05.07.2002 / 13:00

Палякі хочуць, каб хлеб не ўрадзіў

№ 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.


перавытворчасьць

Палякі хочуць, каб хлеб не ўрадзіў

Да шэрагу гучных выступаў “Самаабароны” Анджэя Лепэра, якога часта параўноўваюць з Лукашэнкам, далучылася высыпаньне імпартнага збожжа з вагонаў проста на рэйкі.

На пачатку чэрвеня на адной з чыгуначных станцый Варшавы група дэпутатаў польскага Сойму з партыі “Самаабарона” на чале зь Лепэрам заблякавала таварняк, што вёз зь Нямеччыны 50 тонаў збожжа. Проста перад тэлекамэрамі пан Анджэй патлумачыў, што “імпартаваць хлеб напярэдадні жніва, калі польскія элеватары перапоўненыя, — злачынства”.

Акцыя “Самаабароны” была задуманая гэтай крайне левай партыяй як прэлюдыя да парлямэнцкіх дэбатаў пра сытуацыю ў сельскай гаспадарцы Польшчы, што мусілі адбыцца назаўтра. “Мы засыплем Сойм збожжам, якое ня можам прадаць, а калі нас не дапусьцяць да Сойму — дык якое-небудзь ажыўленае варшаўскае скрыжаваньне. Грузавікі ўжо выехалі”, — палохаў ён.

“Такой цяжкой сытуацыі ў нас яшчэ не было за апошнія 12 год. Крызыс ва ўсіх галінах сельскагаспадарчай вытворчасьці”, — гэтак віцэ-прэм’ер, міністар сельскай гаспадаркі і лідэр памяркоўнае Польскае сялянскае партыі Яраслаў Каліноўскі пачаў свой выступ у Сойме. Асабліва напружанае становішча ўтварылася на рынку збожжавых. Цяпер у польскіх сьвірнах заляжаліся 3—4 млн. тонаў леташняга збожжа, якія няма каму прадаць. (Для параўнаньня, цэлая Беларусь штогод зьбірае 6—7 млн.) Сытуацыя ўскладняецца тым, што, паводле гандлёвай дамовы, падпісанай былым міністрам сельскай гаспадаркі, з 1 ліпеня гэтага году Польшча абавязалася імпартаваць з краінаў Эўразьвязу 480 тыс. тонаў збожжа бязмытна, што робіць яго значна таньнейшым за мясцовае. Невыкананьне дамовы з ЭЗ можа мець неспрыяльныя для краіны вынікі. За згоду на імпарт бяспошліннага збожжа з Эўразьвязу палякі атрымалі права на такіх самых умовах экспартаваць туды гародніну, ягады, каніну і грыбы. І ў выпадку адмовы Польшча больш страціла б на экспарце, чым ашчадзіла б на абмежаваньні імпарту.

Дзяржава пад ціскам сялянскіх партый і фэрмэрскіх прафсаюзаў закупляе ў гаспадароў збожжа па завышаных цэнах, а потым ня мае каму яго прадаць, бо пакупнікі аддаюць перавагу таньнейшаму і ня менш якаснаму тавару з-за мяжы. Тыднёвік “Polityka” піша, што летась, калі лішак збожжавых склаў 2,5 млн. тонаў, урадавае Агенцтва сельскагаспадарчага рынку плаціла за тону збожжа 600 злотых (каля 150 даляраў), тады як на рынках ЭЗ яна каштавала 110 даляраў. “Нічога дзіўнага, што ў краіну завезьлі 2 млн. з гакам тонаў пшаніцы. Ня толькі па льготных ці нулявых мытных тарыфах, але і кантрабандай”, — паведамляе “Polityka”.

З-за завышаных цэнаў на хлеб у Польшчы даражэе й іншая сельгаспрадукцыя. Склады ломяцца ня толькі ад збожжа, але й ад ялавічыны, сьвініны, птушкі, цукру. Карацей, ВУП і да ВУПу!

Прычыны гэтай сытуацыі ў сельскай гаспадарцы прадстаўнікі розных палітычных сілаў бачаць па-рознаму. Кааліцыя левых партыяў, баронячы свой урад, усю віну складае на папярэднікаў-правых і асабіста на былога сельгасміністра Артура Балазса, які падпісаў з ЭЗ дамову пра бязмытны імпарт збожжа. Дастаецца і кіраўніку Нацбанку Лешаку Бальцаровічу за ягоны манэтарызм і “моцны злоты”. Апазыцыя — правыя і цэнтрысты — вінавацяць левы ўрад і асабіста Каліноўскага за іхную марудлівасьць і некампэтэнтнасьць.

Яраслаў Каліноўскі прапанаваў такі плян выратаваньня айчыннай сельскай гаспадаркі: адкласьці імпарт эўрапейскага збожжа, даць урадавыя гарантыі фірмам, якія на замову дзяржаўнага Агенцтва сельскагаспадарчага рынку будуць скупляць збожжавыя ў польскіх фэрмэраў. Міністэрскі плян прадугледжвае і ўрадавую дапамогу айчынным вытворцам і экспарцёрам мяса ды цукру. Агенцтва мелася ўзяць дадатковы крэдыт — 370 млн. злотых (каля 90 млн. даляраў). Гэтыя грошы могуць зьмяніць сытуацыю, каб не прыйшлося адтэрміноўваць бяспошлінны імпарт збожжа.

Рэакцыя Брусэлю на справу досыць цьвёрдая. Паводле словаў эўразьвязаўскага камісара па пытаньнях пашырэньня Гюнтэра Фэрхойгена, “гэтую праблему наўрад ці можна вырашыць шляхам накладаньня эмбарга на імпарт з ЭЗ. Праблема лішку збожжа ў Польшчы — гэта вынік няправільнай сельскагаспадарчай палітыкі апошніх год — штучнага завышэньня закупных цэнаў”.

“Праблема вёскі” ў Польшчы зьвязаная і з заплянаванымі на восень выбарамі ў органы мясцовага самакіраваньня. Папулярнасьць сярод сялянаў радыкальнай партыі “Самаабарона” хутка расьце. А тая падмацоўвае яе рознымі эфэктнымі піяраўскімі акцыямі. Калі “Самаабарона” раптам выйграе, урад ня будзе ўжо пачувацца так камфортна, як ад леташняй перамогі на парлямэнцкіх выбарах да пачатку сёлетняга жніва. Цяпер усё будзе залежаць ад ураджаю.

Павал Бурдыка


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру