Праект захопу неабмежаванай улады

Працяг. Пачатак у № 22.

Выбарчая кампанія: інтэграцыйная карта

Галоўным матывам Кебічавага рашэньня перапыніць палітычны зацішак і распачаць у Беларусі першую постсавецкую выбарчую кампанію было спадзяваньне на грашовы саюз. “Рублёвая зона” гарантавала хуткае вырашэньне надзённых эканамічных праблемаў краіны, і прэм’ер настояў на ўвядзеньні інстытуту прэзыдэнцтва шляхам фарсаванага прыняцьця новай Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 г. Тады ж абвешчаныя выбары задумляліся як “бліцкрыг”, трыюмф Кебіча, падмацаваны цудадзейным эканамічным паляпшэньнем, якое мусіў прынесьці грашовы саюз. Аднак у часе абмеркаваньня дэталяў будучай дамовы паўстаў шэраг юрыдычных і тэхнічных праблемаў, якія засьведчылі, што аб’яднаньне грашовых сыстэмаў простае толькі на словах. Прыкладам, зьявілася патрэба перапісваць новую беларускую канстытуцыю, якая забараняла замену нацыянальнай валюты іншым плацежным сродкам, а зрыў выкананьня бюджэту і страта беларускімі таварамі канкурэнтаздольнасьці на замежных рынках рабіліся рэальнасьцю. За колькі тыдняў “рублёвая зона” ператварылася ў эфэмэрную пэрспэктыву, якая мусіла адно заставацца праўдападобнай, пакуль трывае выбарчая кампанія. Так, урад прасіў у расійцаў два вагоны іхных рублёў, абяцаючы аддаць пасьля выбараў.

Другой перашкодай быў Лукашэнка, чыя кампанія набірала абароты надзвычайнымі тэмпамі. Ён здолеў нэўтралізаваць выбарчую стратэгію Кебіча двума манэўрамі. Па-першае, пераключыў увагу грамадзтва з расійска-беларускіх грашовых адносінаў на ўласную барацьбу з карупцыяй. Увага да самога Лукашэнкі была падагрэтая замахам, быццам бы зьдзейсьненым на яго, і новымі абвінавачаньнямі ў бок вышэйшых урадоўцаў (так, Лукашэнка зьвінаваціў новага парлямэнцкага сьпікера ў спрыяньні беларускай мафіі). Па-другое, ён заявіў, што дамова аб грашовым саюзе, падпісаная Кебічам у красавіку 1994 г., шкодзіць інтарэсам Беларусі, і паабяцаў вярнуцца да леташняга верасьнёўскага пагадненьня, заснаванага на формуле “адна валюта — два нацыянальныя банкі”. У адрозьненьне ад нацыяналістаў, Лукашэнка выступаў супраць ураду, не адкідваючы ягоных плянаў, а абяцаючы ажыцьцявіць іх на больш выгадных для Беларусі ўмовах. За два тыдні да выбараў Кебічавы козыры былі пабітыя.

 

Першыя крокі Лукашэнкі: ад прыціркі на новай пасадзе да інтэграцыйнай гонкі

Расійскае кіраўніцтва прызналася, што афіцыйна падтрымлівала Кебіча, толькі пасьля Лукашэнкавай інаўгурацыі. Прэм’ер-міністар Віктар Чарнамырдзін і ягоны намесьнік Аляксандар Шохін заявілі, што дамова аб грашовым саюзе была падпісаная з улікам чаканага абраньня Кебіча прэзыдэнтам Беларусі й зьліцьця дзьвюх краінаў. Перамогу Лукашэнкі ў Крамлі прынялі з пэўным безахвоцьцем, бо за ім ужо замацаваўся імідж адзінокага й непрадказальнага чужаніцы. Таму ніякай новай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі й яе новага лідэра адразу пасьля выбараў выпрацавана не было. Што да Лукашэнкі, дык ён цяпер вымушаны быў кіраваць краінай без расійскай дапамогі. Сутыкнуўшыся з гэтым, ён неўпрыкмет зьменшыў сваю інтэграцыйную рыторыку і ў першай прамове пасьля інаўгурацыі ўрачыста паабяцаў умацоўваць сувэрэнітэт Беларусі. Надышоў пэрыяд Лукашэнкавых ваганьняў і сумневаў.

Кульмінацыяй пахаладаньня менска-маскоўскіх адносінаў сталася адкрытае сутыкненьне Лукашэнкі зь Ельцыным у кастрычніку 1994-га. Апошні, яўна наперакор Лукашэнку, прапанаваў Кебічу ўзначаліць Міждзяржаўны эканамічны камітэт краінаў СНД і перанесьці сталіцу Садружнасьці зь Менску ў Маскву. Лукашэнка здолеў заблякаваць абедзьве ініцыятывы, але нацягнутасьць засталася.

Зіма 1994—95 г. сталася для Лукашэнкі надзвычай сур’ёзным выпрабаваньнем. Ён вымушаны быў даваць рады гіпэрінфляцыі, перамагчы якую можна было, толькі адпусьціўшы цэны — насуперак перадвыбарным абяцаньням. Эканамічны спад падарваў Лукашэнкаву папулярнасьць, і ягоны рэйтынг зьнізіўся больш чым напалову ў параўнаньні зь летам, а гэта пагражала перамогай БНФ на блізкіх парлямэнцкіх выбарах. Тым часам скончыліся “сто дзён”, адведзеных апазыцыяй новаму прэзыдэнту ў якасьці выпрабавальнага тэрміну. Роўна праз год пасьля таго, як Лукашэнка антыкарупцыйным дакладам распачаў свой крыжовы паход па ўладу, фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце разгарнула ўласную атаку, ужыўшы ў якасьці галоўнай палітычнай зброі той самы інструмэнт. Дэпутат Сяргей Антончык выступіў з прамовай, у якой зьвінаваціў першых асобаў Лукашэнкавага атачэньня ў карупцыі. Рэзананс узмацніўся зьяўленьнем белых плямаў у дзяржаўных газэтах, якія паспрабавалі былі апублікаваць тэкст выступу. За чатыры месяцы да парлямэнцкіх выбараў Лукашэнка быў вымушаны абараняцца.

На фоне аслабленьня сваіх пазыцыяў у краіне ён хапатліва павярнуўся ў бок Расіі, шукаючы там палітычнай ды эканамічнай падтрымкі, хай сабе й сымбалічнай. Ён імкнуўся прадухіліць перамогу апазыцыі на травеньскіх выбарах, зрушыўшы акцэнты агітацыйнай кампаніі зь бягучых эканамічных справаў і асабістых дасягненьняў прэзыдэнта Лукашэнкі на пытаньні, больш прыцягальныя для большай часткі ягонага электарату — пэнсіянэраў, вяскоўцаў і жыхароў Усходняй Беларусі. Так больш чым праз паўгоду ідэя інтэграцыі з Расіяй і аднаўленьня Савецкага Саюзу выплыла з туману і зноў запанавала на беларускай палітычнай арэне. 2 лютага 1995 г. на пасяджэньні Саюзу вэтэранаў Лукашэнка паведаміў пра свой намер зладзіць рэфэрэндум па наступных пытаньнях:

— увядзеньне ў Беларусі расійскай мовы ў якасьці другой дзяржаўнай;

— замена нацыянальнай сымболікі;

— прыпыненьне прыватызацыі;

— ухваленьне палітыкі “шырокай” інтэграцыі з Расіяй.

Падтрымка гэтых прапановаў выклікала крызыс дэмакратычнай апазыцыі, бо адмаўляла плён яе змаганьня — угрунтаваную на нацыянальных сымбалях і беларусізацыі незалежнасьць. Рэфэрэндум паскорыў і ўсталяваньне гегемоніі Лукашэнкі ў палітычнай і ідэалягічнай сфэры: нацыянальны патрыятызм як ідэалягічная дамінанта саступіў месца “савецкаму кансэрватызму”, а бальшыня дзеячоў дэмакратычнай апазыцыі трапілі на ўзбочыну палітычнага жыцьця. Рэфэрэндум прадэманстраваў павярхоўнасьць беларускага нацыянальнага адраджэньня пачатку 90-х. Стаўка на звыклы сьветапогляд выявілася эфэктыўным палітычным манэўрам. Ён ня толькі дапамог умацаваць уплыў Лукашэнкі як абаронцы палітычных традыцыяў бальшыні грамадзтва, але і спрыяў раскручваньню прапагандысцкай шуміхі, што прадухіліла абраньне кандыдатаў ад БНФ у новы парлямэнт.

Паралельна Лукашэнка пераадолеў канфлікты з Крамлём, што награмадзіліся ў першыя месяцы ягонага прэзыдэнтцва. Ён зрабіў Маскве колькі шчодрых інтэграцыйных прапановаў, ад якіх тая не змагла адмовіцца. У верасьні Ельцын наведаў Менск, каб падпісаць зь Беларусяй Дамову аб дружбе і супрацоўніцтве. Згодна зь ёй, Расія захоўвала вайсковую прысутнасьць на тэрыторыі Беларусі да 2010 г. і атрымлівала доступ да сродкаў беларускай супрацьпаветранай абароны; паміж дзьвюма краінамі ўкладаўся мытны саюз; паўночна-заходняя мяжа Беларусі фактычна ператваралася ў вайсковую і часткова мытную граніцу Расійскай Фэдэрацыі, бо ўводзілася сумесная ахова межаў і сумесны мытны кантроль; Беларусь выказвала гатовасьць забясьпечыць Расіі транзытны калідор да Калініградзкай вобласьці; нарэшце, Беларусь адмаўлялася браць грошы за транзыт некаторых расійскіх тавараў (перадусім нафты і газу). Узамен Беларусь атрымлівала гарантаваныя пастаўкі энэрганосьбітаў па зьніжаных цэнах і неабмежаваны доступ на расійскі рынак. Дамова замацоўвала расійскае дамінаваньне ў сфэры бясьпекі ды вайсковага супрацоўніцтва і давала падставу для размоваў пра магчымую інкарпарацыю Беларусі ў склад Расіі. Яна сустрэла пратэст апазыцыі, але была ратыфікаваная Вярхоўным Саветам у красавіку 1995 г.

Камуністычная і нацыяналістычная апазыцыя Расіі літаральна малілася на Лукашэнку, што фліртаваў з савецкай палітычнай спадчынай і сымболікай. А ягоныя шчодрыя саступкі ў палітычным, эканамічным і вайсковым абсягах забясьпечвалі яму падтрымку расійскай эліты. Для Лукашэнкі гэта была пара ідэальнай “злагады” паміж інтэграцыйнымі ініцыятывамі ды наступнымі эканамічнымі і палітычнымі ўгодамі з Расіяй, якія мацавалі ягоную ўладу. Распад Савецкага Саюзу стаўся велізарнай траўмай для расійскага грамадзтва і яго эліты, якая вымушана была перагледзець сваю палітычную і культурную ідэнтычнасьць, сутыкнуўшыся са шматразовым аслабленьнем колішняй супэрмагутнасьці і зьмяншэньнем тэрыторыі дзяржавы да межаў дапятроўскай Расіі XVII ст. Аднаўленьне палітычнага і эканамічнага дамінаваньня над рэспублікамі былога СССР зноў сталася для Расіі першарадным палітычным заданьнем. Антызаходнія настроі прыйшлі на зьмену “рамантычнаму” пэрыяду ў адносінах Расіі й Захаду, які завяршыўся пасьля ўварваньня ў Чачэнію і пашырэньня NATO на ўсход насуперак волі Расіі. Яе палітычная эліта і большая частка насельніцтва прасякаліся сымпатыямі да старых-новых геапалітычных канцэпцыяў эўраазійства (якое гаварыла аб прызначэньні Расіі стаць ядром асаблівай цывілізацыйнай супольнасьці, што не належыць ні да Эўропы, ні да Азіі і ўключае ў сябе тэрыторыю былога СССР), панславізму (што грунтаваўся на ідэі “расійскага сьвету”, які ахоплівае як мінімум Расію разам з Украінай і Беларусяй) і “альтэрнатыўнага саюзу” Расіі з такімі азіяцкімі дзяржавамі, як Кітай, Іран, Індыя, дзеля супольнага процістаяньня заходняму ўплыву. Рэінтэграцыя былых савецкіх рэспублік была амаль невыканальнай, але гатовасьць Беларусі да хуткага і шматузроўневага аб’яднаньня магла стацца ў вачах выбарцаў доказам ажыцьцяўляльнасьці інтэграцыйнага праекту ў цэлым. Лукашэнка, лідэр краіны, самастойнае існаваньне якой зь цяжкасьцю ўспрымала расійская грамадзкая думка, пасьпяхова зрабіўся для Расіі галоўным сымбалем надзеі на вяртаньне страчанай велічы. Крамлю ж заручыны з Лукашэнкам дапамагалі адбіваць закіды апазыцыі ў палітычнай бязвольнасьці й ігнараваньні расійскіх нацыянальных інтарэсаў, а напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 1996 г. дазволілі дэзарыентаваць камуністычна і нацыяналістычна настроены электарат.

Лукашэнка маніпуляваў настроямі расійскіх палітычных элітаў, здабываючы з гэтага карысьць для сваіх уладных рэсурсаў у суседняй дзяржаве. Ён прыдбаў велізарны палітычны капітал сваім пасьпяховым візытам у Расію ў сакавіку 1996 г., калі была дасягнутая дамоўленасьць аб стварэньні Супольнасьці Беларусі й Расіі. Лукашэнка прызначыў цану за сваю гатовасьць зблізіцца з Расіяй: тая згадзілася сьпісаць каля мільярда даляраў беларускіх пазык. Беларускае грамадзтва сустрэла гэта з захапленьнем, і Лукашэнкаў рэйтынг ізноў падскочыў да недасягальных для іншых беларускіх палітыкаў вышыняў. Ельцын, са свайго боку, выкарыстаў новую дамову для дэманстрацыі сваёй рашучасьці аднавіць парваныя сувязі між былымі савецкімі рэспублікамі і выкупіць “віну” за падпісаньне Белавескіх пагадненьняў, якія шмат хто ў Расіі працягваў лічыць здрадай. Ён пасьпяхова прыкрываўся Лукашэнкам ад нападак камуністычнай апазыцыі й пасьля выбарчай кампаніі — асабліва плённай у гэтым сэнсе была паездка Ельцына ў Берасьцейскую крэпасьць 22 чэрвеня 1996 г.

Хоць новая дамова з Расіяй была фармальнай і не дадала нічога істотнага да адносінаў між дзьвюма краінамі, яна справакавала сэрыю пратэстаў у Менску, што сталі вядомыя як “Менская вясна”. Упершыню выступы апазыцыі скончыліся масавымі сутычкамі з праваахоўнымі сіламі. Гэта атрымала вялікі розгалас у расійскіх электронных СМІ. Кадры са сцэнамі гвалту, ужытага супраць дэманстрантаў, паказвалі гледачам з мэтай запалохаць іх і зьнеахвоціць галасаваць за камуністаў, якія падтрымлівалі Лукашэнкавы дзеяньні, на чэрвеньскіх выбарах. Расійскія СМІ празрыста намякалі, што камуністы мараць, прыйшоўшы да ўлады, учыніць падобную, калі ня горшую, расправу са сваімі апанэнтамі. Расійскім лібэралам праявы гвалту ў Менску далі падставу пачаць адкрытую атаку на Лукашэнку, закідаючы яму парушэньне правоў чалавека. Яны яўна перагледзелі значэньне “Лукашэнкавага фактару” ў расійскай палітыцы: раней беларускі прэзыдэнт выклікаў лёгкае раздражненьне, але пасьля, калі сталася відавочнай шырыня ягоных палітычных амбіцыяў, ператварыўся ў рэальную пагрозу інтарэсам дэмакратаў. Трохі нечаканым было далучэньне да хору абураных Ельцына, які публічна запатрабаваў вызваліць арыштаваных дэманстрантаў. Рэзкасьць Ельцына магла быць выкліканая чуткамі, нібыта Лукашэнка падтрымлівае грашыма кандыдата ад камуністаў Генадзя Зюганава. Доказам гэтага сталася тое, што Лукашэнка — адзіны з кіраўнікоў дзяржаў СНД — ухіліўся ад звароту да расійскіх выбарцаў з просьбай падтрымаць Ельцына.

Калі Лукашэнка прызначыў на 7 лістапада канстытуцыйны рэфэрэндум (перанесены пазьней на 24 лістапада), перамога Ельцына на выбарах і ягоная адкрытая нездаволенасьць стылем кіраўніцтва Лукашэнкі пакідалі некаторую надзею на тое, што расійскае кіраўніцтва ўмяшаецца і ня дасьць беларускаму лідэру канчаткова задушыць дэмакратыю ў краіне. Асобныя дзеячы беларускай апазыцыі, асабліва прадстаўнікі АГП, раз за разам езьдзілі зь Менску ў Маскву й прасілі Чубайса ды Гайдара дапамагчы пераканаць Ельцына падтрымаць Вярхоўны Савет. Яны спадзяваліся, што расійскія дэмакраты ня будуць моўчкі назіраць за ўсталяваньнем аўтакратыі ў Беларусі. Аднак беларускія апазыцыянэры перабольшвалі магчымасьць Крамля ўплываць на Лукашэнку. Яны недаацэньвалі й вагу імпэрскіх настрояў у расійскім грамадзтве, асабліва пасьля таго, як зрабілася відавочнай непазьбежнасьць пашырэньня NATO на ўсход і зьвязаная з гэтым страта Расіяй уплыву на Сярэдня-Ўсходнюю Эўропу. Так ці іначай, але Лукашэнка гарантаваў Расіі забесьпячэньне яе геапалітычных інтарэсаў у Беларусі — у тым ліку будаўніцтва “Газпрамам” (канцэрнам, цесна зьвязаным з Чарнамырдзіным) новай ніткі газаправоду Ямал—Усходняя Эўропа й захаваньне на беларускай тэрыторыі вайсковых базаў. Усё, што трэба было зрабіць Лукашэнку, каб мець падтрымку Расіі ў правядзеньні рэфэрэндуму, — гэта згадзіцца на вывад ядравай зброі, што прадугледжвалася дамовай СНУ-2 і было неабходна для паляпшэньня адносінаў паміж Расіяй і ЗША. Неўзабаве пасьля рэфэрэндуму апошняя расійская ракетная ўстаноўка “Топаль-М” была вывезеная зь Беларусі.

Разыгрываньне расійскай карты скончылася палітычным крахам для апазыцыі й парлямэнту, бо пазбавіла іх шанцу на імпічмэнт, які ў той сытуацыі быў адзіным сродкам перашкодзіць рэфэрэндуму і захаваць ранейшую палітычную сыстэму. У гандлі з Лукашэнкам расійскае кіраўніцтва аддало перавагу прагматызму, а не ідэалёгіі. Задуманая і ажыцьцёўленая як “шлюб па разьліку”, які служыў надзённым палітычным мэтам абодвух прэзыдэнтаў, беларуска-расійская інтэграцыя перажывала застой кожны раз, калі інтарэсы бакоў разыходзіліся, але атрымлівала шанцы на посьпех, ледзьве ўзаемная патрэба ў ёй аднаўлялася.

Віталь Сіліцкі

Працяг будзе.

Гэты артыкул — урывак з дасьледаваньня “Палітычная эканомія беларуска-расійскай інтэграцыі”, якое будзе цалкам надрукаванае ў кнізе “Беларуска-расійская інтэграцыя”, што выйдзе з друку ў ліпені ў выдавецтве часопісу “Arche”. Друкуецца ў газэтным варыянце.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0