05.07.2002 / 13:00

Чачэнскія партызаны згадваюць пра беларускіх

№ 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.


яны пра нас

Чачэнскія партызаны згадваюць пра беларускіх

На сайце “Каўказ-цэнтар” пад загалоўкам “Жыве Беларусь!” зьявіўся артыкул пра Беларусь, у якім распавядаецца пра падрыхтоўку расейскім кіраўніцтвам ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці. Мы перадрукоўваем публікацыю з “Каўказ-цэнтру” са скаротамі.

Імпэрыя зноў паказвае іклы, гэтым разам гледзячы ў заходнім напрамку. Так званы “расейска-беларускі саюз” дайшоў да натуральнай і непазьбежнай стадыі свайго разьвіцьця — да аншлюсу. Патрабаваньне, якое дзіка гучала пры Ельцыну, — патрабаваньне, каб Беларусь папросту ўвайшла ў склад Расеі, — цяпер адкрыта агучана Пуціным як дзяржаўная палітыка Расеі. Палітыка падрыхтоўкі аншлюсу і новай акупацыі Беларусі.

І сапраўды, “саюз”, у якім Расея, па словах Пуціна, складае 97%, а Беларусь — толькі 3%, глядзеўся б дзіўна. Неадпаведнасьць вагавых катэгорый надта кідалася ў вочы, каб можна было паверыць у “роўнасьць” правоў гэтых “партнэраў”. Адным з вынікаў гэтага была кепска замаскаваная ксэнафобія гэтак званых “правых” (Дэмакратычны выбар Расеі, затым Саюз правых сілаў) наконт таго, што, маўляў, нам давядзецца карміць эканамічна адсталую Беларусь за свой кошт; што хітры Лукашэнка хоча заняць маскоўскі трон; што іх таталітарная дыктатура пагражае нашай “дэмакратыі” і да т.п. Чым сама Расея пагражае Беларусі — а гэта як-ніяк страта дзяржаўнасьці і паскораная асыміляцыя — “правыя” нават не задумваліся. Пра “левых” і ўсялякіх чырвона-карычневых шавіністаў, для якіх беларусаў як асобнай ад расейцаў нацыі наагул ніколі не існавала, няма чаго й казаць. На асялку нацыянальна-каляніяльнага пытаньня наагул, і беларускага ў прыватнасьці, мала хто з расейскіх палітыкаў вытрымліваў праверку і выяўляўся вартым даверу прыгнечаных Расеяй народаў.

Карацей кажучы, “абвастрэньне расейска-беларускіх адносінаў”, нечаканае для цэлай плоймы журналістаў, камэнтатараў і палітолягаў, нічога новага ў сабе ня мае. Адбываецца тое, што мусіла рана ці позна адбыцца: апэтыты падужэлай пуцінскай імпэрыі ўзмацняюцца падчас яды. Адных чачэнцаў ёй ужо мала, яна цяпер разявае сваю пашчу і на Беларусь. Спадчыньнікі апрычніны Івана Жахлівага зноў рыхтуюцца рэзаць, страляць пераемнікаў Вялікага Княства Літоўскага — адной з самых цывілізаваных эўрапейскіх дзяржаваў свайго часу, якая прыняла трэцюю па ліку канстытуцыю якраз у часы маскоўскай апрычніны… Хто наступны на гэтай крывавай бяседзе?

На шчасьце, апазыцыя ў Беларусі нашмат большая і мацнейшая, чым у Расеі. Іх суадносіны нібыта зваротна прапарцыйныя велічыні гэтых краінаў. Апазыцыя гэтая мае нацыянальны характар, адстойвае вечныя каштоўнасьці, накшталт права свайго народу на існаваньне, на самавызначэньне, незалежнасьць, на сваю мову і культуру, таму перамагчы яе будзе няпроста і новым захопнікам, улічваючы досьвед традыцыйнай беларускай “партызанкі” яшчэ часоў другой сусьветнай… Для беларускай апазыцыі цяперашняе пуцінска-лукашэнкаўскае “абвастрэньне” — толькі нагода яшчэ шчыльней сьціснуць шэрагі, яшчэ раз прыгадаць усю горкую гісторыю маскоўскага панаваньня на беларускіх, польскіх, украінскіх землях і ясьней усьвядоміць “цану пытаньня” — існаваньне незалежнай беларускай дзяржавы.

Найбольш радыкальная частка апазыцыі — напрыклад, Зянон Пазьняк і ягоная частка БНФ, арганізацыі кшталту “Край” і “Беларускага вызвольнага войска” — заўсёды разумела, што галоўная небясьпека не ў Лукашэнку. Больш памяркоўнай частцы апазыцыі, якая кідала ўсе сілы на барацьбу зь ім, давядзецца перабудоўвацца і радыкалізавацца. Вось і Вінцук Вячорка, лідэр іншай часткі Беларускага народнага фронту, у сувязі з апошнімі падзеямі ўжо сфармуляваў агульны пункт гледжаньня апазыцыі дастаткова ясна: “Незалежная, дэмакратычная, эўрапейская Беларусь. Аніякіх кабальных “саюзаў”, якія адсякаюць нас ад эўраатлянтычнай цывлізацыі. …Беларусь — у Эўропу! Гэта цывілізацыйны выбар. Фронт павінен заявіць пра сябе як праэўрапейская сіла…”.

Лукашэнкавы надзеі на найвышэйшую пасаду ў Крамлі рухнулі ў 2000-м са зьяўленьнем Пуціна. І вось ужо і Лукашэнка, як які-небудзь “нячэсны” апазацыянэр-БНФавец, вымушаны бараніць сваю дзяржаву ад надта моцных абдымкаў занадта “вялікага” суседа. У новым “Заходнім краі” (так звалася закабалёная Беларусь пры царах), ён ня будзе патрэбны абсалютна нікому, і ён гэта цудоўна ўсьведамляе. Ён змагаецца за сваю ўладу і гатовы дзеля яе захаваньня паддобрывацца нават да Захаду, нягледзячы на сваю вельмі кепскую там рэпутацыю. Важна толькі разумець, што, адвяргаючы з гневам і агідай любыя ідэйкі пра “ўваходжаньне ў склад”, мы абараняем разам зь беларускім народам і апазыцыяй зусім не рэжым Лукашэнкі, а нацыянальную дзяржаву беларусаў. Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а народ застаецца.

Нічога, апроч пагарды, не выклікае Саюз правых сілаў са сваім кепска замаскаваным шавінізмам, актывісты якога прыйшлі да беларускага пасольства ў Маскве размахваць расейскімі трыкалёрамі ў Дзень незалежнасьці Расеі. Расея залівала Беларусь крывёю не адзін раз у яе гісторыі. Менавіта карнай экспэдыцыяй супраць польска-беларускага паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі ў 1794 г. беларусам помны “вялікі палкаводзец” імпэрыялістычнай Расеі Сувораў — помны як кат, карнік і мясьнік, правобраз цяперашніх Казанцавых і Трошавых.

Шлях беларускага народу зь яго старадаўняй эўрапейскай гісторыяй — у Эўропу, у Эўрасаюз і NATO, а не пад ярмо новай бізантыйскай крамлёўскай аўтакратыі. Няхай захопнікі не разяваюць на яе сваіх ратоў, а то і пад Менскам і Горадняй партызанам давядзецца ўціхамірваць іх імпэрскія апэтыты тымі ж сродкамі, якімі робяць гэта цяпер пад Шалі і Джахарам партызаны другога няскоранага народу. Жыве Беларусь! Жыве вечна!

Барыс Стамахін,
www.kavkaz.org


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру