05.07.2002 / 13:00

Бітва за Мазыр

№ 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.


Бітва за Мазыр

Канцэрн “Слаўнафта” пераходзіць з рук у рукі

Працягваецца барацьба між расейскімі палітычна-фінансавымі кланамі за кантроль над кампаніяй “Слаўнафта”. Пэрыяд “двухкаралеўя” ў кампаніі скончыўся перамогай Юр’я Суханава, чалавека ельцынскай “сям”і”.

Расейская дзяржава валодае 55% акцый “Слаўнафты”, 10,8% кантралюе Беларусь. У траўні, падчас выбараў новага прэзыдэнта кампаніі, беларусы разам зь пецярбурскім “Міжпрамбанкам” Сяргея Пугачова падтрымалі Анатоля Бараноўскага. Але перамог Юры Суханаў, за якім стаяла “Сібнафта” Рамана Абрамовіча, прэм’ер Касьянаў і Барыс Ельцын. Тады з дапамогай міністра ўнутраных справаў Барыса Грызлова і намесьніка старшыні ФСБ Юр’я Заастроўцава экс-прэзыдэнт Гуцарыеў самавольна заняў офіс кампаніі, а Юр’я Суханава туды не пусьцілі на той падставе, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа.

Толькі ў аўторак канфлікт быў урэгуляваны. Абышлося без страляніны. Проста, кажучы стрыманай мовай міліцэйскага пратаколу, “міліцыя перастала забясьпечваць прысутнасьць Гуцарыева ў офісе кампаніі”. Верагодна, канфлікт вырашыў сам Пуцін.

Юры Суханаў будзе надалей ачольваць “Слаўнафту”. На восень заплянаваны продаж у прыватныя рукі амаль 20% акцый кампаніі, якія цяпер належаць расейскай дзяржаве.

Крызыс у “Слаўнафце” выклікаў зьніжэньне аб’ёмаў пастаўкі нафты ў Беларусь. Паводле інфармацыі прэзыдэнта кампаніі “Белнафтахім” Івана Бамбізы, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, які ўваходзіць у склад канцэрну “Слаўнафта”, цяпер не атрымлівае патрэбных аб’ёмаў сыравіны. Пад пагрозай апынулася і рэканструкцыя прадпрыемства, у якую ўжо ўкладзена 60 млн. даляраў. У чэрвені амаль на траціну зьменшыліся і аб’ёмы перапрацоўкі расейскай нафты ў Наваполацку.

Праўда, “Слаўнафта” не найбуйнейшы яе пастаўшчык у нашу краіну. Самы буйны — кампанія “Сургутнафтагаз”. Яна плянуе паставіць у Беларусь у трэцім квартале сёлета 1,1 млн. тонаў нафты. “Слаўнафта” з сваімі 340 тыс. тон займае толькі пятае месца па аб’ёмах паставак пасьля “Юкасу” (790 тыс. т), “Сібнафты” (607 тыс. т) і “Лукойлу” (565 тыс. т). Калі ж лічыць ад пачатку году, дык Беларусь атрымала нават болей нафты, чым плянавалася. Усяго за год мы павінны імпартаваць з Расеі 13 млн. т чорнага золата. Самі ж здабываем 2 млн. т.

Параза Гуцарыева — гэта яшчэ адзін удар з Расеі па Аляксандру Лукашэнку, які меў з Гуцарыевым добрыя адносіны.

Алег Тачоны


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру