Якія газэты чытаюць палітыкі?

Незалежная прэса рэгулярна крытыкуе адных палітыкаў, робіць рэкляму другім і раздае парады ўсім. З боку палітыкаў таксама рэгулярна чуваць нараканьні на незалежныя СМІ. “НН” зьвярнулася да дзеячоў з розных палітычных плыняў з просьбай ацаніць сучасны стан недзяржаўных СМІ. Якія газэты каму даспадобы і недаспадобы? Як палітыкі ацэньваюць пошук інвэстараў на Ўсходзе, якім займаюцца некаторыя апазыцыйныя газэты? Ці могуць такія выданьні пад шырмаю расейскіх інвэстыцый трапіць пад кантроль прэзыдэнтуры?

Мікалай Дубовік, дэпутат палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу: Разам зь дзяржаўнымі мусяць існаваць і недзяржаўныя СМІ. Вядома, хто плаціць, той і замаўляе музыку. Таму дзяржаўныя паказваюць усё ў нашай краіне ў ружовым сьвятле, а недзяржаўныя — наадварот. Супаставіўшы гэтыя пазыцыі, можна наблізіцца да праўды.

Хацелася б, каб газэты давалі больш аб’ектыўную ацэнку. Мае выбарцы, сяляне, вераць друкаванаму слову. А я не магу ім сказаць, што ў газэтах напісалі няпраўду: мяне вучылі, што газэтам трэба верыць…

Зь недзяржаўных выданьняў чытаю “Народную волю” і “БДГ”. Але стараюся праглядаць і ўсё астатняе таксама, бо ў кожнай газэце можна знайсьці нешта цікавае.

У параўнаньні з расейскімі СМІ, нашыя мне падабаюцца больш: яны бліжэйшыя да праўды, а расейскія лягчэй купіць, замовіць там матэрыял. Аднак прыход расейскага капіталу на наш інфармацыйны рынак непазьбежны. Мы ўзялі курс на збліжэньне з Расеяй, бо нам туды лягчэй увайсьці, чым у Эўропу. Таму і расейскаму капіталу да нас прыйсьці прасьцей.

Сяргей Альфер, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі: Большасьць незалежных СМІ ня могуць канкураваць зь дзяржаўнымі выданьнямі.

Прычыны гэтага — найперш фінансавыя. Недзяржаўныя амаль не атрымліваюць рэклямы, грошы за якую дазволілі б ім нармальна існаваць. А фінансы вызначаюць ня толькі ідэалёгію выданьня, але і якасьць кадраў. Хоць у недзяржаўных СМІ працуюць абсалютна сумленныя журналісты, але складаны фінансавы стан адбіваецца на якасьці іх матэрыялаў.

Каб зьмяніць становішча на інфармацыйным рынку, трэба моцная рэклямная акцыя. Але ў электронных дзяржаўных СМІ гэта немагчыма, а ў іншых выданьнях — не прачытаюць…

Сам я чытаю амаль усё: “Белорусскую газету” (цяпер, праўда, менш), “БДГ”, “Нашу свабоду-Политику”, “Нашу Ніву”, “День”.

Расейскі капітал на беларускі інфармацыйны рынак прыйсьці можа. Але газэта, у якую будуць укладацца вялікія грошы, ня мусіць быць вельмі апазыцыйнай.

Яраслаў Раманчук, вядучы экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія”: Калі б быў нармальны рынак, нейкай часткі цяперашніх газэтаў не існавала б, нейкія — мелі б большыя наклады. На папулярнасьць выданьняў моцна ўплываюць ня толькі крыніцы фінансаваньня, але і час існаваньня на рынку. Чым даўней існуе газэта, тым больш яе ведаюць.

Сам я чытаю ўсе недзяржаўныя выданьні. Кожнай газэце ёсьць над чым працаваць: трэба даваць ня толькі інфармацыю і палітычную аналітыку, але і бізнэс-інфармацыю. Вельмі бракуе эканамічнай аналітыкі.

Да прыходу любога замежнага капіталу я стаўлюся пазытыўна: прыход замежных СМІ станоўча будзе ўплываць на нашыя ўласныя. Расейскі капітал даўно ідзе на беларускі інфармацыйны рынак: “Белорусская газета”, “Комсомольская правда”, “Известия”, “Труд”, нядаўна прыйшоў “Московский комсомолец”. Аднак наўрад ці варта казаць аб расейскай інвазіі.

Ня думаю, што расейскія газэты могуць быць зьвязаныя з нашымі ўладамі. Гэта вядомыя брэнды, якія ня маюць нічога супольнага з Лукашэнкам: дастаткова пачытаць іхныя крытычныя артыкулы на ягоны адрас. Я ня бачу тут магчымасьцяў для стратэгічнага супрацоўніцтва. Сам Лукашэнка мо і хацеў бы паўплываць на іх. Але гэта супярэчыць канцэпцыі саміх расейцаў, бо сёньня для іх праўдзівасьць інфармацыі — вельмі важная рэч.

Віталь Малашка, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”: Становішча недзяржаўнай прэсы цяжкое, бо няма сур’ёзных рынкавых адносінаў. Забясьпечыць насельніцтва інфармацыяй недзяржаўныя СМІ ня могуць, бо ў іх малыя наклады. Усе незалежныя газэты разам з радыёстанцыямі ахопліваюць ня больш за 15—20% насельніцтва.

Расейскія газэты на наш рынак урываюцца імкліва: “Комсомольская правда”, “Московский комсомолец”. Для іх гэта інвэстыцыі ў бізнэс. Але заходнія капіталы да нас таксама маглі б прыйсьці. Было б выгадней, каб існавала канкурэнцыя: каб прыйшлі да нас і ўкраінцы, і палякі…

Попыт на газэты незалежнага кірунку існуе. І таму наўрад ці варта хвалявацца, што нехта іх перакупіць. Зьнікне адна — на ейнае месца прыйдзе іншая. Пакуль будзе існаваць попыт, будуць выдавацца і такія газэты.

Алена Скрыган, сакратар ЦК ПКБ: Найбольш сур’ёзнай і прафэсійнай газэтай сярод недзяржаўных СМІ, па-мойму, зьяўляецца “БДГ”. У больш складанай сытуацыі знаходзяцца “Свободные новости”. Да моманту іх выхаду асноўныя падзеі ўжо прааналізаваныя ў іншых выданьнях. Зь цікавасьцю чытаю “Партрэты” Марыны Бяляцкай. Не падабаюцца адкрыта злосныя, поўныя нянавісьці матэрыялы пра нашае мінулае, якія зрэдку зьяўляюцца ў “Народнай волі”. А наагул, сьпярша чытаю недзяржаўную прэсу, а потым ужо — афіцыйную.

Расеі наша прэса пакуль не цікавая. Але ад фінансавых уліваньняў у нашай беднай краіне наўрад ці адмовілася б якое-небудзь выданьне. Наўрад ці Адміністрацыі прэзыдэнта трэба выкарыстоўваць нейкае замежнае прадпрыемства, каб зрабіць заказны матэрыял у недзяржаўных СМІ. Калі С.Гайдукевіч можа купіць паўстаронкі ў недзяржаўнай газэце, то для Адміністрацыі прэзыдэнта гэта вялікай цяжкасьці не складзе — зьявілася б толькі неабходнасьць.

Вадзім Саранчукоў, “Малады фронт”: Беларуская недзяжаўная прэса знаходзіцца ў вартым жалю стане. Вельмі паспрыяла б папулярнасьці выданьняў спэцыялізацыя: адно выданьне мусіла б быць больш культурніцкім, другое — палітычным, трэцяе — эканамічным.

Сам я чытаю “Нашу Ніву”, “Пагоню” (цяпер ужо на сайце). “Народная воля” мне падабаецца менш, “Беларуская маладзёжная” да правінцыі ўвогуле не даходзіць.

Замежны капітал на беларускі рынак павінен прыйсьці, і ён мусіць быць заходнім. Але прэса, арыентаваная на незалежнасьць Беларусі, не павінна фінансавацца звонку. Трэба шукаць рэсурсы ўнутры краіны. Магчымай пераарыентацыі, выкліканай прыходам новых інвэстараў, трэба супраціўляцца.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы: Усе беларускія недзяржаўныя выданьні можна падзяліць на дзьве катэгорыі:

1) газэты аднаго рэдактара (“Наша свабода”, “Народная воля”). Тут выказваецца думка аднаго толькі чалавека — рэдактара;

2) газэты, дзе выказваюцца розныя думкі. Тут можна назваць “День”, “Свободные новости”.

Зь недзяржаўных выданьняў я вельмі паважаю “Пагоню”. “Нашу Ніву” чытаю ад самага першага нумару, зь дзяржаўных — “Звязду”. Але адна з найлепшых газэтаў — гэта “Белорусский рынок”. Вельмі аб’ектыўнае, памяркоўнае выданьне — газэта “День”, якая зьявілася нядаўна. Пакуль што яе можна лічыць эталёнам. А вось “Народная воля”, “Наша Ніва”, “Наша свабода” не дацягваюць: чаму мяне вучаць жыць Казловіч, Дубавец, Жук? Чаму я павінен іх слухацца? Казловіча ў “Народнай волі” я ўвогуле чытаць не магу: па-беларуску ён пісаць ня хоча, а па-расейску — ня ўмее. А тое, што Жук перавёў “Палітыку” на расейскую мову, іначай як здрадай і не назавеш…

Замежны капітал на рынку — гэта заўжды плюс. І добра, каб у нас быў розны капітал. Але ня трэба, каб ён хаваўся. З усходу капітал да нас ідзе даўно. Вось “Белорусская газета” адкрыта выказвае сваё прарасейскае стаўленьне, бо яе купіў расейскі капітал. І гэтая пакупка, дарэчы, палепшыла стан газэты. А на тое, што там нават зайцы на карыкатурах на трасянцы гавораць, я ня крыўджуся: гэта пазыцыя Расеі. Стратэгічны прыход расейцам сюды не патрэбны: яны купілі “Белорусскую газету” — і досыць. Дый навошта ім купляць выданьні, якія не чытаюць сур’ёзныя людзі? Што чытаюць бізнэсоўцы? “БДГ”, “Белорусскую газету” і “Белорусский рынок”, а не “Народную волю”.

Адміністрацыя ж прэзыдэнта ня стане купляць недзяржаўныя выданьні. Калі ім патрэбна, яны купляюць рэдактара ці журналіста: гэта таньней і прасьцей.

А ўвогуле, самыя незалежныя ў нас — Інтэрнэт-крыніцы: там друкуюць усё, што хочаш.

Павал Севярынец, лідэр “Маладога фронту”: Беларуская недзяржаўная прэса ня горшая за іншую ўсходнеэўрапейскую. Паліграфічная база, матэрыяльныя магчымасьці дзе-небудзь у Літве ці Польшчы мо й лепшыя. Але чалавечы чыньнік у беларускай прэсе ня горшы. Наша бяда, што ўлада заганяе незалежную прэсу ў апазыцыю…

Я стараюся праглядаць усе газэты. Чытаю “Нашу Ніву”, “БДГ”, “Беларускую маладзёжную”, “Згоду”. Шкада, што зьнішчылі “Пагоню”, — была самая моцная рэгіянальная незалежніцкая газэта. “Народная воля” — газэта для народу, таму і яе чытаць абавязкова. Цікава чытаць “Белорусскую газету” і “Нашу свабоду-Политику”, хаця там пішуць адны і тыя ж аўтары і пра адно і тое ж. Вельмі салідныя і грунтоўныя выданьні — “Белорусский рынок” і “Новая эканамічная газета”.

Хацелася б, каб да нас прыйшоў замежны капітал, каб што-небудзь з выданьняў купіў заходні мэдыя-канцэрн. Але я супраць прыходу расейскага капіталу на рынак СМІ: у Расеі прэса хутка можа стаць больш падкантрольнай уладзе, чым беларуская. Сёньняшнія палітычныя сыстэмы ў Менску і Маскве — у прынцыпе, гэбэшныя і сапраўды незалежную прэсу трываць ня могуць.

Галіна Сямдзянава, намесьніца старшыні Партыі БНФ: Незалежныя СМІ недастаткова спраўляюцца з інфармаваньнем грамадзтва, бо ня ўсе людзі маюць магчымасьць набыць прэсу. Прыгадайце канец 80-х, калі кожная сям’я выпісвала 5—6 газэтаў!..

Але цяпер і газэты ня вельмі цікавыя, бо прэсу душыць дзяржава. А журналісты ж таксама людзі, ім таксама хочацца нармальна жыць…

Прэсу я чытаю ўсю (калі ёсьць час і грошы). Але цалкам не давяраю і высновы па прачытаным раблю сама. Я звычайна правяраю аб’ектыўнасьць выданьня так. Калі ўдзельнічаю ў нейкім мерапрыемстве (мітынгу, канфэрэнцыі), дык потым гляджу, што пра гэта пішуць, і супастаўляю з сваімі ўражаньнямі.

Прыход замежнага капіталу да нас будзе азначаць незалежнасьць сродкаў масавай інфармацыі, бо ён і будзе магчымы толькі ў незалежныя СМІ. Але, вядома, калі гэта будзе капітал нерасейскі. Бо расейскі будзе абавязкова замаўляць тут сваю “музыку”. Заходні капітал адрозьніваецца ад яго тым, што ён больш цывілізаваны: ён хіба што можа замаўляць.

Прыход расейскага капіталу на наш інфармацыйны рынак адбываецца. Пра гэта сьведчыць тое, што практычна ўсе нашыя незалежныя газэты глядзяць у той бок. Пэрыядычна ў недзяржаўнай прэсе зьяўляюцца відавочна замоўленыя артыкулы. Вядома, да такіх выданьняў потым ранейшага даверу ўжо няма.

Валер Буйвал, прэс-сакратар КХП-БНФ: Дзейнасьць беларускіх недзяржаўных СМІ я ацэньваю адмоўна, бо ў нас практычна не існуе прафэсійнай аналітыкі, няма мастацтва рэпартажу. Адсутнічае школа міжнароднай журналістыкі: ня ведаюць моваў і таму ня могуць даваць нармальную інфармацыю пра замежжа. Такое ўражаньне, што ўсе нашыя журналісты пасканчалі аддзяленьне для раёнак на журфаку (было там такое; ці ёсьць цяпер — ня ведаю). Пераважная частка журналістаў вызначаецца вузкасьцю прафэсійнага погляду на сучаснасьць. На агульным фоне прыемным выняткам з правіла глядзіцца Аляксандар Старыкевіч. “Нелюбімыя” мной журналісты таксама, бывае, даюць добрыя матэрыялы: Алесь Сіліч у “Народнай волі”, напрыклад, надрукаваў вельмі добры рэпартаж з Бэльгіі. Так, выключэньні ёсьць, але ўсё ж пануе агульная шэрасьць. У журналістыцы адбываюцца амаральныя працэсы з пункту погляду прафэсійнага кодэксу гонару: дэзінфармацыя, замоўчваньне падзеяў.

Наагул жа, наша недзяржаўная прэса характарызуецца аднагалосіцай у трактоўцы палітычных працэсаў у Беларусі, падпарадкаванасьцю расейскім і нямецкім сілам у стварэньні інфармацыйнай прасторы.

У “Нашай Ніве” некаторыя матэрыялы зьдзіўляюць сваёй сырасьцю. “Наша свабода” ператварылася ў абсалютную карыкатуру на тое, што было пры сьветлай памяці мінулым рэдактару (ну няма там аналітыкі!). Дзіўныя публікацыі зьяўляюцца ў “Народнай волі”. У “Белорусской газете” і “БДГ” — дзейнічаюць антыбеларускія сілы.

Замежныя ўліваньні ў беларускія СМІ ідуць ужо даўно: нездарма ж Вік зьбіраў журналістаў у клюбы, даваў прэміі нейкім адыёзным асобам, якіх цяпер і не чуваць. Ідуць уліваньні і праз разнастайныя фонды. Журналісты становяцца цацкамі ў руках тых, хто дае грошы. Расейскія грошы таксама ўліваюцца ў беларускія СМІ вельмі даўно (быў нават такі фонд “Усход—Захад”, напрыклад).

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады: Беларуская недзяржаўная прэса ў цяжкім стане. Таленавітыя журналісты пішуць цікава, але і яны вымушаныя пісаць так, каб абмінуць ўсе цемрашальскія перашкоды. Недзяржаўныя і дзяржаўныя СМІ — у нераўнапраўным становішчы: на асобнік недзяржаўных газэтаў прыпадае 24 асобнікі дзяржаўных.

Наконт прыходу замежнага капіталу: мас-мэдыя — такі ж бізнэс, як і іншыя сфэры. Гэта не інфармацыйная прастора, а сродак укладаць грошы з выгадай.

Прыход грошай з Адміністрацыі прэзыдэнта пад выглядам расейскіх капіталаўкладаньняў магчымы: Адміністрацыя не кіруецца маральнымі этычнымі прынцыпамі і ад яе можна чакаць усяго.

Апытваў Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0