05.07.2002 / 13:00

Бібліятэка

№ 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.


бібліятэка

Свабода навырост

Верш на Свабоду (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2002. — 464 с.

Ня першы год Беларуская служба радыё “Свабода” рэалізуе свае адмысловыя радыёпраекты. Калі яе дырэктарам зрабіўся Аляксандар Лукашук, там абсалютна слушна “ўлавілі” галоўную рысу беларускай мэнтальнасьці. Таму і паўсталі на тле былой ідэалягічнай аднастайнасьці гэтыя помныя сучасным беларускім радыёслухачам праекты: “Слоўнік Свабоды”, “Галасы стагодзьдзя” і “Верш на Свабоду”, які нядаўна выйшаў асобнай кніжкай.

Недзе ў падсьвядомасьці смылела стрэмкай і не давала душэўнага спакою “калектывізацыя” зборніка. За камуністамі такія выданьні называлі “братнімі магіламі”. Але ўкладальнікаў не бянтэжыла, а наадварот, падчас нават забаўляла тое, што ў Беларусі без праблем знойдзецца па адным вершаскладальніку на кожны дзень задуманай перадачы. Больш за тое, калі б трэ было знайсьці нават двух на дзень, дык і пры такім раскладзе знаходзіўся б яшчэ трэці лішні... У нас адных сяброў Саюзу пісьменьнікаў 500 чалавек з гакам, сярод якіх ня менш за тры сотні тых самых вершаскладальнікаў. І кожны зь іх, будзем спадзявацца, — патэнцыйны носьбіт свабоды. Аднак далёка ня ўсе насьмеліліся ўзяць удзел у тым волялюбным літаратурным праекце. Адныя, відаць, з палітычнай абачлівасьці (А.Пісьмянкоў, Р.Баравікова, Т.Бондар), другія — пратэстуючы супроць творчай мусовасьці альбо зь якой іншай будзённай прычыны (у зборніку чамусьці няма вершаў А.Сыса і М.Купрэева).

Вершы і паэзія — розныя рэчы. Калі паэзія ёсьць натуральнай і творчай праявай унутранай свабоды чалавека, дык верш — усяго толькі індывідуальная прэтэнзія на тую свабоду... Гэта — як спроба навучыцца лётаць у клетцы.

Шлях да зор шукала дарма я.

Вечны лёс Бабілёнскай вежы.

Нехта верш на свабоду мае.

Я ня маю свабоды на вершы.

Вось так, па-мастацку, выказала тут якраз тое, што я намагаўся выкласьці сярмяжнай прозай, Марына Шода. Аднак сумленьне “заела” толькі асобных аўтараў. У 307 беларускіх вершатворцаў (апроч іх вершаў у зборнік увайшлі пераклады з 58 вядомых замежных паэтаў) я абраў 19 тэкстаў, што, на маю думку, адпавядаюць яе вялікасьці Паэзіі, а гэта значыць, і Свабодзе. Гэтыя удалыя вершы — творы П.Марціновіча, В.Жыбуля, В.Сьлінка, Адама Глёбуса, А.Хадановіча, А.Бахарэвіча, Вальжыны Морт, А.Мінкіна, Л.Сільновай, Я.Лайкова, Г.Булыкі, М.Ніцкі, А.Філіповіча, В.Бурлак, У.Някляева, Л.Раманавай, М.Паўлавай, К.Камейшы.

Неабходна адзначыць і неардынарны верш рэдактаркі радыёпраграмы і гэтай кніжкі Валянціны Аксак, што пададзены ў прадмове да зборніка Аляксандрам Лукашуком. Ён слушна заўважыў, што “свабода — гэта мова, на якой Бог гаворыць з чалавекам, а чалавек з Богам”, і, своечасова схамянуўшыся, дадаў: “У кнізе, што вы трымаеце ў руках, — фрагмэнты гэтай размовы”...

Так, найчасьцей і на жаль — толькі фрагмэнты. Але гэта фрагмэнты нашай свабоды, імя якой — Беларушчына. Таму, чытаючы такі неабавязковы фрагмэнт, па-чалавечаму намагаешся дамысьліць арыгінальную цнатлівую мэтафару, хоць унутрана і ніякавееш:

Асьцярожна! Прыпыніце крок!

Наступілі ботам на Айчыну...

Але неўзабаве па-людзку супакойваешся, зразумеўшы спрадвечнае, выкладзенае ў трох радках Міколы Папекі з Пружаншчыны:

Свабода, як агонь:

У руках Прамэтэя – мэта сьвятая,

У руках Герастрата – вялікая страта.

І ўжо даастатку разганяеш усе свае сумневы радкамі Арцёма Лявы зь Менску, які прыдумаў дасьціпны грамадзянскі лёзунг — лепшы за тыя, што пішуць на сьценах “зубры”:

Нас многа розных – Беларусь адна.

Дзеля Радзімы будзем разам!

На прэзэнтацыю зборніка “Верш на Свабоду” ў Палацы мастацтва прыйшоў мала каму невядомы паэт Анатоль Сыс. Ён абвясьціў уласны конкурс на найлепшы верш, які ён пачуе на гэтай імпрэзе. У якасьці прызу былі выстаўленыя бутэлька віна, бляшанка кансэрваў і рарытэтны асобнік рэчыцкай раёнкі зь першай вершаванай публікацыяй паэта і ягоным аўтографам. І хто, вы думаеце, перамог?! Самая юная, дзесяцігадовая Сьвятаяна Хатэнка. Калі падчас узнагароджваньня нехта крыкнуў з залі: “Ня трэба спойваць маладыя таленты!”, — мэтр амаль цьвяроза запэўніў публіку, што віно вып’юць тыя, каму трэба...

Вось тады і цюкнула мне, што і свабода даецца толькі тым, каму яна патрэбная, хто безь яе ня можа... Свабода не прыходзіць аднекуль, яна прыходзіць ад нас.

Ле Гал


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру