05.07.2002 / 13:00

Міліцыя бязьдзейнічала

№ 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.


Міліцыя бязьдзейнічала

Напярэдадні Дня вызваленьня Беларусі ад нацыстаў іх пасьлядоўнікі прайшлі маршам па Горадні.

2 ліпеня 30 РНЕшнікаў свабодна прайшлі па гарадзенскіх вуліцах. Відаць, для вылазкі мабілізаваныя былі сябры арганізацыі з усяе Беларусі. Пачалі зь пешаходнай Савецкай. Міліцыя сачыла за чорнакашульнікамі, але паводзіла сябе надзвычай далікатна. Нават зусім недалікатны АМАП. Усім цікаўным, якіх абурыла здарэньне, у Ленінскім РУУС цярпліва тлумачылі: гэта, маўляў, прыехалі “на экскурсію” госьці з Расеі й Украіны. А затрымліваць іх не было прычыны: яны нічога не парушалі, ішлі па тратуары. Вось такая ў нас міліцыя “лагодная”. Папросту як у песьні: “Беларусь — край адкрытых дзьвярэй, горад Гродна, Савецкая, восем”. Міліцыянты замоўчваюць толькі адну акалічнасьць: ішлі РНЕшнікі ў чорнай уніформе з нацысцкай сымболікай. Дэманструючы неўміручасьць ідэяў “новага парадку”. А каб прыехалі “экскурсанты” не з расейскімі, а зь нямецкімі свастыкамі? У форме СС?

Факт навідавоку: ведамства міністра Навумава дазволіла нацыстам зладзіць вылазку напярэдадні Дня вызваленьня.

Сяргей Краўцоў, Горадня


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру