Ціснуць з усіх бакоў

Ніжняя палата парлямэнту ЗША атрымала на разгляд тэкст законапраекту “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Яго прапанаваў сустаршыня Хельсынскай камісіі Кангрэсу ЗША Крыстафэр Сьміт. Законапраект прадугледжвае жорсткія эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і фінансавую дапамогу апазыцыі.

Дакумэнт такога кшталту зьявіўся яшчэ ў лістападзе 2001 г. ды моцна абнадзеіў апазыцыю. Тады сэнатар Джэсы Гелмз прапанаваў гэты праект на разгляд Сэнату. Цяпер жа яго атрымала і Палата прадстаўнікоў. Для таго каб законапраект стаўся законам, патрэбна пастанова дзьвюх палатаў Кангрэсу. Чакаецца, што “беларускае пытаньне” будзе разглядацца сёлета не раней за верасень.

Праекты прадугледжваюць ня толькі санкцыі супраць існага рэжыму (забарона стратэгічнага экспарту ў Беларусь, блякаваньне актываў Беларусі ў ЗША, забарона на ўезд у ЗША вышэйшых беларускіх чыноўнікаў і іх сем’яў ды інш.), але і дапамогу апазыцыйным сілам.

Сьмітаў праект розьніцца ад Гелмзавага. Так, замест прапанаваных Гелмзам 30 млн. даляраў на разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі на 2002 г., Сьміт прапануе 40 млн., але на два гады — 2003 і 2004-ы. У новым дакумэнце прысутнічае й згадка пра гандаль зброяй. Так, прэзыдэнт ЗША, у выпадку прыняцьця закону, мусіць прадставіць у Кангрэс інфармацыю пра гэты гандаль і пра “асабістыя актывы і маёмасьць” Аляксандра Лукашэнкі. Апроч таго, у Сьмітавым праекце Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня ўжо не называецца легітымным парлямэнтам Беларусі.

А. Т.


Мы папрасілі лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, намесьніка старшыні ВС Анатоля Лябедзьку патлумачыць, што азначаюць гэткія зьмены.

“Адсутнасьць згадкі пра легітымнасьць Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ніяк не паўплывае на ягоны лёс. – кажа А.Лябедзька. – Ёсьць біль, прыняты Кангрэсам ЗША каля двух гадоў таму. Там пацьвярджалася, што Вярхоўны Савет – гэта легітымная структура. І яго ніхто не адмяняў”.

Па словах Анатоля Лябедзькі, на адным з апошніх паседжаньняў Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня было вырашана, што ягоныя паўнамоцтвы будуць перададзеныя новаму дэмакратычным чынам абранаму парлямэнту. Такая ж пазыцыя і ў амэрыканскага боку, які па-ранейшаму не прызнае палаты прадстаўнікоў. Вярхоўны Савет цяпер адмовіўся ад прыняцьця заканадаўчых актаў і зьяўляецца генэратарам ідэяў, ініцыятываў (можна згадаць нядаўні Круглы стол апазыцыйных палітычных партый, сабраны па яго ініцыятыве), а таксама захоўвае традыцыі пераемнасьці, лічыць Лябедзька.

У гэтым апошнім ён дублюе Раду БНР. Анатоль Лябедзька пагаджаецца, што пэўныя паралелі ёсьць, аднак ён лічыць, што “структура ВС бліжэйшая да Беларусі” і яшчэ нядаўна прызнавалася Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0