Наталка Бабіна

Пастка для крата

Працяг. Пачатак у №23.

...Студэнтка менскае Палітэхнікі Яніна знаходзіць на сваім лецішчы труп невядомага чалавека. Ейны каханак-спэцслужбіст Андрэй бярэцца за расьсьледаваньне гэтае таямнічае справы. Яніна адчувае, што за ёй увесь час сочаць, а па дарозе на заняткі ледзьве ня робіцца ахвяраю невядомага забойцы...

Расхрыстаная, у швэдры наперакос і з вар’яцкімі вачыма, уляцела я ў аўдыторыю, грукнуўшы дзвярыма. Нашы паднялі галовы, як па камандзе. Нехта прысьвіснуў. Фаіна Абрамаўна запынілася на паўслове. Прамармытаўшы “драсьце, можна сесьці?”, я прадэфілявала да апошняй парты і ўпала побач з Зарэмбай.

Фаіна Абрамаўна праглынула зьдзіўленьне і з паўслова зноў павяла гаворку пра ўзровень вібрацыі ў вытворчых памяшканьнях клясы “А”. Толькі ці да іх мне было?

Ледзьве бомкнуў званок, Дуб зьняўся зь месца й падышоў да нас.

— Толькі не кажы, што гэта стралялі ў цябе.

— Калі ты просіш, дык, безумоўна, не скажу. А што, былі чуваць стрэлы?

— Ды ня тое каб гучна. Але я пачуў.

Пэўна, Дуб быў адзіны, хто пачуў. Вакол віраваў перапынак. Ніхто на мяне не зважаў — прызвычаіліся да маіх спазьненьняў, — і толькі Дуб ды Зарэмба пазіралі занепакоена. Яны чакалі аповеду. І я ўсё расказала, пачынаючы з учорашняга вечара.

— Ты мусіш зараз жа пазваніць твайму гэтаму, — з выразным незадавальненьнем прамовіў Дуб, калі я скончыла.

Я паглядзела на яго зь пяшчотай: упершыню Дуб уголас згадаў “майго гэтага”.

Я — непадзеленае каханьне Дуба. Ён мне падабаецца. Падабаецца яго надзвычайная худзізна, спрактыкаванасьць у розных дробнабізнэсовых справах (чаго толькі ён ні вазіў з Польшчы ў Расею — ад станікаў да аўтамабіляў), падабаецца гучнае прозьвішча Дуброўскі ды ня менш гучнае імя Фабіян, і крываватае пасьля нейкай аварыі вока, і тое, як ён вымаўляе “Слуцак, Полацак”, і “ў”, якое ў ягоных вуснах нагадвае яблык... Але калі зьявіўся Андрэй, я адразу зразумела, што Дуб назаўжды застанецца ня больш чым сябрам. Зразумеў гэта, пэўна, і Дуб, дый зацяўся ў маўклівым неадабрэньні.

— Глянь! — зьдзіўлена войкнула Зарэмбачка, тыцнуўшы пальцам мне ў сьцягно.

Я глянула. На новых чорных панчохах зьзяла доўгая дзірка, з абпечанымі краямі. Усярэдзіне ж дзіркі, на скуры, была драпіна. Кроў ужо запяклася.

— Нешта ты зьбялела, — заўважыў Дуб.

— Як на адзін дзень, то зь мяне аховы працы досыць, — сказала я слабым голасам, забіраючы торбу. — Пайду я.

Дуб пайшоў са мной. У калідоры, дзе палілі ды гаманілі нашы, я трохі акрыяла. Разам з Дубам мы агледзелі ўсе закуткі, і Дуб нават знайшоў драпінкі на сьцяне, якія маглі быць сьлядамі куляў. Але саміх куляў, роўна як і ўваходных адтулінаў ці нейкіх сьлядоў таго, хто страляў, нідзе не было. Той нехта меў калі навесьці ў калідоры марафет.

Мы спусьціліся ўніз, і я — бедны Дуб! — патэлефанавала Андрэю. Мне ветліва адказалі, што яго няма, але павінен хутка быць. Я вырашыла паехаць да яго на працу. Дуб пасадзіў мяне ў таксоўку, прычым адкінуў маю прапанову злавіць яе на праспэкце, адвёў на прыпынак да “Рыгі”, дзе палова прыватнікаў мне добра вядомая з-за заганнай звычкі ўсюды спазьняцца, і пасадзіў да надзейнага старога жыда, папярэдне запісаўшы нумар аўтамабіля. Кажу ж, спрактыкаваны ў справах мой Дуб!

Сеўшы ў таксоўку, я глыбока задумалася. У выніку, не даехаўшы да Андрэя, папрасіла спыніць машыну ля вакзалу. Я вырашыла зноў зьезьдзіць на дачу. Грошай, якія былі пры мне, хапіла на паўлітроўку “Абсалюту”. Хутка электрычка несла нас з “Абсалютам” да новых прыгодаў.

Зноў на лецішчы

Вартаўнікоў Збышка і Анупрыя ў хаце не было. Я абышла падворак, пад брэх Балоніка, які скакаў на ланцугу, патузала клямку, пакінула бутэльку з “Абсалютам” у цэбрыку, дзе сякуць зельле для качак, і пайшла да сябе. Пустынна было навокал. На полі чарнелі плямы прыску на месцы дзьвюх спаленых сьціртаў. Падазрона аглядаючыся, ступіла я на брукаваную сьцежку, што вяла да нашага дому...

У хаце ўсё было, нібыта, як звычайна. Перш за ўсё я падышла да стала, на якім заўсёды стаіць глечык з кухоннымі нажамі. Нажа з надпісам “Сапраўднаму чалавеку — з падзякай” сярод іх не было... Але калі ён прапаў? Калі я бачыла яго апошні раз? Чорт яго ведае... Здаецца, калі прыяжджала тыдзень таму, ён яшчэ быў. А мо не? Абышоўшы ўсе пакоі і ўпэўніўшыся, што нічога незвычайнага ў вочы ня кідаецца, я ўключыла кававарку і выйшла на гарод.

Ля прыбіральні не было нічога, што б нагадвала пра таго мерцьвяка ў разоры. Я прысела на кукішкі і ўважліва агледзела граду. Бацька акуратна ўскапаў яе на зіму згодна з кнігай “600 парадаў агародніку”, не разьбіваючы вялікіх грудак, і зямля гэтая так і замерзла. Толькі дзе-нідзе ля сьцежкі грудкі паразьбіваліся: тут падаў мярцьвяк, потым, пэўна, праходзіў Збышак, потым тупаталі мільтоны, што забіралі труп. Знаку на замерзлым полі амаль не засталося — толькі пара разьбітых грудкоў. Да сёньняшняй раніцы стаяў добры прымаразак. Зямля скамянела.

Я ледзьве носам ня рыла граду — так карцела пабачыць які недапалак, або гузік, або насоўку з манаграмай — словам, нешта, што звычайна пакідаюць на месцы злачынства забойцы з дэтэктыўных раманаў. Нічога такога і блізка не было. Расчараваная, я паднялася на ногі і задуменна пачала абыходзіць гарод. Успомніла пра кававарку, павярнулася, каб пайсьці ў дом, і... аслупянела. Перш чым узялося на мароз, дні тры імжэў дождж. Гэтым часам, пэўна, і праходзіў праз наш гарод чалавек — нават бег, калі меркаваць па сьледзе, які ясна адбіўся ў глеі, а потым замерз так. Што гэта ня мой і ня бацькаў сьлед, я пабачыла адразу: па-першае, па памеры, па другое, па напрамку — сьлед ішоў ад дзьвярэй, але не да дарогі, а да тылу, да кустоўя, якое адгароджвае нашу дзялку ад суседзкай... Што нам там рабіць, у кустах, калі ягады сто дзён як пазьбіраныя і грады ўскапаныя на зіму? Трохі далей я ўгледзела яшчэ адзін сьлед. Сэрца маё забухала ад хваляваньня і, таргануўшыся, сьціхла — я зразумела, хто тут хадзіў. Бо, апроч памеру, заўважыла яшчэ нешта, вельмі важнае. Такое, што староньні чалавек, пэўна, і ня згледзеў бы зусім... Я ўздрыгнула — ціха падкаціла шэрая машына. Андрэй-Накрый-Мяне-Андаракам, пабачыўшы мяне, зьдзівіўся ня менш, чым я, пабачыўшы яго. Зь ім прыехала колькі міліцыянтаў, якія мелі намер “праводзіць сьледчыя дзеяньні”. Ветлівы, але трохі мёртвы малады чалавек, які назваўся сьледчым “па вашай справе”, папрасіў дазволу пагаварыць, атрымаў яго, і ўся гарэзія на чале са мною рушыла да хаты, дзе кававарка амаль ужо лётала па кухні.

Адмовіўшыся ад кавы, міліцыянты ўзяліся да працы. Філіжанку, якую я была ўзяла, каб наліць сабе моцнага і ўзмацняльнага напою, у мяне адабралі, агледзелі праз лупу і толькі тады вярнулі. Усчалася шалёная работа: міліцыянты заглядалі ва ўсе куткі, разагналі пыл з падлогі пад ложкам і канапамі, рассыпалі па сталах нейкі парашок, які нагадваў сажу або растоўчаны вугаль, — шукалі, як мне падказаў мой досьвед чытачкі дэтэктываў, адбіткі пальцаў... Вядома, што не знайшлі нічога. Дакладней, адбіткаў было многа, але мала яны дапамаглі сьледзтву: мае, бацькавы, Андрэя... Сьледчы задаў мне мноства пытаньняў: а як мяне зваць? а дзе я вучуся? а чаму апынулася на дачы адна ўвечары? а ці ведала забітага? а ці бачыла раней? а каго сустракала па дорозе? а хто ведаў, што я зьбіраюся на дачу?.. Ня ведаю, якія там высновы ён зрабіў з маіх ахвотных, падрабязных і, бачыць бог, шчырых адказаў, але, мяркуючы па тым, што голас яго з кожным пытаньнем рабіўся ўсё больш панылым, а вочы — адсутнымі, — ня вельмі суцяшальныя для сябе.

— А хто ён быў, гэты забіты? — пацікавілася і я пры канцы.

Зусім зьніякавеўшы, ён адказаў:

— Яго асоба ўдакладняецца.

— А вось вы прыехалі сюды з вобшукам, — працягвала я, — а калі б мяне тут не знайшлося? Як бы вы трапілі ў хату?

— Улічваючы вашыя адносіны з Андрэем Вацлававічам, вы, пэўна, ня мелі б прэтэнзіяў, калі б дом нам адамкнуў ён і вобшук праходзіў у яго прысутнасьці? Проста вас не было ні дома, ні ў акадэміі...

Толькі я разявіла рот, каб спытацца, а што б яны рабілі, калі б у мяне ўсё ж узьніклі прэтэнзіі, як на вэрандзе затупалі, і ўвайшлі Збышак і Анупры. Калі яны і не чакалі пабачыць тут натоўп міліцыянтаў, дык выгляду не падалі. Зразумеўшы, хто прыйшоў, сьледчы трохі падбадзёрыўся і зь ветлівасьцю, якая, як я заўважыла, была ягонай характэрнай рысай, папрасіў дазволу задаць некалькі пытаньняў. Тым часам міліцыянты абсыпалі попелам усё, што было можна, выцерлі ўвесь пыл пад ложкамі і, палічыўшы, пэўна, свой абавязак тут выкананым, перабазаваліся ў гарод, прычым прывялі аднекуль нават сабаку і пагналі яго на грады. Папіваючы каву, я сачыла праз акно за сабакам і адным вухам слухала, як дапытвалі Збышка Янавіча: сьледчы, відаць, забыўся папрасіць мяне на час допыту выйсьці.

Збышак сёньня адмовіўся ад свайго прынцыпу “Ты меней гавары, яно лепей будзе”, якога строга трымаўся ў дачыненьнях са сьветам, і рассыпаўся такімі фразамі, што я толькі дзівілася. Так, на пытаньне, што ён, Збышак, рабіў учора вечарам на дачах, ён адказаў: “Калі пане ўлада думае, што я атрымліваю свае грошы ні за што, дык пане ўлада памыляецца. 128 дамоў, пане ўлада, адзін у адзін! Я, пане ўлада, кажу прынсідацелю: пусьці, кажу, па агарожы электрычнасьць, ніводзін злодзей не пралезе. Слухае мяне прынсідацель — вачыма лыпае, бы сёньня зь яйка вылупіўся. А Патаповіч кажа — у мяне гарбузы! Ды якія там гарбузы — хвігі, а не гарбузы, калі паміж намі, пане ўлада! Каму яны патрэбныя?! А прынсідацель гаворыць: будзем твайму Балоніку косьці насіць. А Балонік касьцей і ня есьць ніколі. Нашто яму тыя косьці? Мне з тых касьцей як з казла — ні руна, ні малака. А калатушку я на сваю гатоўку набыў — Юзік з Краснага мне зрабіў...” Сьледчы пажадаў удакладніць, хто такія Балонік і Юзік. На гэты конт было адказана: “Балоніку гэтыя косьці ані ў знак. І ня лыс Габрусь! Балонік мэдаль мо меў бы, каб на мяжы служыў. Бо разумны, халера. А Юзік дурны, як баўбешка”.

З далейшай размовы сьледчы мог зрабіць выснову, што Збышак Янавіч мае садысцкія схільнасьці і трымае ў адмысловай будзе нейкага Габруся Балоніка, якому, што праўда, Анупры кожны дзень варыць сьвежую юшку. Прычым ланцуг, на якім сядзіць гэты нябога, вельмі моцны, яшчэ “за тымі саветамі” куплены. Пра Юзіка ж з Краснага Збышак і гаварыць адмовіўся, бо той, з прычыны прыроджанай дурасьці сваёй натуры, змарнаваў шанец, дадзены лёсам, і замест таго, каб працаваць на калеі, грае на скрыпачцы на вясельлях, а грошай зусім не бярэ.

На пытаньне, ці не заўважыў у той вечар Збышак чаго-небудзь незвычайнага, ён адказаў: “Бадай чы не, пане ўлада! Парсюка такая срачка разабрала, а з чаго б? Я кажу Анупрыю: гэта нешта незвычайнае, Анупры! Гэта, напэўна, нехта нам на чары яйка пад плот падкінуў, вось парсюк і задрыстаў!”

У такім напрамку размова цягнулася яшчэ хвілінаў з дваццаць, пасьля чаго канчаткова памерлы сьледчы падзякаваў старому і пайшоў з хаты. Пры зьяўленьні яго на парозе сабака прыкметна пажвавеў, гаўкнуў і пачаў ірвацца з павадка. Па знаку сьледчага яму далі волі, дазволілі пабегчы, куды хацеў, і міліцыянты a сapella, улучна з Андрэем, пабеглі сьледам.

Старыя, выявілася, зайшлі па мяне, каб разам пайсьці да вышкі ды расьпіць там “Абсалют”. Я ня бачыла асаблівай патрэбы ў сваёй прысутнасьці на дзялянцы і з радасьцю пагадзілася.

Працяг будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0