28.06.2002 / 13:00

З усёй краіны

№ 24 (286), 28 чэрвеня 2002 г.


з усёй краіны

Атрутныя грыбочкі

На Берасьцейшчыне 37% абсьледаваных грыбоў і 6% лясных ягадаў выявіліся няўежнымі з-за высокага ўтрыманьня цэзію. Асабліва шмат забруджаных дароў лесу на тэрыторыі Жабінкаўскага, Камянецкага, Маларыцкага, Пружанскага раёнаў.

105 лішніх панчошнікаў

У Берасьці расьце беспрацоўе. Толькі ў аддзеле адукацыі Маскоўскага раёну скарочаны 93 чалавекі. 105 “лішніх працоўных адзінак” знайшлося на Берасьцейскім панчошным камбінаце. Колькасьць жа вакансіяў, зарэгістраваных у гарадзкім цэнтры занятасьці, з пачатку году скарацілася з 2000 да 915.

Замова за 10 тысяч

Берасьцейскія паштавікі прыдумалі чарговы від паслугаў: любы кліент, заплаціўшы “ўсяго” 10 тыс. рублёў за адныя суткі, можа пакарыстацца замежнымі каталёгамі накшталт “Otto” ці “Quelle” ды выбраць замову на свой густ. Знаходзяцца й тыя, што замаўляюць, але за такія грошы можна набыць што таннае ў мясцовай краме ці на рынку.

І.Хведаровіч, Берасьце

Перасялілі ў аднапакаёўку

Разьвітаўся са сваёй трохпакаёўкай жыхар Івацэвіч, пэнсіянэр В.Мазько. Райсуд выселіў яго, бо ён два гады не плаціў за жытло. Аднак яго ня выкінулі на вуліцу — далі аднапакаёўку без камунальных выгодаў. Нават падагналі грузавік, каб пэнсіянэр перавёз свае рэчы. Мясцовыя камунальнікі кажуць, што запазычанасьць па квартплаце ў Івацэвічах складае больш за 20 млн. рублёў.

Шашлыкі нарабілі бяды

Было ў Івацэвічах вясельле. Сталы гнуліся ад розных страваў, але гаспадары захацелі яшчэ пачаставаць гасьцей шашлыкамі. Калі кавалачкі ялавічыны смажыліся на агні, на іх лінулі сьпірту. Пырскі трапілі на сукенку адной госьці. Адзеньне загарэлася. З апёкамі твару і рук кабета трапіла ў рэанімацыю раённай больніцы.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Недалёка ад’ехала

Сярод ночы ў жыхара Літвы cкралі “Аўдзі-100”. Пакінуў гаспадар аўто ля вёскі Слабодкі Астравецкага раёну незамкнёным і з ключамі ў замку запальваньня. “Пакатацца” вырашыла 25-гадовая мясцовая жыхарка. Яна сярод ночы перакулілася на скрадзеным аўтамабілі.

Тут будзе школа-сад

У новым навучальным годзе, згодна з рашэньнем Смургонскага райвыканкаму, будуць зачыненыя 2 школы і столькі ж рэарганізавана. У Валэйкавічах замест дзевяцігодкі будзе пачатковая школа. На базе Сьвірыдавіцкай зробяць школу-сад. У вёсцы Чухны з-за невялікай колькасьці дзяцей зачыняць пачатковую школу. Зачыняць і Сьнігянскую базавую школу. Дзяцей перавядуць у Сольскую СШ. Езьдзіць на заняткі яны будуць на школьным аўтобусе, які нядаўна купілі.

Сувязь палепшае

Смургонскі РВЭС плянуе павялічыць колькасьць тэлефонных абанэнтаў да 500. На вёсках ужо ўсталявана 20 тэлефонаў, у горадзе — 250. У хуткім часе ў Вішневе створаць новую лічбавую станцыю на 200 нумароў. З Жодзішак пракладуць новую валаконна-аптычную лінію да самых Смургоняў. Гэтыя новаўвядзеньні палепшаць якасьць сувязі.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Хлебная вэндэта

Горацкія ўлады забаранілі аршанскаму хлебазаводу і прадпрымальнікам гандляваць хлебам на сваім цэнтральным кірмашы пасьля таго, як аршанскі выканкам зрабіў тое самае ў дачыненьні да горацкіх прадпрымальнікаў. Цяпер горацкім аўтакрамам з хлебам, якія прыедуць у Воршу, могуць папрабіваць колы, тым самым змушаючы гандляроў атрымліваць ліцэнзію і набываць шапік. Жыхары Горак незадаволеныя тым, што райвыканкам прымушае іх есьці горацкі хлеб: аршанскі быў таньнейшы.

Натальля Кіраенкава, Горкі


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру