Навіны гаспадарскія

КАБ ПРАДАЦЬ ДОМ, кватэру ці гараж, цяпер трэба мець даведку з падатковай інспэкцыі аб сплачаных падаходным і зямельным падатках.

КАРТКУ ДЛЯ ТЭЛЕФАНАВАНЬНЯЎ зь іншых краінаў у Беларусь вырабіў “Белтэлекам”. Кошт хвіліны размовы — 532 рублі. Карыстацца карткамі можна ў Расеі, Літве, Вугоршчыне, Нямеччыне, Швайцарыі і Фінляндыі.

ЧЭРВЕНЬСКАЯ СУХАТА зьнішчыла 3% плошчаў жыта і 9% рапсу. Найбольш пацярпеў ад сьпёкі ўсход краіны.

ПАДАРАЖЭЛІ камунальныя паслугі. Вада, каналізацыя і ацяпленьне — на 0,4%, вываз сьмецьця — на 10%, тэхабслугоўваньне дамоў — на 50%, карыстаньне ліфтам — на 70%.

15%-Я ЗЬНІЖКІ па падатку на прыбытак атрымалі прадпрыемствы чарнобыльскай зоны. Падатковая льгота захаваецца цягам 5 гадоў.

ГАНДАЛЬ З РАСЕЯЙ скараціўся за студзень—красавік на 4,5% (у параўнаньні з такім самым пэрыядам летась). Наша краіна зьменшыла экспарт харчаваньня, а таксама імпарт нафты і газу. На Расею прыпадае 56,7% замежнага гандлю Беларусі.

МАЛАКО, МАСЛА І СЬМЯТАНА на Віцебшчыне патаньнеюць на 10%. Гэтак тут маюць супрацьстаяць расейскім прадуктам харчаваньня.

НАЦЫЯНАЛІЗАВАЦЬ “АЛІВАРЫЮ” — такая ідэя зьявілася ў віцэ-прэм’ера Папкова. Вытворчасьць піва на бровары сёлета зьменшылася на 17%. Міністэрства эканомікі пакуль супраць: дзяржава ня мае ніводнай акцыі “Аліварыі”.

АД ДЭКЛЯРАВАНЬНЯ ДАХОДАЎ вызваляюцца грамадзяне, якія набудуць акцыі прадпрыемстваў ці іх маёмасьць на суму да 15 тыс. базавых велічыняў (150 млн. рублёў). Раней дэклярацыю маглі не падаваць тыя, хто набываў акцыі ці маёмасьць на суму да 2 тыс. базавых велічыняў. Такі крок дапаможа прыцягнуць інвэстыцыі й зьменшыць ценявы сэктар эканомікі.

С.І.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0