царскіх пакутнікаў і праведнікаў ХХ стагодзьдзя, які будуе храм.
Аднаўленьне будаўнічых работ на «Магіле льва», як яшчэ называюць Магілёўскае замчышча, пачалося за тыдзень да адкрыцьця афіцыйных урачыстасьцяў да 740 угодкаў Магілёва. У дзень адкрыцьця, 28 траўня, распачне працу міжнародная канфэрэнцыя «Магілёў: мінуўшчына і сучаснасьць». Яна будзе прысьвечана 430 угодкам наданьня Магілёву Магдэбурскага права.
Будаваць храм пачалі яшчэ ў 2002 годзе, але неўзабаве работы прыпынілася. Ад таго часу будаўнічая пляцоўка заставалася агароджаная.
Сёньня будаўнікі паглыбілі на два мэтры яміну пад фундамэнт, а культурны слой вывезьлі на сьметнік. Акрамя таго да месца будаўніцтва падводзяцца камунікацыі, працягласьць траншэй пад якія сягае 200 мэтраў.
Спроба грамадзкіх актывістаў на чале з Ігарам Марзалюком спыніць будаўніцтва выклікала абурэньне з боку прадстаўнікоў праваслаўнага прыходу Сьвятых царскіх пакутнікаў і праведнікаў ХХ стагодзьдзя. Грамадзкіх актывістаў ды журналістаў абражалі, пагражалі расправай з боку КДБ.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, на Магілёўскім замчышчы пабудуюць праваслаўны храм‑помнік пакутнікам і воінам, што загінулі за айчыну ў XX стагодзьдзі.