конкурс імя Чайкоўскага ў Маскве

У Паначэўнага — бронза

У ноч з 16 на 17 чэрвеня ў менскіх “музычных дамах” ня спалі. Хтосьці вартаваў ля тэлефона, хтосьці — ля кампутара. І а першай гадзіне ў Інтэрнэце зьявілася доўгачаканая зьвестка: беларускі піяніст Андрэй Паначэўны трапіў у фінал XII Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага ў Маскве.

За плячыма 25-гадовага артыста ўжо былі дзьве вельмі пачэсныя перамогі. У 19 год ён здабыў Гран-пры Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Сандра Тамазоні ў Кёльне (прычым другой прэміі нікому не прысуджалі). А праз два гады быў уганараваны першай прэміяй конкурсу піяністаў імя Ўільяма Кепэла ў Вашынгтоне. З гэтае перамогі распачалася ягоная вялікая музычная кар’ера.

Паначэўны шмат канцэртуе, асабліва ў ЗША. Ён граў нават у славутым Карнэгі-холе. На ягоныя выступы ў Менску немагчыма купіць квіток… Цяпер ён — першы з тых беларускіх музыкаў, хто вучыўся на радзіме, — апынуўся ў фінале Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага.

Гэтае музычнае спаборніцтва паўстала ў 1958 г. як частка хрушчоўскага пляну ідэалягічнай атакі на заходнія дэмакратыі. У той час сярод эўрапейскіх інтэлектуалаў распаўсюдзілася мода на расейскае мастацтва XIX ст. Крамлёўскія ідэолягі намагаліся выкарыстаць сытуацыю — прадставіць СССР у вачох сусьветнай грамадзкасьці законным спадчыньнікам вялікай расейскай культуры, лідэрам у сусьветным культурным працэсе. Конкурс Чайкоўскага задумляўся як найбуйнейшае і самае прэстыжнае музычнае спаборніцтва. Яно мусіла дэманстраваць перавагу расейскай і перш за ўсё маскоўскай выканальніцкай школы.

Адбор на конкурс ладзіўся толькі сярод савецкіх музыкаў; замежнікі траплялі туды амаль аўтаматычна.

Выпускнікам і студэнтам Беларускай кансэрваторыі трапіць на конкурс Чайкоўскага было амаль немагчыма. Першыя прэміі найчасьцей даставаліся маскоўскім хлопцам з “чэснымі” камсамольскімі тварамі; некаторыя зь іх нават зрабілі кар’еру. Затое таленавітыя выканаўцы нярэдка задавольваліся толькі трэцяй-шостай узнагародай ці ўвогуле не траплялі ў фінал. Сярод найбуйнешых сусьветных славутасьцяў, “уганараваных” такім чынам, — расеец Міхаіл Майскі (VI прэмія, 1966), якога часта называюць найлепшым віялянчэлістам усіх часоў і народаў, вугорскі піяніст і дырыжор Андраш Шыф (IV прэмія, 1974), амэрыканскі бас-барытон Шыман Эстэс (III прэмія, 1966), украінскі бас Анатоль Качарга і чэскі тэнар Пэтэр Дворскі (V прэмія, 1974), амэрыканская мэцца-сапрана беларускага паходжаньня Далора-Марыя Зайц (III прэмія, 1978) і беларуская сапрана Марыя Гулегіна (III прэмія,1986).

Пасьля развалу СССР конкурс Чайкоўскага стаў працаваць на прэстыж ўсеўладных пэдагогаў Маскоўскай кансэрваторыі. У 1994 г. 17-гадовы Андрэй Паначэўны паўдзельнічаў у X конкурсе, які стаўся рэкордным па колькасьці махінацыяў. Тады Андрэй не прайшоў нават у другі тур. Не пашанцавала й іншым беларускім удзельнікам: ані сьпявачка Тацяна Варапай, ані віялянчэліст Мікаэл Самсонаў ня трапілі ў фінал. “Конкурс Чайкоўскага не пакінуў у мяне прыемных уражаньняў”, — сказаў мне Паначэўны наступнай восеньню, атрымаўшы свой першы “дарослы” дыплём на Міжнародным конкурсе імя Шапэна ў Варшаве. Ён зарокся ўдзельнічаць у маскоўскім конкурсе. У 1998 г. у конкурсе імя Чайкоўскага ўдзельнічалі тры беларускія піяністы — Аляксандар Іваноў, Ігар Галянкоў і Аляксей Пятроў. Яны чамусьці сталіся галоўнымі мішэнямі для маскоўскай крытыкі.

Аднак прайшлі яшчэ чатыры гады, і Паначэўнаму закарцела зноў паспрабаваць свае сілы.

У дзёньніках тэлеканалу “Культура” выступленьне Паначэўнага на першым туры ўвогуле не паказвалі, хаця яно выклікала ў залі 10-хвілінную авацыю. Увогуле, сёлета ўсе ўдзельнікі, у тым ліку замежныя, прайшлі праз жорсткі папярэдні адбор, і сярэдні ўзровень канкурсантаў быў значна вышэйшы, чым чатыры гады таму. Нават на гэтым фоне Паначэўны адразу ж выбіўся ў лік неафіцыйных лідэраў.

Тым ня менш, па абвяшчэньні вынікаў другога туру музычны аглядальнік газэты “Ведомости” Міхаіл Фіхтэнгольц цікавіўся, “чаму гэта” беларус Паначэўны прайшоў у фінал, а расейцы Валодзін і Шыбко не прайшлі. Маўляў, варта было прапусьціць у фінал яшчэ аднаго расейскага выканаўца.

Фіхтэнгольц ня ведае, што Шыбко — таксама беларус, які пасьля сканчэньня Гімназіі-каледжу пры Беларускай акадэміі музыкі зьехаў у Маскву, да тамтэйшых педагогаў. А вось Паначэўны — чысты прадукт беларускае фартэпіяннае школы, гадаванцы якой усё часьцей дасягаюць посьпехаў на міжнародных конкурсах. Зусім нядаўна 24-гадовы Канстанцін Красьніцкі здабыў чацьвертую прэмію на конкурсе імя Рахманінава ў Маскве.

Вынікі Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага такія: Андрэй Паначэўны атрымаў званьне ляўрэата, бронзавы мэдаль і прэмію 10 тысяч даляраў. Трэцяе месца падзяліла зь ім кітаянка Цзюй Цзынь; другую прэмію аддалі расейцу Аляксею Набіуліну, а першую — японцы Аяцы Ўэхары. Чацьвертай прэміі не прысуджалі, пятую падзялілі між сабою ўкраінец Зьмітро Анішчанка і карэец Лім Дон Мін.

У конкурсе вакалістаў першыя прэміі атрымалі расейцы: бас Міхаіл Казакоў і мэцца-сапрана Айталіна Адамава-Афанасьева.

У скрыпачоў і віялянчэлістаў першыя прэміі не прысуджаныя, а галоўнымі героямі фіналу сталіся нямецкі віялянчэліст Яганэс Мозэр, япона-амэрыканская скрыпачка Тамакі Кавакуба і кітайскі скрыпач Сі Чэнь, які моцна пацярпеў падчас бясчынстваў расейскіх футбольных фанатаў. Ён быў зьбіты, з траўмай пляча трапіў у шпіталь, аднак знайшоў у сабе сілы выступіць і атрымаў другое месца.

Ю.А.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0