З усёй краіны

Спаролі гнёзды

Днямі ў Кобрыні на чыгуначным вакзале адміністрацыя загадала зьліквідаваць усе гнёзды ластавак. Птушкі з крыкамі лёталі над галовамі “ліквідатараў”, спрабуючы ўратаваць птушанятаў і свае прытулкі. А між тым, у горадзе ластавак ужо рэдка можна ўбачыць, затое камароў ды іншае жамяры — хмары.

Дыямэнтавы пояс

На памежным пераходзе “Варшаўскі мост” мытнікі сканфіскавалі ў пасажыра турыстычнага аўтобуса 1380 каштоўных камянёў рознае велічыні заводзкай агранкі ды з указаньнем каратнае вагі. Камяні былі схаваныя ў нацельны пояс. Кантрабандыст — расеец, жыхар Екацярынбургу. Кіраваўся ён у Нямеччыну.

І. Хведаровіч, Берасьце

Дзягавічы перамаглі

Галоўны рэдактар газэты “Рэспубліка” на старонках свайго выданьня выбачыўся перад жыхарамі вёскі Дзягавічы Крычаўскага раёну. Ён прызнаў, што карэспандэнт Ўладзімер Дубавік сказіў гістарычныя факты й ня меў рацыі, калі тлумачыў гаспадарчыя няўдачы вяскоўцаў дрэннай генэтыкай. Як паведамляла “НН”, звыш 50 вяскоўцаў падпісалі ліст у рэдакцыю “Рэспублікі”, патрабуючы абвяржэньня Дубавіковага артыкулу, і ўжо сур’ёзна рыхтаваліся былі да суду.

Райвыканкам супраць ушанаваньня памяці

Крычаўскі райвыканкам не дазволіў аргкамітэту па ўшанаваньні рэпрэсаваных землякоў усталяваць мэмарыяльную дошку ў гонар крычаўцаў, зьнішчаных у 1931—53 г. На думку намесьніка старшыні райвыканкаму сп.Сівакова, вешаць дошку няма сэнсу, бо ў кнізе “Памяць”, якая хутка выйдзе, будуць прозьвішчы ўсіх рэпрэсаваных.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Перадсьмяротная просьба немца

Адноўленая Сьвята-Пакроўская царква ў Мілаславічах (Клімавіччына). Яна была пабудаваная ў ХІХ ст. У 1963 г. храм канчаткова зачынілі, і ён пачаў разбурацца. Сабраных людзьмі сродкаў на адбудову царквы не ставала. Дапамаглі немцы, што прывозяць у раён гуманітарную дапамогу. Асабліва блізка да сэрца клопат прыняў Адам Троер, які, паміраючы, папрасіў сваякоў і сяброў прыйсьці на пахаваньне ня з кветкамі і вянкамі, а з ахвяраваньнямі для царквы ў Мілаславічах. Так было сабрана 3550 даляраў.

“Родная ніва”

Галёшы для аўганцаў

Крычаўскі завод гумавых вырабаў выйшаў на міжнародны рынак. Цяпер штомесяц да канца году ён будзе экспартаваць два вагоны галёшаў у Аўганістан. Абодва бакі задаволеныя, праўда, спатрэбілася крыху дапрацаваць “дызайн” абутку.

“Ленінскі кліч”

Вада за грошы

Пастаўскія камунальнікі перакрылі ваду тым, хто ня плаціць за кватэру. Усе ранейшыя выхаваўчыя меры — ад спагнаньня грошай праз суд да зьмяшчэньня сьпісу вінаваўцаў у “раёнцы” — выявіліся марнымі. За апошнія месяцы сьпісы тыя толькі пабольшалі. Каб ня лётаць на двор зь вёдрамі, людзям трэ будзе заплаціць і за кватэру, і за паўторнае падключэньне. Гэтая паслуга каштуе 21 тыс. рублёў.

Зьнік актор Баляслаў Сяўко

2 чэрвеня паехаў на лецішча ды зьнік актор Коласаўскага тэатру Баляслаў Сяўко. Першы тыдзень яго шукалі сваякі ды калегі, на другі далучылася міліцыя, на трэці фатаздымкі зьніклага зьявіліся ва ўсіх віцебскіх газэтах… На жаль, дагэтуль зьніклага Б.Сяўка ніхто ня бачыў, хоць гэтага артыста ведаюць у твар ды маглі б пазнаць сотні віцебскіх гледачоў.

А.Т., Віцебск

Вандалы ў Красьніцы

Вёску Красьніца, што на Івацэвіччыне, немцы ў вайну спалілі разам з жыхарамі. На яе месцы — сярод лесу, убаку ад дарог — людзі паставілі помнік. Але нелюдзі, шукаючы каляровых мэталаў, дапялі й туды. Вандалы сьцягнулі з помніка пліту, разбурылі і зьнявечылі агароджу вакол брацкай магілы.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Аўтобус у Смаленск

Зь мiнулае пятнiцы памiж Магiлёвам i Смаленскам пачалi курсаваць рэйсавыя аўтобусы. Хадзiць яны будуць двойчы на дзень у пятнiцы, суботы i нядзелі. Цяперака ў магiлёўцаў зьявiлася добрая магчымасьць бліжэй пазнаёмiцца зь першай сталiцай савецкае Беларусi.

Мiкола Кiсель

Abrez za šafkaj

Na Baranavickim zavodzie sianažnych viežaū milicyjanty znajšli ahniapalnuju zbroju. Samarobny pułhak z karotkaj rulaj zachoūvaūsia ū harderobie, za šafkaj adnaho z rabočych.

Kaściol rychtuje žurnalistaū

Škola žurnalistyki j kamunikacyji pry kulturna-relihijnym časopisie “Dyjaloh” Baranavickaha ryma-katalickaha kaściołu Maci Božaj Facimskaj vypuściła ū červieni pieršych 13 słuchačoū. Na praciahu dvuch hod, pa vychodnych, z usioj Biełarusi (Miensk, Horadnia, Babrujsk, Vaūkavysk, Maładečna) źjaždžalisia jany ū Baranavičy na vučobu. Sioleta ūsie vypuskniki paśpiachova abaranili dyplomnyja pracy. Viadziecca nabor na nastupnyja 2 hady.

Handlary kabietami

Baranavickaja siamja — muž z žonkaj — handlavali ludźmi. Tak, za 1500 niamieckich marak jany pradali letaś u Polšču 21-hadovuju žančynu. Krychu paźniej — 22-hadovuju (za jaje atrymali 800 marak). Abiedźviuch žančynaū u Polščy zmusili handlavać saboj. Na žal, “pradprymalniki” zdoleli ūciačy ad zakonu za miažu.

Rusłan Raviaka, Baranavičy

Удакладненьне пра каталёгі “Otto”

У “НН” №24 прачытаў навіну І.Хведаровіча зь Берасьця пад назвай “Замова за 10 тысяч”. Маю да яе ўдакладненьне. Названая там паслуга – замова рэчаў па нямецкіх каталёгах – існуе на поштах усёй краіны. Дый прыдумалі яе, відаць, не берасьцейскія паштавікі. Магчымасьць паглядзець на працягу 1–2 сутак каталёг не каштуе нічога, 10 тысяч рублёў пакідаюцца ў заклад. Каштуе ж сама замова 15% ад кошту ўпадабанай рэчы – гэта калі яна каштуе да 100 даляраў ЗША. Калі болей – да цаны дадаецца яшчэ 30% мытнага збору. Замовіць можна ня ўсё: дастаўляюць пасылкі вагой да 31,5 кг, не прывязуць мэблі, мабільных тэлефонаў і зброі. Так што дарма аўтар гэтак няправільна й павярхоўна падае зьвесткі.

Дзьмітры Вінчэўскі з tut.by

 

цуд тыдня

Квасьнеўскі далажыў Статкевічу пра далучэньне Беларусі да шэнгенскай зоны

Лідэр Народнай Грамады Мікола Статкевіч сустрэўся ў Варшаве з прэзыдэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім. Пабачыліся на хвілінку — у часе канфэрэнцыі “Бачаньне эўрапейскага адзінства”, што праводзілася пад патранажам польскага лідэра. Паводле інфармацыі прэс-службы БСДП (НГ), падчас спатканьня А.Квасьнеўскі выказаў думку, што “прыйшоў час абмеркаваць магчымасьць пашырэньня дзеяньня шэнгенскіх пагадненьняў пра бязьвізавы рух людзей у Эўрасаюзе ня толькі на Калінінградзкую вобласьць, але і на Беларусь”. Калі гэта жарт — прыемна. Калі сур’ёзна — удвая.

Фэст у Наваградку запомніўся:

Міндоўгам паўсюль. Яму была прысьвечаная большасьць імпрэзаў: турнір, фігура зь пяску, каранацыя.

Лянотнымі рыцарамі, якія пасьля бяссоннае начы не жадалі ані біцца міжсобку, ані забаўляць публіку.

Імклівым, але нядоўгім бугуртам, на якім ваяры ня слухаліся сваіх ачольцаў, за што й былі разагнаныя міліцыяй і арганізатарамі.

Дажджом, што змыў трон і карону пясчанага Міндоўга, пакінуўшы адну пахмурную рудую галаву.

Майстрамі з Браслаўскага музэю, якія на вачах публікі плялі кашы, ткалі, ляпілі гліняны посуд, давалі пісаць на васковых дошках, пяклі бліны на глінянай печы.

Вялікай колькасьцю міліцыянтаў, на фоне якіх фатаграфаваліся дамы.

Доўгім чаканьнем штурму замку і неадпаведна хуткасным штурмам.

Выдатным канцэртам на гарадзкім пляцы. Музыкі зь Беларусі, Расеі, Латвіі, Чэхіі, Польшчы працавалі за грошы, відаць, таму й выклаліся напоўніцу.

Міна Доўгі,
 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0